Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас грамадзкіх слуханьняў у Астраўцы ў справе АЭС не гучалі галасы навукоўцаў, якія супраць будаўніцтва станцыі, а таксама меркаваньні людзей, якія будуць жыць каля АЭС.

Заля астравецкага кінатэатра, дзе адбываліся слуханьні, яшчэ да пачатку рэгістрацыі была амаль цалкам запоўнена людзьмі. Высьветлілася, што гэта дэлегацыі з мясцовых сельгасгаспадарак, а таксама з бліжэйшых раёнаў. Дэлегатаў вылучалі на агульных сходах і арганізавана прыезьлі ў Астравец.

Я спэцыяльна шукаў мясцовых жыхароў, каб паслухаць іх думкі наконт будаўніцтва АЭС. Адразу павінен заўважыць, што большасьць людзей, зь якімі спрабаваў загаварыць, адварочвалася ад мікрафона. Вось тыя невялічкія дыялёгі, якія мне пашэнціла запісаць.

Карэспандэнт: “Скажыце калі ласка, адкуль прыехалі?”

Спадар: “З калгаса”.

Карэспандэнт: “А зь якога?”

Спадар: “Без назвы калгас”.

Карэспандэнт:
“І як вы ставіцеся да будаўніцтва АЭС?”.

Спадар: “Я за тое, каб будавалі, каб сьвет гарэў і не хадзіць у пацёмках”.

Карэспандэнт: “А ў вас няма сьвету?”.

Спадар: “Не, усё нармалёва”.

Зьвяртаюся да другога тутэйшага спадара – што ён думае наконт будаўніцтваАЭС?

Спадар: “Я пакуль безпрацоўны, думаю, калі пачнуць будаваць, зьявіцца праца, нас тут шмат такіх”.

Спадарыня з Варнянаў, кажа, што яе паслалі паслухаць людзі, каб потым яна ім усё распавяла. Пытаюся – як у Варнянах людзі ставяцца да будаўніцтва АЭС?

Спадарыня: “Спачатку было вельмі страшна. А потым прыехалі ў вёску спэцыялісты, расказалі нам, якія меры бясьпекі будуць, усё астатняе. Ня ведаю, але думаю, што не павінна так быць, як у Чарнобылі...”

Група маладых юнакоў прабіваецца зарэгістравацца, але ім кажуць, што ўжо няма свабодных месцаў у залі. Пытаюся юнакоў адкуль яны і што іх сюды прывяло?

Хлопец: “Мы прыехалі з Магілева, прадстаўляем грамадзкую арганізацыю “Наш дом”. Мы супраць будаўніцтва АЭС, бо ведаем праблемы Чарнобыля, а мы маладыя і нам яшчэ жыць у гэтай краіне”.

Яшчэ адна група моладзі далучаецца да размовы. Хлопцы кажуць, што яны з Меснку, Баранавічаў, Берасьця, Пінску:

Хлопец: “Мы прыехалі сюды, каб выказаць пратэст супраць будаўніцтва АЭС, паколькі гэта экалягічна небясьпечны і эканамічна стратны праэкт. Падобны тып рэактара, які плянуюць устанавіць тут, быў апрабаваны ў Кітаі. Тут хваляцца, што ён невядома які добры, а кітайцы мелі шмат прэтэнзій. Ды й наагул нічога не гаворыцца аб тым, што будзе з радыёактыўнымі адыходамі”.

А вось спадарыня з Гервятаў, іх вёска будзе зусім побач са станцыяй. Яна кажа, што людзі ў вёсцы падзяліліся на два лягеры: адныя - “за”, другія – “супраць” будаўніцтва.

Спадарыня:
“У кожнага, вядома, свая думка, а я пакуль і тое і другое думаю, але вызначыцца не магу...”.

А вось сталы дзядуля, кажа, што і яму не хапіла месца ў залі, хоць у Астраўцы пражыў ужо за 70 гадоў. Пытаюся ягонай думкі наконт АЭС.

Дзядуля: “Станцыя можа і патрэбная, але ня тут яе будаваць”.

Карэспандэнт: “А дзе ж яе будаваць?”

Дзядуля: “Там дзе і была..., у Магілёўскай вобласьці. А тут жа самы чысты раён, увесь час гэтым хваліліся, столькі азёраў, а цяпер, што з гэтага – ерунда...”.
XS
SM
MD
LG