Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новыя цымбалы у Беларусі купіць няма дзе


”Уваходу няма”. Былая прахадная фабрыкі музычных інструмэнтаў, Барысаў

”Уваходу няма”. Былая прахадная фабрыкі музычных інструмэнтаў, Барысаў

Яшчэ нядаўна музычныя інструмэнты Барысаўскай фабрыкі можна было знайсьці ў любой спэцыялізаванай краме Беларусі. Цяпер адзінае ў краіне прадпрыемства, дзе раней вырабляліся цымбалы, прастойвае.

Шматлікія дзіцячыя музычныя школы, самадзейныя ды прафесійныя творчыя калектывы наракаюць на тое, што ня могуць абнавіць інструмэнты. Міністэрства культуры заяўляе пра патрэбу ў год ня менш як 300 новых цымбалаў.

Новыя цымбалы цяпер у Беларусі купіць няма дзе. Настаўнікі музыкі кажуць, што вучні часам перапрадаюць адзін другому старыя цымбалы. Зношаныя інструмэнты часта псуюцца, ламаюцца. Выкладчыца па клясе цымбалаў Барысаўскай музычнай дзіцячай школы спадарыня Ніна ўдакладняе:

“Вельмі крыўдна, што вытворчасьць нашага нацыянальнага інструмэнта — цымбалаў — знаходзіцца ў такім заняпадзе. Па-першае, няма новых інструмэнтаў, а тое, што ёсьць, — развальваецца. Па-другое, цяжка знайсьці струны для цымбалаў, якія таксама вырабляліся на фабрыцы.

Пра спажывецкі попыт на цымбалы гаворыць і дырэктар фабрыкі Мікалай Крот:
беларускія цымбалы карыстаюцца попытам у Злучаных Штатах Амэрыкі ...

“Міністэрства культуры мае патрэбу ў дваццаці двух цымбалах у месяц. Сайт і па сёньняшні дзень забіты заяўкамі на гэты інструмэнт. Нашы беларускія цымбалы карыстаюцца попытам у Злучаных Штатах Амэрыкі, адтуль дасылаюць заяўкі”.

Дырэктар фабрыкі разьлічвае на тое, што неўзабаве ўдасца запусьціць невялічкі цэх:

“На дадзены момант у аблвыканкаме распрацоўваецца праграма па аднаўленьні вытворчасьці цымбалаў, а тут вызначаецца памяшканьне — невялічкі цэх, — дзе будуць вырабляцца народныя інструмэнты. Раней гэта былі другасныя інструмэнты і ў агульным продажы разам зь піяніна й гітарамі прыносілі прыбытак”.

Будынак фабрыкі музычных інструмэнтаў, Барысаў

Найлепшымі для прадпрыемства сталі 80-я гады мінулага стагодзьдзя. Фабрыка вырабляла каля 30 цымбалаў у месяц, карысталіся попытам і музычныя інструмэнты для дзяцей: маленькія клявэсіны й цымбалкі. Тады на фабрыцы працавала каля трох тысячаў чалавек.

Былы дом культуры барысаўскай фабрыкі музычных інструмэнтаў, у якім выступаў Янка Купала


Пакуль жа фабрыка застаецца ў заняпадзе: цэхі стаяць пустыя, некаторыя памяшканьні былі прададзеныя на аўкцыёнах. Напрыклад, былы фабрычны дом культуры, у якім аднойчы выступаў Янка Купала, пайшоў з малатка. Пры новым гаспадары зь Менска будынак папросту разбураецца. Дырэктар Мікалай Крот канстатуе:

“Ужо два гады мы нічога не вырабляем. Працаўнікі былі звольненыя. На прадпрыемстве засталося дваццаць два чалавекі, дзевяць зь якіх — вартаўнікі...”
XS
SM
MD
LG