Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь з 12 па 18 кастрычніка


Анонс падзеяў тыдня

12 кастрычніка, у панядзелак у Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа – першы дзень заняткаў. Пасьля летняй сэсіі ў Польшчы ліцэісты апошнія паўтара месяца адпачывалі.

Сёлета колькасны склад коласаўскага ліцэю істотна пашырыўся. На пачатковыя курсы набрана больш за два дзясяткі падлеткаў. Агулам сёньня за парты сядуць блізу 60 навучэнцаў ад 1 да 4 курсаў.
Дырэктар Беларускага гуманітрнага ліцэю Ўладзімер Колас

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас кажа, што і ў цяперашніх спэцыфічных умовах навучаньня ліцэісты атрымліваюць высокі ўзровень ведаў:

“Нават вынікі тэставаньняў паказалі, наколькі адпавядаюць ведам ацэнкі афіцыйнай школы – усе бачылі, як завалілі тэсты па асноўных дысцыплінах выпускнікі дзяржаўных школаў. Нашы ж выпускнікі ўсе тэсты вытрымалі вельмі добра. Таму што мы адзнакі проста так ня ставім”.

У аўторак, 13 кастрычніка
ў Варшаве сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька і ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч сустрэнуцца з дырэктарам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ спадаром Ленарчычам. Яны абмяркуюць прапановы АДС па зьмене выбарчага заканадаўства Беларусі.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька

“Наша задача – актывізаваць міжнародную супольнасьць, у тым ліку і БДІПЧ. Таму што калі ня будзе адчувальнага працэсу па зьмене заканадаўства і досьведу ва ўжываньні законаў, то тады становіцца ўсё зразумела: губляецца выбарчая інтрыга”, – адзначае Анатоль Лябедзька.

14-га кастрычніка, у сераду ў Беларусі пачнецца перапіс насельніцтва. Вакол падзеі ўжо адбыўся першы скандал. Намесьнік старшыні дзяржкамітэту статысткі Сьвятлана Навасёлава, адказная за перапіс, адмовілася выдаць журналістам для фотасэсіі адмысловы партфэль перапісчыка. Тым часам інтэрнэт напоўніўся заклікамі не пускаць перапісчыкаў у кватэры. Рэдактар тыднёвіка “Антэна” Сяргей Маліноўскі не падзяляе такія настроі:

“Ня бачу ў гэтым перапісе ніякай праблемы і ніякай палітыкі. Ну, прыйдуць гэтыя перапісчыкі, перапішуць. Што тут такога? У інтэрнэце пішуць, што нібыта ў КДБ усё аддадуць. Навошта?”
Гісторык Ніна Стужынская

У чацьвер, 15 кастрычніка ў Менску адкрыецца Міжнародны кангрэс “Гістарычная навука на пераломе эпох: дыялёг з часам”. Гісторык Ніна Стужынская вызначае асноўную для сябе праблему гістарычнай навукі ў Беларусі:

“Гэта праўдзівасьць гісторыі. Яна вельмі патрэбная нашаму грамадзтву, каб скіраваць крокі ў будучыню. Калі мы будзем глядзець ў мінулае як зараз, празь люстэрка абсалютна савецкай вэрсіі, то ніколі ня станем на праўдзівы шлях. Некаторыя тэмы зноў апынуліся пад забаронай, нават у архівах сустракаюць зь нейкай насьцярогай. Гэтага нават ў 1990-я годы не было”.

16 кастрычніка, у пятніцу дэмакратычныя актывісты Беларусі пікетамі і акцыямі зноў адзначаць дзень салідарнасьці з ахвярамі рэжыму і палітвязьнямі. Такімі ў Беларусі шмат хто лічыць Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенку і Арцёма Дубскага. Днямі быў асуджаныя паводле крымінальнага артыкулу былы кандыдат у дэпутаты, прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка. У АГП, сябрам якой ёсьць Бандарэнка, мяркуюць, што яго перасьледуюць таксама паводле палітычных прычын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG