Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Расеі галасуюць сёньня на выбарах у мясцовыя органы самакіраваньня.

Выбары праходзяць у 75-ці з 83-ох адміністратыўных акругоў і рэспублікаў Федэрацыі. Праваабарончыя арганізацыі паведамляюць аб масавых парушэньнях выбарчага заканадаўства і перашкодах працы журналістаў з боку праваахоўных органаў. Расейская асацыяцыя "Голас", якая вядзе маніторынг на ўчастках, зарэгістравала ў Маскве шэраг выпадкаў укіданьня ў урны кіпаў бюлетэняў.

У дагестанскім горадзе Дэрбент, выбаршчыкі не змаглі прагаласаваць на траціне ўчасткаў. Некаторыя ўчасткі былі зачыненыя праз 2 гадзіны пасьля адкрыцьця. На іншых доступ да ўваходу быў перакрыты АМАПам. На адным з участкаў, пад час канфлікту з журналістамі, якім супрацоўнікі міліцыі забаранялі праводзіць здымкі, адзін з міліцыянтаў адкрыў страляніну. Адзін чалавек быў паранены. Параненага затрымалі і адвезьлі ў мясцовы РАЎС. Зарэгістраваны шэраг нападаў на журналістаў.

Дагестанская "Свабодная газэта" закідае ўладам, што тыя спрабуюць такім чынам не дапусьціць абраньня альтэрнатыўнага кандыдата. Сябра цэнтральнай выбарчай камісіі Генадзь Райкоў заявіў сёньня ў інтэрв’ю радыё Эха Масквы, што Цэнтравыбаркаму не вядома пра прычыны закрыцьця выбарчых участкаў у Дэрбенце. Для урэгуляваньня сытуацыі ў горад выляцеў паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG