Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баку крытыкуе пагадненьне паміж Анкарой і Эрэванам


Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў

Азэрбайджан рэзка скрытыкаваў Турэччыну за згоду нармалізаваць стасункі з Арменіяй.

Міністэрства замежных спраў Азэрбайджану агучыла заяву, у якой гаворыцца што нармалізацыя дачыненьняў паміж Анкарой і Эрэванам, да таго, як Армэнія вывядзе войскі з акупаваных азэрбайджанскіх тэрыторыяў (маецца на ўвазе Нагорны Карабах) - ідзе на шкоду інтарэсам Баку і можа стаць пагрозай для стабільнасьці ў рэгіёне.

У суботу ў швэйцарскім Цурыху міністар замежных спраў Арменіі Эдуард Налбандзян і яго турэцкі калега Ахмэд Давутаглу падпісалі пратаколы аб устанаўленьні дыпляматычных зносінаў і аб адкрыцьці супольнай мяжы. Стамбул зачыніў сваю мяжу з Армэніяй у 1993 годзе, на знак салідарнасьці з Азэрбайджанам у ваенным канфлікце за Нагорны Карабах. У сёньняшняй заяве афіцыйнага Баку канстатуецца, што пагадненьне "накінула цень" на сувязі паміж Азэрбайджанам і Турэччынай.

Напярэдадні саміту СНД у Кішынёве адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Арменіі Сэржа Саркісяна і Азэрбайджану Ільхама Аліева. Дыпляматы краінаў "Менскай групы", якія пасярэднічаюць у дыялёгу паміж Баку і Эрэванам, паведамілі, што лідары дзьвюх краінаў дасягнулі істотнага прагрэсу на шляху да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Неўзабаве плянуецца новая сустрэча двух прэзыдэнтаў, для працягу перамоваў.

Прэм'ер-міністар Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў Армэнію вывесьці войскі з Нагорнага Карабаху. Гэта, па яго словах, паспрыяе таму, каб турэцкі парлямэнт ратыфікаваў падпісаныя ў суботу пратаколы аб узнаўленьні турэцка-армянскіх дыпляматычных сувязяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG