Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаму раяць адмовіцца ад Нобэлеўскай прэміі


У заходніх мэдыях працягваецца абмеркаваньне ўзнагароджаньня прэзыдэнта ЗША Барака Абамы Нобэлеўскай прэміяй міру. Некаторыя выданьні раяць прэзыдэнту ад прэміі адмовіцца.

Лёнданская газэта “The Times” прыводзіць выказваньні ранейшых ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. Кофі Анан і Дэсманд Туту прывіталі выбар Нобэлеўскага камітэту, а Лех Валэнса заявіў: “Занадта рана. Ён пакуль ня ўнёс ніякага ўкладу”.

Карэспандэнтка амэрыканскага тыднёвіка “Time” Нэнсі Гібс сьцьвярджае, што Нобэлеўская прэмія міру як “прыз за абяцаньні” – гэта апошняе, што сёньня трэба Бараку Абаму. Такія “падарункі” завышаюць плянку чаканьняў, але, паводле “Time”, нават фанаты амэрыканскага прэзыдэнта ведаюць, што ніводная зь яго мараў пакуль не ўвасобленая ў жыцьцё.

Нямецкае выданьне “Handelsblatt” сьцьвярджае, што Абама ўзнагароджаны дачасна, і ў выніку Нобэлеўская прэмія можа абярнуцца ў сваю процілегласьць. Паводле выданьня, прэмія можа стаць цяжарам, які перашкодзіць Абаму выканаць абяцаньні.

Карэспандэнт “Handelsblatt” Роб Кокс піша, што адзіным выйсьцем для Абамы, якое дапаможа справе міру на зямлі і палепшыць рэпутацыю амэрыканскага прэзыдэнта, зьяўляецца паўтарэньне кроку віетнамскага палітычнага дзеяча Ле Дык Тхо, які ў 1973 годзе адмовіўся ад Нобэлеўскай прэміі міру заявіўшы, што ў яго краіне сапраўднага міру яшчэ няма.
XS
SM
MD
LG