Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя перапісчыкі насельніцтва ў Магілёве нават ня ведаюць пра існаваньне анкет на беларускай мове. Гэта выкрылася сёньня, калі спэцыяльна падрыхтаваныя перапісчыкі ўзгадняюць зь людзьмі час і ўмовы апытаньня для перапісных лістоў.


МАГІЛЁЎ


Перапіс насельніцтва, які пройдзе ад 14 да 24 кастрычніка — другі па ліку ў гісторыі незалежнай Беларусі. Аднак, памылкі зноў паўтараюцца. У Магілёве няма афіцыйнай інфармацыі пра магчымасьць выкарыстаньня беларускамоўных перапісных лістоў.

У Магілёве людзей наведвалі студэнты. Пытаньне пра беларускамоўныя анкеты іх бянтэжыла:
анкеты выдалі толькі на расейскай мове. ...

“Маладая дзяўчына, якая прыйшла ўзгадніць час наведваньня маёй сям’і была нагул негатовая да таго, што яе сустрэнуць беларускай мовай. Разгубілася. На нашы пытаньні пра беларускамоўныя анкеты яна вінавата адказала, што іх выдалі толькі на расейскай мове. Параіла зьвярнуцца да начальніцы. Начальніца параіла мужу прыйсьці на ўчастак і індывідуальна запоўніць анкету. Адказала што, калі вы на раёне адны такія дык нашто тады насіць тыя анкеты на мове”, — кажа жыхарка Магілёва Алена.

Просьбы аб беларускамоўных анкетах чыноўнікі выдаюць за капрызы людзей

У галоўнай статыстычнай управе Магілёўскай вобласьці запэўніваюць, што беларускамоўных анкет надрукавана ў дастатковай колькасьці. На пытаньне, чаму тады пра іх ня ведаюць перапісчыкі, супрацоўнік аддзелу па перапісе адказаў:

“Дужа вялікі корпус далі студэнтаў. Яны відаць праслухалі, калі іх вучылі. Альбо яшчэ нешта. Вось трынаццатага яны атрымаюць анкеты неабходныя, й хто пажадае ў Магілёве альбо ў Магілёўскай вобласьці запоўніць анкету на беларускай мове — ніякай тут няма складанасьці. Любы капрыз будзем выконваць. ”

“У Магілёве, Берасьці, Менску і іншых гарадах — мізэрная колькасьць беларускамоўных блянкаў”

Магілёўцы не адзіныя, якім перапісчыкі забываюць казаць пра беларускамоўныя анкеты. Гаворыць сябра рады ТБМ Дзяніс Тушынскі.
На сто расейскамоўных некалькі беларускамоўных ...

“У ТБМ паступае трывожна інфармацыя, што ў Берасьці, Менску і іншых гарадах надрукавана мізэрная колькасьць беларускамоўных блянкаў для перапісу. На сто расейскамоўных некалькі беларускамоўных. Мы заклікаем грамадзянаў Беларусі адразу ў перапісчыкаў патрабаваць толькі беларускамоўныя блянкі. Будзем зьвяртацца ў адпаведныя структуры, каб яны праводзілі больш дэталёвы інструктаж для тых хто будзе перапісваць, што такія блянкі ёсьць”.


МЕНСК


“Чыноўнікі наўмысна абмяжоўваюць колькасьць падпісных лістоў на беларускай мове”

Пра канфліктную сытуацыю ў Магілёве “Свабода” інфармавала Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі. Адказ падрыхтавала супрацоўніца камітэту Алена Кандраценка. Яна запэўнівае:
разьбяруся з тым, што адбываецца ў Магілёве ...

“Я разьбяруся з тым, што адбываецца ў Магілёве. Я таксама разумею ваш клопат. Да пытаньнях аб блянках на расейскай і беларускай мовах мы падыходзілі вельмі сур’ёзна”.

На просьбу журналіста “Свабоды” ўдакладніць, якая канкрэтна колькасьць надрукаваных ці хаця б плянуемых беларускамоўных перапісных лістоў, суразмоўца не змагла ўдакладніць. Алена Кандрацьева прызнаецца:

“На дадзены момант я не гатовая назваць гэтую лічбу”.

Старшыня Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў пераконвае, што дзяржаўныя чыноўнікі цяпер наўмысна абмяжоўваюць колькасьць беларускамоўных лістоў для апытаньня насельніцтва:

Алег Трусаў
“Чыноўнікі эканомяць на беларускай мове грошы. Да прыкладу, мне стала вядома, што на 100 рускамоўных лістоў перапісу ўсяго толькі 4 — на беларускай мове. Хаця, як мінімум, трэба было 37 на 100. Бо, паводле нават афіцыйнай статыстыкі, 37% насельніцтва Беларусі заяўляюць, што кожны дзень карыстаюцца роднай мовай. А, па-добраму, трэба было б надрукаваць 74% лістоў для перапісу на беларускай мове. Бо яшчэ 10 гадоў таму 74% насельніцтва Беларусі назвалі беларускую мову сваёй роднай мовай.

Але ж зараз чыноўнікі са скуры лезуць, каб гэтую лічбу зьменшыць” —

заявіў старшыня ТБМ Алег Трусаў. Таксама суразмоўца паведаміў, што заўтра грамадзкая Рада ТБМ прыме спэцыяльны зварот да насельніцтва Беларусі з патрабаваньнем запаўненьня перапісных лістоў на беларускай мове.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG