Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форум-2000: Дэмакратыя ў Расеі – імітацыя


У Празе пачалася 13-тая міжнародная канфэрэнцыя інтэлектуалаў “Форум 2000”. Тэма сёлетняга форуму – “Дэмакратыя і свабода ў шматпалярным сьвеце”. ВІДЭАТРАНСЬЛЯЦЫЯ


Адметнасьць гэтага форуму, паводле былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, палягае ў тым, што сёлета адзначаецца 20-я гадавіна падзеньня Бэрлінскага муру і “аксамітнай рэвалюцыі” ў Чэхаславаччыне. Тады здавалася, што зараз адразу наступіць рай, але і “праз 20 гадоў ёсьць падставы для суму”.

Асноўная праблема сучаснасьці, паводле Гаўла, у тым, што сьвет пераацэньвае эканамічныя інтарэсы і ставіць іх вышэй за ўсе іншыя.

Ацэньваючы сытуацыю ў Расеі, чэскі інтэлектуал зазначыў, што расейскі рэжым штораз больш дзейнічае ў небясьпечным фармаце імпэрыялістычнай палітыкі.

Цяпер няма адкрытай агрэсіі, як у часы Брэжнева (за выключэньнем падзеяў у Грузіі), але Расея выкарыстоўвае ціск, перадусім эканамічны, для дасягненьня сваіх мэтаў.

На заявы Гаўла адгукнуўся расейскі палітык Грыгоры Яўлінскі. Ён заявіў, што Расея зусім не зьяўляецца дэмакратычнай краінай. Там створаны аўтарытарны рэжым , які нібыта мае ўсе дэмакратычныя інстытуты, але, паводле палітыка, гэта ня што іншае як імітацыя.

Паводле Яўлінскага, развал СССР у нейкай ступені быў выкліканы і пазытыўным вобразам Захаду. Цяпер Расея таксама ўспрымае Захад як пазытыўны прыклад. Таму галоўны рэцэпт для паляпшэньня сытуацыі ў Расеі ў тым, каб Захад ял сьлед навёў парадак у сябе дома.

Ад Беларусі на канфэрэнцыі прысутнічае Аляксандар Мілінкевіч, які мае выступіць каля абеду.

Жывая відэатрансьляцыя “Форуму-2000”
XS
SM
MD
LG