Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ангельскае выданьне “The Observer” піша сёньня пра сытуацыю ва ўкраінска-расейскіх дачыненьнях.

“The Observer” згадвае апублікаваны на мінулым тыдні ва Ўкраіне артыкул былога памочніка прэзыдэнта Віктара Юшчанкі па нацыянальнай бясьпецы Ўладзімера Гарбуліна, у якім ён выказвае засьцярогі, што Расея рыхтуецца расчляніць Украіну.

Самым гарачым пунктам Гарбулін лічыць Крым – тэрыторыю Ўкраіны, дзе расейскамоўнае насельніцтва пераважае. У апошнія тыдні, паводле Гарбуліна, расейскія газэты прадказваюць хуткае ўзьяднаньне Крыму з Расеяй.

“The Observer” піша, што Ўкраіна і некаторыя іншыя ўсходне-эўрапейскія краіны занепакоеныя тым, што ЗША кідаюць іх на волю лёсу дзеля “перазагрузкі” дачыненьняў з Расеяй. Абама цяпер заклапочаны праблемамі Ірану, Аўганістану ды Іраку, і мала хто сумняваецца, што ён ня прыйдзе на выручку Ўкраіне ў выпадку яе канфлікту з Расеяй.

Зь іншага боку, лічыць выданьне, і Брусэль даў Украіне зразумець, што ёй ня варта спадзявацца на ўступленьне ў Эўразьвяз у агляднай будучыні. Штопраўда, Украіну разам зь іншымі пяцьцю краінамі запрасілі ўдзельнічаць у праграме “Ўсходняе партнэрства”, але візавы рэжым для ўкраінцаў не палегчылі. Уладзімер Гарбулін уважае, што эўрапейцы негалосна дамовіліся з Масквой, што перастануць змагацца за Ўкраіну, і, паводле ўкраінскага палітыка, гэтая зьдзелка параўнальная з “мюнхенскай змовай”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG