Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 кастрычніка адзначаецца Ўсясьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. У цэнтры Менску праваабаронцы раздавалі мінакам улёткі супроць сьмяротнага пакараньня, а ў менскім офісе Пэн-цэнтру ўшанавалі пераможцаў творчага конкурсу на гэтую тэму.

Беларусь застаецца адзінай краінаю ў Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Праваабарончыя арганізацыі ўсяго сьвету і эўрапейскія структуры заклікаюць улады Беларусі адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня ўвогуле ці ўвесьці мараторый на яго ўжываньне. Як адзначае праваабаронца Валянцін Стэфановіч, беларускія ўлады пакуль што да гэтых заклікаў не прыслухоўваюцца:

Валянцін Стэфановіч
“Да Ўсясьветнага дня супраць сьмяротнай кары мы падышлі, на жаль, зь несуцяшальнымі вынікамі. Мараторый, пра які гэтак доўга казалі нашыя ўлады, дагэтуль ня ўведзены. І нават няма пэўнай інфармацыі пра тое, што ён рыхтуецца. На сёньня мы маем два сьмяротныя прысуды, якія былі вынесеныя нядаўна. Па іх мы робім усё магчымае, каб гэтых караў не адбылося, каб гэтыя людзі ня сталі апошнімі пакаранымі сьмерцю ў Беларусі”.

Сёлета праваабаронцы зь Беларускага Хэльсынскага камітэту, “Вясны” з удзелам Беларускай асацыяцыі журналістаў правялі конкурс творчых працаў на тэму сьмяротнага пакараньня. Перамаглі ў конкурсе Андрэй Карэлін, які напісаў п’есу аб апошніх гадзінах жыцьця асуджанага на сьмерць, графік Сяргей Дзядзюль, будучая юрыстка Вікторыя Старасьценка і настаўнік матэматыкі Міхась Булавацкі. Праз матэматычныя формулы спадар Булавацкі даказаў, што сьмяротнае пакараньне шкоднае для маральнасьці дзяржавы:

“Працэнт маральнасьці дзяржавы ўжо, прыкладам, не 70, а 67. І з кожным разам гэты працэнт падае. Потым я перавёў гэтае разважаньне ў матэматычную формулу, якая даказвае шкоднасьць сьмяротнага пакараньня”.

Будучая юрыстка Вікторыя Старасьценка абгрунтавала неабходнасьць адмовіцца ад сьмяротнай кары праз прававыя нормы:

“Вучуся я на 5-м курсе Беларускага інстытуту правазнаўства. І мне з маёй неабыякавай грамадзянскай пазыцыяй цяжка абыходзіць тое, што я магла б зьмяніць. Для пачатку я хацела б хаця б на ўвесь голас заявіць, што я супроць сьмяротнай кары”.

Паводле праваабаронцы Ірыны Тоўсьцік, у Беларусі паступова павялічваецца колькасьць праціўнікаў сьмяротнай кары. “Такіх цяпер да 40 %, хаця на рэфэрэндуме 1996 году за захаваньне гэтага пакараньня выказалася блізу 80%”, – нагадала Ірына Тоўсьцік.

Сёньня у цэнтры Менску праваабаронцы раздавалі мінакам паштоўкі з надпісам “Беларусь павінна адмовіцца ад ужываньня сьмяротнага пакараньня”. Адрасатам гэтых паштовак значыцца Аляксандар Лукашэнка, які валодае правам памілаваць асуджаных на сьмерць. “Сваё слова супраць сьмяротнай кары мусіць сказаць і грамадзтва”, – падкрэсьлівае праваабаронца Ірына Тоўсьцік.

Паводле незалежных крыніц, з 1997 году ў Беларусі пакарана сьмерцю болей за 160 чалавек. Вядома толькі пра адзін выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка скарыстаўся сваім правам памілаваць асуджанага на сьмерць злачынцу.

Пераможцы творчага конкурсу “Супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” Сяргей Дзядзюль, Андрэй Карэлін, Вікторыя Старасьценка, Міхась Булавацкі


відэа


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG