Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэўна, не памылюся, калі скажу, што значная частка чытачоў сайту Свабоды з прыкрасьцю адзначае: Беларусь ёсьць культурнай калёніяй Расеі. Культурнай і, адпаведна, інфармацыйнай. Беларусы жывуць запазычанымі ў мэтраполіі навінамі, пытаньнямі і праблемамі. Але мінулы і пазамінулы тыдні жыцьця блогасфэры нібыта ставяць пад сумнеў гэтае дапушчэньне. Бо цягам згаданага часу расейскі і беларускі сэгмэнты яе жылі ў паралельных вымярэньнях.

Расейскіх блогераў найбольш займаў скандал, зьвязаны зь імем праваабаронцы і журналіста Аляксандра Падрабінэка. Тым часам як абсалютную большасьць блогераў-беларусаў ён пакінуў абыякавымі. “Яндэкс” адшукаў усяго каля 40 згадак прозьвішча Падрабінэка ў беларускай блогасфэры за два тыдні. За той самы пэрыяд у блогасфэры расейскай яго згадвалі больш як 5500 разоў. Такі разрыў не патлумачыць адно розьніцай маштабаў.

Хаця нельга сказаць, быццам гэты скандал ніяк не датычыць беларусаў. Урэшце, мы жывем у “саюзнай дзяржаве”. Калі Аляксандр Падрабінэк у сваім артыкуле насамрэч абразіў вэтэранаў, дык ён абразіў разам і беларускіх вэтэранаў. А пытаньне стаўленьня да савецкага мінулага, агучанае журналістам у надзвычай рэзкай форме, хіба не актуальнае ў Беларусі? Апроч гэтага, беларусаў магла б зацікавіць новая практыка ціску на невыгодных, апрабаваная на Падрабінэку, — праз грамадзкія арганізацыі. Якая, дарэчы, апэратыўна была перанесеная на беларускую глебу — у выпадку з Дашкевічам.

У сваім дыярыюшы я пакінуў зацемку пра гэтую нецікаўнасьць. А ў адказ атрымаў ад блогера pasha1980 такі камэнтар:

“Гэта вельмі добры знак. Значыць, апошнія 18 гадоў прайшлі не дарэмна”.

Добры ці не — судзіце самі. Тое, што беларускія блогеры пачалі жыць сваім хутарскім жыцьцём, высьлізнуўшы зь інфармацыйнага абсягу “вялікай зямлі”, не азначае, быццам усе яны кінуліся думаць “як нам уладкаваць Беларусь”. Сэнатар Аляксандр Зімоўскі, спасылаючыся на статыстыку “Яндэксу”, сьцьвярджае, што беларуская інтэрнэт-аўдыторыя шалёна апанаваная цікавасьцю да “цыцак”. І цікавасьць гэтая найбольш высокая на постсавецкай прасторы. У сувязі з чым сэнатар робіць сьмелую прапанову “фаршаваць” мазгі моладзі ідэалёгіяй пад адпаведным соўсам, то бок аздабляючы яе “цыцкамі”.

Як бы там ні было, інтэрнэт-аўдыторыя — гэта ўсё ж асобная каста. Па якой ня трэба рабіць высновы пра стан усяго грамадзтва. І менавіта касты ў беларускім грамадзтве будуць галоўнай тэмай сёньняшняга агляду.

БЕЛАРУСКАЕ ГРАМАДЗТВА — КАСТАВАЕ


На выбар тэмы мяне натхніла паведамленьне блогера dobroelekarstvo:

“Мне сёньня прыйшла ў галаву думка, што нашае грамадзтва таксама падзеленае на касты, няхай ня так яўна, як у Індыі, але тым ня менш. Гэтая думка ўзьнікла падчас назіраньня праз вакно тралейбуса за апівохамі на прыпынку. “Ад жа, ў іх цалкам свая, вельмі адасобленая ад нас усіх кампанія!” — падумаў я. Яны ходзяць па тым самым вуліцам, па якіх ходзім мы, жывуць у тых самых дамах, наведваюць тыя самыя крамы, але яны — зусім-зусім іншыя. Па сутнасьці — “недатыкальныя”.. <…>

Насамрэч кастаў болей, чым мы, звычайныя людзі — і “бамжы”. І гэтыя касты маюць выразна акрэсьленыя межы, за якія цябе наўрад ці пусьцяць. <…> З часам жа чалавек нагэтулькі ўрастае ў рамкі сваёй касты, што ўжо ня можа і ня хоча быць па-за імі. <…>

Мы не заўсёды, дарэчы, усьведамляем, што належым да пэўнай касты, мяркуючы, што гэтак усё і павінна быць, як у нас, так правільна, як мы, а тыя, хто ня ўпісваецца — жалю вартыя адшчапенцы і адкіды грамадзтва. Цяжка прызнаваць, што ты — няправы“.


А “беларускамоўныя” ці ня сталіся асобнай кастай? “Літвіны” і “беларусіны”, “змагары” і “не-змагары”, “чэсныя” і “нячэсныя”, “быдла” і “нябыдла” — усё гэта таксама знакі каставага падзелу.

БЫДЛА І НЯБЫДЛА


Як гавораць энцыкляпэдыі, бінарная апазыцыя — унівэрсальны сродак рацыянальнага апісаньня сьвету, безь якога немагчыма абысьціся. Дзень — ноч, белае — чорнае, дабро — зло і г.д. Шмат для каго з блогераў гэткім унівэрсальным сродкам рацыянальнага апісаньня сьвету ёсьць бінарная апазыцыя “быдла і нябыдла”. Натуральна, рэдка хто кажа пра сябе “я — быдла”, хіба што жартам або дзеля эпатажу, часьцей за ўсё “быдла” — гэта нейкія “яны”. Ну, скажам, тыя, хто галасуе за Лукашэнку. Або пье піва на вуліцы, замест таго, каб сядзець у кнайпе. Або… езьдзіць грамадзкім транспартам.

“Чэсная” журналістка Тацьцяна Курбат распавяла гораду і сьвету пра мару свайго жыцьця — белую BMW-X6. Далучыцца да касты шчасьлівых аўтаўладальнікаў яна захацела пасьля перажытага шоку ад першага сутыкненьня з суворай рэчаіснасьцю ў звычайным менскім тралейбусе:

“Вось вы мне скажыце. Гэта заўсёды так наш народ зранку ня мыецца? У тралейбус увайсьці немагчыма. Саўрэла-потна-брудна-тлусты смурод адразу абкутвае цябе. Гэта ў людзей так дзень пачынаецца? Ці то сканчваецца? Клянуся: мяне хапіла ўсяго на тры прыпынкі. Потым выскачыла як варам аблітая і пачала вызвоньваць VIP-таксі. На машынке — жууууух — і на працы. Патрэбная свая машына. Тэрмінова!”

Зрэшты, сакрамэнтальнага слова “быдла”, якое звычайна дадаюць у такіх выпадках, далікатная журналістка ня вымавіла ўголас, але бачна, што падумала.

А вось іншая журналістка, ужо “нячэсная”, не пасаромелася — вымавіла. Паскардзіўшыся на тое, што яе (студэнтку 4-га курсу журфаку, мінчанку-бюджэтніцу і выдатніцу) па месцы вучобы супраць волі адпраўляюць “перапісваць быдла”. То бок працаваць у якасьці перапісчыка.

Катэгорыя “быдла” не была дакладна акрэсьленая, атрымалася, што ў яе патрапілі ўсе, хто падлягае перапісу, таму чытачы ўспрынялі закід блогеркі ў штыкі. Некаторыя нават гучна бразнулі дзьвярыма, адпісаўшыся ад журналу. Адсюль мараль: перад тым, як называць кагосьці “быдлам”, сьпярша пераканайцеся, што побач няма нікога, хто можа прыняць гэта на свой адрас. Іначай будзе бяды. Як вядома, “быдла” — яно агрэсыўнае.

У праблемы “быдла і нябыдла ў Беларусі” ёсьць свой скурпулёзны дасьледчык — блогер helisad. Ён сам масквіч, але часта наведвае Беларусь. Паводле ўласных словаў, каб “загарэць душой”. Звычайна прыезжыя масквічы знаходзяць у Беларусі “славянскую Шамбалу” або, на скрайні выпадак, “славянскую Швайцарыю”, дзе ўсё хороша і ўсе харошыя, а значыць Лукашэнка — харошы прэзыдэнт. Тыповы прыклад такога погляду праз ружовыя акуляры прадэманстраваў гэтым тыднем іншы масквіч nadovsem, зьмясьціўшы у суполцы minsk_by сваю справаздачу пра візыт у Беларусь. Аднак helisad, як чалавек зьедлівы і саркастычны, прыкмячае збольшага шурпатыя бакі беларускага жыцьця. У прыватнасьці, схільнасьць беларусаў, якім пашчасьціла троху ўзьняцца над узроўнем суграмадзянаў, пагардліва адварочваць нос ад тых “хто папрасьцей” і запісваць сябе ў “эліту”. Блогер лічыць гэтыя прэтэнзіі беспадстаўнымі:

“Нават у “Любавушке” ля Камароўкі ёсьць дзьве залі. Як патлумачыла мне знаёмая афіцыянтка. Адна зь іх, тая што зьлева ад уваходу, — “быдлапаці”, а тая што справа — для “эліты нацыі”. Эліта нацыі, што праўда, складалася зь вярнуўшыхся на радзіму гастарбайтэраў, прадстаўнікоў таго саслоўя, якое імітуе ў Беларусі канторскую дзейнасьць і прадаўцоў зь “Зеркала”, якія адчайдушна “пантуюцца”.<…>

З чаго гэта ў Беларусі апартэід вымаляваўся? А разгадка простая — крааль і авечкі знаходзяцца тут у адных руках. Астатнім дадзена права катацца на восьліку, танчыць пад сонейкам і бегаць у зялёнай майцы. Але ж крыўдна, чорт пабяры! Некаторым — крыўдна. Адсюль і зьявілася казачка пра “быдла”, якая ня мае пад сабой ніякай эканамічнай асновы.<…>

“Быдла” і “нябыдла” пье адное і тое ж піва ў аднолькавай колькасьці. Розьніца хіба ў тым, што “быдла” бье бутэлькі аб сьцяну, а “нябыдла”, каб хоць нечым адрозьнівацца, акуратна ставіць іх пад лавачку. Ды і тое — “нябыдла” часьцяком забываецца, ды раптам як бразьне посудам з-пад “Аліварыі” па бруку…“


Блогерка _katusha_, пасьпяховая юрыстка зь Менску, саўладальніца невялікай юрыдычнай фірмы, у якой дома працуе пакаёўка, заўжды адносіла сябе да “эліты”. Але на кожную эліту знойдзецца яшчэ большая эліта, якая можа похадзя піхнуць першую ботам. Кацюша зайшла ў журнал да буйнога расейскага бізнэсоўцы Алега Цінькова і выказала сваё меркаваньне пра аўтара, назваўшы яго “коснаязыкім і непісьменным чалавекам”. Бізнэсоўца парыраваў: “Тое, што ты быдла — гэта відавочна! Я ў гэтым амаль пэўны! У мяне няма часу з табой балбатаць і пісаць прыгожа, усе паведамленьні пішу за чатыры хвіліны, зразумеў, вычвара?!”

Пасьля чаго блогерка зрабіла выснову: “Усё-ткі быдла насамрэч заўжды застаецца быдлам; бліскучае тэлевізійнае або нямытае рабоча-сялянскае — ня мае ніякага значэньня”.

Прыкладна ў гэткім жа дусе выказаўся і kurt_bielarus. Ён пакінуў у сваім блогу кароткае паведамленьне, датычнае да выказваньня журналісткі, якое згадвалася вышэй: “Не магу трываць, калі нехта называе свой народ “быдлам”. А на пытаньне kanfederat’a, як называць тых, хто гадзіць у пад’ездзе, не працуе, жлукціць чарніла, ненавідзіць беларускую культуру, адказаў: “Я ведаю шмат тых, хто працуе, добра зарабляе, езьдзіць у “шэўрале” і ненавідзіць беларускую культуру…”.

ПРАТЭСТАНТЫ. П’ЯНЬ. МАЛАДНЯК


Такім чынам класыфікаваў 26 сваіх падначаленых, падзяліўшы на тры групы, Сяргей Корсак, перад якім паўстала праблема разьмеркаваньня заробку паміж рабочымі.

“Ёсьць тры тыпы рабацяг. Першы — умоўна назавем іх “пратэстантамі” — сумленна працуюць і ня пьюць. Нічога не паробіш — даводзіцца ім плаціць.

Другі тып — наша, маць яе, будучыня — “маладняк”. Карысьці з маладняка ніякай — рабіць ён нічога ня ўмее, але ж і ня п’е. Нічога не паробіш — даводзіцца стымуляваць.

І ёсьць трэці тып, соль зямлі — мужыкі, на якіх трымаецца гэтая плянэта. Прасьцей кажучы, алькаголікі. Хоць і разьдзяўбаі, хоць і пад мухай, але працу робяць амаль ня горш за “пратэстантаў”. А за кошт колькаснай перавагі, наогул — робяць ці ня ўвесь аб’ём. Але — п’янь. І таму ўсяляк заторканая, прыніжаная, уцісканая і дыскрымінаваная група, за кошт якой аплочваецца сабранасьць “пратэстантаў” і нашая тупая і нічым вопшэм-та не апраўданая надзея на маладое пакаленьне.

І атрымліваецца, што выгадней за ўсё трымаць у калектыве менавіта алкашоў. Яны заўжды ў цябе ў кулаку, і іх заўжды можна пакрыўдзіць рублём, узнагародзіўшы за іхны кошт рупліўцаў-пратэстантаў ці жаўтаротую шкалату.

Што з гэтым рабіць — ня ведаю. Рацыё кажа прытрымлівацца старое завядзёнкі, але душою я зь мілымі сэрцу алькаголікамі :)”


У камэнтарах Сяргей дадаў: “Самы страшны сон нашага начальства — калі раптам усе алькаголікі стануць непітушчымі і дысцыплінаванымі. Сыстэма да такога кульбіту, выглядае, абсалютна не падрыхтаванай. Яна такога не перажыве”.

ЛІТАРАТАРЫ vs. АКАДЭМІЯ


А ў блогу Аксаны Бязьлепкінай, беларускай пісьменьніцы, літаратуразнаўца і крытыка, адбывалася самая інтэлектуальная і шматслоўная дыскусія тыдня. Калі яе раздрукаваць на паперы, хопіць на добры фаліянт. У дыскусіі сутыкнуліся інтарэсы двух кастаў — маладых беларускіх літаратараў і, паводле блогера iten, Акадэміі. Апошняя, у асобе прафэсара Людмілы Сіньковай і пры падтрымцы Аксаны Бязьлепкінай, абвінаваціла трох маладых літаратараў — Альгерда Бахарэвіча, Марыйку Мартысевіч і Еву Вежнавец — у “татальнай пагардзе да ўсяго беларускага, прыніжэньні нацыянальнага”. Маўляў, беларушчына і без таго ледзьве на нагах стаіць, а вы яшчэ яе штурхаеце, падножкі ставіце сваімі постмадэрнісцкімі выкрутасамі. Літаратура павінна несьці дабро, даючы пазытыўныя прыклады, выхоўваць патрыёта, грамадзяніна і маральную асобу! А не насьмешніка, для якога няма нічога сьвятога. Вашае месца — у маргінальным гета контркультуры, а вы лезеце ў мэйнстрым!

Як на мой густ, дык з пазытыўнымі прыкладамі добра спраўляецца рэклямная кампанія “ЗА Беларусь!”. Зь ёй няма чаго брацца канкураваць. Усе астатнія, як той казаў, нэрвова паляць у куце.

Колькі камэнтароў зь неабсяжнай дыскусіі. У абарону літаратараў:

“Гэта мне, прабачце, моцна нагадвае савецкія падручнікі па гісторыі-тэорыі літературы. Гогаль-Белінскі… “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”… Літаратурны фронт… “Постановленіе ЦК ВКП (б) о журналах “Звезда” і “Ленінград”… празрэнная касмапалітка цётка Фаня Шайбяровіч… і гэтак далей.

За Саветамі пячорнымі апалягетамі сацрэалізму была выпрацаваная тэорыя: маўляў, калі малады чалавек прачытае правільна напісаную навэлку, гэта наблізіць яго на які крок да будаўніцтва камунізму (у кантэксьце нашага пытаньня — “да нацыянальнае сьвядомасьці”). Калі раман — на тры кілямэтры адразу. Зараз нават прыгадаў “Цытатнік Маа Дзэ-дуна” зь вельмі падобнымі высновамі, дзе ёсьць нават такі радок: “Літаратура КНР забавязаная…” Ды нікому і нічога літаратура не забавязаная!“
(ahromenka)

“Якім чынам тэкст павінен ведаць сваё месца? Фіг зь ім з “павінен”, як тое тэхнічна адбываецца? Ён мусіць сьціпла мармытаць: “выбачайце, я сьціплы маргінальны тэкст, не заўважайце мяне і надалей”, ці што? У маім уяўленьні тэкст павінен толькі адно — зьявіцца”. (m_panin)

“Свабода пісьменьніка павінна быць толькі абсалютнай! Я не палітык, не дзяржаўны чалавек. Калі б я быў дзяржаўным чалавекам, я б адказваў за сваю дзяржаву, за свой народ, за тое, за гэта, але я пісьменьнік і адказваю толькі за свае словы. Так, ёсьць этычныя, этнічныя забароны, якія ўвесь час замінаюць мне выказвацца свабодна. Але калі я, пісьменьнік, кожны раз буду думаць пра тое, што нясу адказнасьць перад сваёй дзяржавай, то — усё! Свабодзе пісьменьніцкага самавыяўленьня прыйдзе канец”. (poplavok_a цытуе турэцкага пісьменьніка Архана Памука)

У абарону супрацьлеглага боку:

“Сучасную беларускую літаратуру я ня надта люблю. Спрабаваў чытаць Глобуса, Бахарэвіча, Мартысевіч ды яшчэ сяго-таго. Зусім ня ўражвае мяне іхны выпяндрож, беспадстаўны снабізм і простае калькаваньне заходніх канонаў. Адзінае месца, куды я рэкамендаваў бы выпраўляць гэткія кнігі — не бібліятэкі, а цэнтральныя плошчы, асьветленыя полымем вялікага вогнішча.

Больш-менш спадабаўся Юры Станкевіч, хаця чыста ў мастацкім пляне, здаецца, яшчэ шмат трэба расьці… Зрэшты, відаць, мы сапраўды маем такую літаратуру, якую заслугоўваем.<…>

Чым ёсьць нацыянальны міф, які павінен быў бы класьціся ў падмурак сучаснай літаратуры? Ды складнікі яго застаюцца нязьменнымі, калі мы кажам пра сакралізацыю: Зямля, Род, Традыцыя, Айчына, Тутэйшасьць, Гонар і Годнасьць… Яны нікуды не зьнікаюць і ня зьнікнуць, бо гэта падстава Быцьця. Мяняюцца толькі варункі вакол іх. І сёньня ў “новым дзіўным сьвеце” дэмакратуры, талеразму і мульцікульці яны актуальныя як ніколі. Шкада толькі, што мала хто з тутэйшых літаратараў гэта разумее“.
(kryviec)

Шырэйшыя заўвагі па-над канфліктам:

“Нельга казаць пра тое, што павінна рабіць беларуская літаратура, трэба ставіць пытаньне іначай: якую кнігу многія людзі хацелі б прачытаць, якую сур’ёзную кнігу, якая ня мае дачыненьня да маскульту ці то, прынамсі, уяўляе зь сябе ўдалае спалучэньне маскульту і нейкай жыцьцёвай, але не абыдзеннай філясофіі?

Насамперш у гэтай кнізе павінна ісьціся пра фундамэнтальныя пытаньні чалавечага існаваньня, адно зь якіх фармулюецца вельмі проста: як можна жыць? І толькі потым на гэтае фундамэнтальнае пытаньне надбудоўваюць больш канкрэтнае: як можна жыць, прыкладам, у Беларусі? Іншымі словамі, “нацыянальная” беларуская літаратура — гэта літаратура, у якой павінны перакрыжоўвацца ўнівэрсальныя праблемы чалавечага жыцьця зь мясцовым кантэкстам, атачэньнем.<…>

Ад сучаснай беларускай літаратуры часта чакаюць таго, чаго яна даць ня можа, дакладней можа, але гэта скончыцца сумна. Ад яе чакаюць таго, што можна назваць ілюзіяй. Аксана Бязьлепкіна спадзяецца на тое, што пісьменьнікі будуць ствараць такі вобраз Беларусі і беларусаў, у якім ёсьць “годнасьць”. Яна заклікае да канструяваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці ў літаратуры ў рамках ідэі, што “усё добра”. Ёсьць, канешне, асобныя недахопы, але мы “годныя”… Ва ўмовах сучаснай Беларусі такі ідэалізм ёсьць памылкай, бо літаратура аўтаматычна пачне пераўтварацца ў прапаганду, і перастане быць літаратурай“.
(iten)

“Ніякай „сучаснай бел. літаратуры“ ў звыклым для літаратуразнаўцаў маштабе проста не існуе. Як няма і беларускамоўнай гарадской культуры, што, у сваю чаргу, выходзіць з неіснаваньня бел. мовы як сродку камунікацыі…” (yu_tarasievich)

ПАЛІТОЛЯГІ vs. ЭГУ


Я сумленна спрабаваў разабрацца ў канфлікце сямі выкладчыкаў дэпартамэнту паліталёгіі ЭГУ з адміністрацыяй унівэрсытэту. Перачытаў усе дыскусіі па гэтаму пытаньню, якія вяліся ў сеціве. Але зразумеў толькі тое, што нічога не разумею. Як чалавек бунтоўнага складу, я з большай верагоднасьцю мусіў бы падтрымаць сямёх “пратэстантаў”. Тым ня менш, жаданьня іх падтрымліваць ня ўзьнікла. Ня буду тлумачыць чаму, бо ўсё гэта вельмі суб’ектыўна. Пэўна, не ў апошнюю чаргу таму, што я належу да касты “эгушнікаў”, і ўспрыняў цяперашні канфлікт як замах на ўнівэрсытэт, які шмат што для мяне значыў. Кірыл Атаманчык з нагоды канфлікту напісаў:

“Аддаю (цалкам) сваю стыпэндыю таму, хто скончыць гэтую хлусьню на адрас ЭГУ! Мала? Ну, так, шмат не магу даць, бо ня маю… Ааааа, зразумеў, вы хочаце больш? І дзеля гэтага пойдзеце на развал лепшага адукацыйнага праекта за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі?!”

Абвінавачваньні ў хлусьні і хцівасьці няхай застаюцца на сумленьні Кірыла, але ў цэлым я яго падтрымліваю на эмацыйным узроўні. Таму што, як выказалася a_paradeigma:

“У БДУ я адчувала сябе матэрыялам і рэччу. У ЭГУ я адчуваю сябе чалавекам. Каштоўнасьць і значнасьць ЭГУ нельга аспрэчваць адно з-за таго, што ў гэтай установе, як і ў любой іншай, узьнікаюць падобныя ўнутраныя канфлікты і праблемы. Дыскурс, які разгортваецца вакол такіх сытуацыяў, стварае вакол ЭГУ цьмяную атмасфэру. Усё добрае, што рабілася і робіцца ў ЭГУ пачынае цьмянець з-за гэтых разборак. Мне ўнівэрсытэт важны, я за яго хварэю. А такія сытуацыі — дадатковая падстава для нядобразычліўцаў, каб абліць брудам агулам усю ўстанову. Мяне гэта абражае і не задавольвае”.

Гэтыя словы, пад якімі я гатовы падпісацца, сьведчаць, што ЭГУ — насамрэч унікальная ўстанова. Наўрад ці ў якога іншага ўнівэрсытэту ў рэспубліцы знайшліся б нагэтулькі ж палымяныя абаронцы. За лёс якога гэтак жа сама перажывалі б. І канфлікт (ня надта ўжо і значны, калі падумаць) у якім выклікаў бы такі розгалас — нягледзячы на тое, што ЭГУ ўжо колькі гадоў знаходзіцца па-за межамі рэспублікамі. А значыць, на яго ўскладаюць асаблівыя спадзевы.

На мой погляд, гэта трэба ўлічваць абодвум бакам канфлікту. Падобны статус унівэрсытэту патрабуе адпаведнай адказнасьці ад іх за свае дзеяньні.

І на заканчэньне. Калі ад кастаў немажліва адмовіцца, і невядома, ці варта ўвогуле адмаўляцца, бо яны — таксама гарант нашае разнастайнасьці, то давайце сябраваць кастамі. Або, прынамсі, камунікаваць, не закупорваючыся намёртва ў сваёй, адзіна правільнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG