Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Шаўчэнка: Машыны лепш купляць зараз


Анатоль Шаўчэнка
Анатоль Шаўчэнка

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Анатоль Шаўчэнка, выдавец і рэдактар тыднёвіка “Аўтадайджэст”. Ён – арганізатар трэкавых гонак “Гарачы лёд” і “Круты віраж”, нацыянальнай акцыі “Спартоўцы за бясьпеку руху”. Працяглы час кіраваў Беларускай аўтамабільнай фэдэрацыяй.

Карэспандэнт: Што зараз адбываецца ў Беларускай аўтамабільнай фэдэрацыі, якую вы раней ўзначальвалі?

Шаўчэнка: Насамрэч – хаос. Я вёў там рэй шэсьць гадоў, да пазамінулага, і тады аб’ектыўна быў пэўны рух. Яго адгалосак – фінал нацыянальнай акцыі “Спартоўцы за бясьпеку руху”, які пройдзе ў Менску 18 кастрычніка. Аднак БАФ тут ні пры чым… Яна не падхапіла тое, што ўжо было напрацавана, а, наадварот, зьнішчыла створаны падмурак.

Карэспандэнт:
Дарэчы, калі на пасадзе кіраўніка БАФ вас зьмяніў міністар транспарту спадар Сасноўскі, казалі, што такім чынам арганізацыі лягчэй узяць на сябе, як кажуць, большы груз. Бяруць?

Шаўчэнка: Вось гэтага якраз і не атрымалася, хоць абяцаньняў было шмат. Маўляў, яму ж можна нават наўпрост кантактаваць з прэзыдэнтам! Але ўсё засталося ў плянах. Затое рэальныя пазыцыі зараз на мяжы выміраньня. Узяць папулярныя трэкавыя гонкі – сёлета летні чэмпіянат сарваны. Гэтаксама ніводнага этапу па хуткаснаму манэўраваньню. Хоць людзі хацелі ехаць! Фэдэрацыя зараз пераўтварылася ў дойную карову: як па мне, дык гэта папросту разбазарваньне сродкаў.
Фэдэрацыя зараз пераўтварылася ў дойную карову: гэта папросту разбазарваньне сродкаў

Карэспандэнт: Навошта наагул спатрэбілася “адзяржаўліваць” гэтую арганізацыю?

Шаўчэнка:
Калі не памыляюся, некалі да мяне яе ўзначальваў “аж” міністар сельскай гаспадаркі… І хоць нічога ў яго не атрымалася, спробу паўтарылі ў 2008-м. І зноў нічога на выхадзе, як кажуць. Дык навошта? Напэўна, ад імкненьня да ўсеагульнай кіраванасьці… Для большай… якое тут лепш слова знайсьці… Во: напэўна, размова пра падкантрольнасьць – усё ж такі гэта грамадзкае аб’яднаньне... Таму, напэўна, не бяз гэтага… Хаця ў прынцыпе ня бачу тут аніякай крамолы – але пры адной умове: каб дзяржава рэальна хацела дапамагаць і весьці за сабой, а такія магчымасьці ў яе ёсьць.

Карэспандэнт: Вы – кіруеце вядомым ў сьвеце аўтааматараў тыднёвікам “Аўтадайджэст”, таму можаце намаляваць партрэт сучаснага беларускага кіроўцы-аўтааматара. Скажыце, калі ласка, колькі народу ў нас маюць аўто?

Шаўчэнка:
У Менску – кожны трэці.

Карэспандэнт: Што ўяўляе сабой парк аўтамабіляў краіны: гэта ў асноўным “эўрапейцы” ці “японцы”, “амэрыканцы”?

Шаўчэнка:
Паступова-паступова вагі схіліліся на карысьць эўрапейскіх аўтамабіляў.
Усё больш за апошнія гады тры на рынак сталі прабівацца францускія машыны, найперш “Рэно.

Карэспандэнт: Якія маркі найперш любяць беларусы?

Шаўчэнка: Першынство належыць “Фольксвагену”. Такім чынам – ён, “Форд”, “Опель”. Па колькасьці. Зь іншага боку, усё больш за апошнія гады тры на рынак сталі прабівацца францускія машыны, найперш “Рэно”.

Карэспандэнт: Часьцей людзі карыстаюцца паслугамі перагоншчыкаў, сэрвісных цэнтраў ці – ідуць на аўтарынкі?

Шаўчэнка: Зразумела, новыя аўтамабілі ў першую чаргу прадаюць афіцыйныя дылеры. Хоць ёсьць у пэўнай ступені і “шэры” бізнэс. Што тычыцца “бэушных”, то ў асноўным іх купляюць на аўтарынках. Або праз абвесткі. На замову – калі адмыслова для вас машыны дастаюць у Эўропе ці Амэрыцы або Азіі, адважваюцца далёка ня ўсе. Людзі аддаюць перавагу схеме “бачу тавар – бярыце мае грошы – аддавайце яго”. А як грошы аддаваць наперад, то ёсьць вельмі шмат выпадкаў, калі кампанія зьбірае сродкі і раптоўна зьнікае.

Карэспандэнт:
Што ўяўляе сабой сучасны беларускі аўтарынак?

Шаўчэнка: На ім адбылося пераразьмеркаваньне: больш дарагія аўтамашыны прадаюцца ў асноўным на сталічным рынку “Малінаўка”, а таньнейшыя – у “Ждановічах”. Кожны выбірае па сваёй кішэні.

Карэспандэнт: Тады пра яе – кішэню: ва ўсім сьвеце аўтамабілі найперш набываюць праз крэдытаваньне, а ў нас на распараджэньне Нацбанку валютныя крэдыты забаранілі. Гэта адбілася на пакупніцкай здольнасьці?
Калі аўтамабілісты захочуць, то, напэўна, зрабіць можна вельмі многа.

Шаўчэнка: Так, і асабліва калі размова пра куплю-продаж новых аўто. Другасны рынак ад гэтага таксама пацярпеў, аднак ня ў той самай ступені. Бо тры, чатыры, пяць, ну – сем тысяч людзі яшчэ неяк мелі на руках, а вось ужо коштам вышэй за дзясятку – найчасьцей прадаваліся па крэдытах. Цяпер усё…

Карэспандэнт: Па ўсёй Беларусі ствараюцца, так бы мовіць, аўтабрэндавыя суполкі – клюб аматараў СААБУ, БМВ, Таёты ды іншых. Там дзеляцца інфармацыяй, дапамагаюць з рамонтам… Ну, а ці здольныя аўтааматары аб’яднацца дзеля вырашэньня нейкіх прынцыповых пытаньняў? Нагадаю нашым слухачам, што была хваля пратэсту супраць забароны таніроўкі, ўзгадаю таксама “жывы шчыт” – а сёньня яны здольныя аб’яднацца супраць куды большай небясьпекі, маю на ўвазе размовы пра падвышэньне так званай “растаможкі”?

Шаўчэнка: Калі аўтамабілісты захочуць, то, напэўна, зрабіць можна вельмі многа. Іншая рэч – не магу меркаваць са свайго ўзроўню наконт таго, варта ці не, і ці будзе народ страйкаваць з-за ідэі падняць “растаможку”. Згадайце: у нас ужо ня раз былі падвышэньні, але народ усё гэта праглытвае…
Для той часткі беларусаў, якія купілі сабе машыны тысяч па пяць ды некалькі гадоў паезьдзілі на іх, падвышэньне мыта выгоднае

Карэспандэнт: А ў чым, дарэчы, плянуемая сутнасьць падвышэньня “растаможкі”?

Шаўчэнка: З кім у нас “саюзная дзяржава”? З Расеяй. Вось і паўстала пытаньне сярод іншага пра кансэнсус у мытнай палітыцы. Для той часткі беларусаў, якія купілі сабе машыны тысяч па пяць ды некалькі гадоў паезьдзілі на іх, гэткае падвышэньне мыта выгоднае: зь яго улікам здолеюць прадаць тыя добра выкарыстаныя аўто ўжо за шэсьць ці, скажам, сем тысяч – лічбы умоўныя, але сутнасьць прыблізна ў гэтым. Аднак, вось вам другі бок мэдаля: за новую для сябе замежную “тачку” яму ўжо давядзецца таксама заплаціць больш. Падсумоўваю: пры любым раскладзе для тых, хто ўжо мае аўто, свайго роду кампэнсацыя была б.

Карэспандэнт: А пра якія лічбы меркаванага мыта гавораць у вашых прафэсійных колах? Ці праўда, што яна можа падняцца у пяць разоў?

Шаўчэнка: Пэўную інфармацыю на гэты конт я чуў літаральна ў пятніцу ад заснавальніка кампаніі, якая гандлюе маркай “Опель”, пана Малера. Ён быў на адмысловым паседжаньні мытнага камітэту. Дык вось – бліжэйшым часам “растаможка” нібыта не па-ды-мец-ца! Аднак інфармацыі насамрэч малавата, і, як гаворыцца, вецер ганяць я не хачу. Магчымае нейкае нівеліраваньне: у Расеі будзе зьніжэньне, а ў нас крыху падымуць. На маю думку, тут варта шмат чаго ўзважыць, бо гэта занадта шмат за сабой цягне.

Карэспандэнт: І ўсё ж удакладнім: вы асабіста аптымістычна ці пэсымістычна ставіцеся да інфармацыі пана Малера пра тое, што нібыта справа з падвышэньнем мыта адкладваецца?
Больш складана будзе таму, хто сёньня ня мае аўтамабіля, аднак мяркуе яго набыць.

Шаўчэнка: Нават у выпадку паніжэньня ці падвышэньня кошту я асабіста нічога не губляю… Аднак, такіх, як я, у Беларусі значна менш, чым магло б быць… А ў цэлым – больш складана будзе таму, хто сёньня ня мае аўтамабіля, аднак мяркуе яго набыць. А хто мае – прадасьць у тую самую Расею (я амаль упэўнены) за грошы, які ён аддаваў некалькі гадоў таму, а мо й большыя…

Карэспандэнт: І на заключэньне – ваш прагноз: што будзе з нашым аўтарынкам у 2010-м?

Шаўчэнка:
Схіляюся да таго, што ён ня стане пераломным. Па ранейшаму будзе незразумелым для многіх з нас – крызіс не здаецца. І калі мы гаворым аб продажы аўтамабіляў, то можам яго параўнаць дзесьці зь 2006-м. Гляньце што адбываецца: “Фольксваген” ніколі не прапаноўваў такія цэны – ён дагэтуль распрадае машыны 2008-га году! Да-гэ-туль! Бо пакупнікоў стала заў-важ-на меней…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG