Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія дажынкі. Частка 2


Стась Івашкевіч
Стась Івашкевіч

Эканамічныя нататкі мільянэра (будучага).


Расея імкнецца абыйсьці абмежаваньні на фінансаваньне сваёй сельскай гаспадаркі паводле правілаў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, увайшоўшы ў яе Мытным саюзам з Беларусьсю і Казахстанам. Паводле дамоўленасьці, якую ўдалося выявіць, дзякуючы досьледу Свабоды, Беларусь саступае сваю квоту на наўпроставае фінансаваньне аграрыяў Маскве. На якіх умовах пагадзіўся на гэта Аляксандар Лукашэнка і калі Беларусь зможа пажаць выгады ад гэтага пагадненьня?

А як жа беларускія аграрыі?


Беларусь, у адрозьненьне ад харчовага імпарцёра Расеі, вырабляе ўдвая больш сельскагаспадарчай прадукцыі. чым здольная спажыць. Галоўнай задачай беларускага АПК, у які гадамі ўкачвалася траціна бюджэтных даходаў, зьяўляецца павелічэньне не вытворчасьці, а якасьці і эфэктыўнасьці, а галоўнае – пошук рынкаў збыту.

Тайнае пасланьне Геншэра


Узамен на адмову ад датацыяў – Эўразьвяз абяцае Беларусі Зону вольнага гандлю, якая па прыкладзе аналягічага праекту ЭЗ–Украіна, уключае ў сябе скасаваньне ўсіх перашкодаў да гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй. Прапанова ўступае ў сілу пасьля ўваходу саюзу ва ЎГА (статут Агульнай сельскагаспадарчай палітыкі Эўразьвязу забараняе такія пагадненьні з краінамі, якія не ўваходзяць у арганізацыю). Гэтая прапанова найверагодней і была "тайным пасланьнем" Ганса-Дытрыха Геншэра, пад час яго загадкавага візыту ў Менск у верасьні.

Падрыхтоўка да Зоны свабоднага гандлю


Бо ўжо праз тыдзень пасьля гэтай сустрэчы, прамаўляючы на фэсьце Дажынкі 2009, Лукашэнка агаломшыў урад, паставіўшы задачу да канца году цалкам скасаваць датацыі "жоўтага кошыку" сельскай гаспадарцы да канца году, і перайсьці выключна да інвестыцыяў у інфраструктуру (гэта датацыі "зялёнага кошыку" – неабмежаваныя правіламі ЎГА).

Адначасова, у чаканьні адкрыцьця эўрапейскага рынку, сутаргава праводзяцца мерапрыемствы ў справе прывядзеньня санітарных нормаў на айчынную сельскагаспадарчую прадукцыю у адпаведнасьць з тэхнічным рэглямантам ЭЗ.

Візыт Лукашэнкі ў Вільню


Далейшы пералік пернікаў з боку Эўразьвязу акрэсьліў сам Лукашэнка ў інтэрв'ю газэце Літоўскі кур'ер пад час свайго візыту ў Вільню: стварэньне зоны свабоднага гандлю; стварэньне транспартна-лягістычнай сістэмы, цэнтрам якой будзе Беларусь; альтэрнатыўныя пастаўкі вуглевадародных рэсурсаў; і ўрэшце – "вялікія крэдытныя магчымасьці Эўропы".

У сваёй новай ролі, Лукашэнка не хаваў задаволенасьці і нованабытай упэўненасьці. Сапраўды: сьмешна, відаць, было чуць беларускаму кіраўніку прэтэнзіі правінцыйнай Літвы на ролю пасярэдніка ў дыялёгу амаль ужо былога ізгоя з Эўразьвязам. Гэта ў той час, як Брусэль чакае ўступленьня Расеі ва ЎГА пры дапамозе Беларусі, як нябеснага паратунку для сваёй стагнуючай індустрыі.

Пра што гаварылі прэзыдэнты на вучэньнях?


Менавіта аб сельскай гаспадарцы, як абмовіўся ў пятнічным інтэрв'ю расейскай прэсе сам Лукашэнка, і ішла яго гутарка зь Мядзьведзевым у Баранавічах. І відавочна – аб тым, які пернік прапануе Беларусі Крэмль. Кампэнсацыяй з боку Расеі выступае фінансаваньне пабудовы беларускай АЭС. Падпісаньне кантракту аб пабудове станцыі заплянаванае на канец году – па выніках запраграмаванага на гэты ж тэрмін завяршэньня ўзгадненьня агульнай мытнай ды сельскагаспадарчай палітыкі Саюзу.

Што вязе Бэрлюсконі ў Менск?


Эўразьвяз жа ў гэтай справе прадстаўлены ня Вільняй, а Рымам. Адразу ж пасьля сустрэчы беларускага і расейскага прэзыдэнтаў – у Менск прыляцеў міністар замежных спраў Італіі. Атрымаўшы пацьверджаньне беларуска-расейскай дамоўленасьці, сэньёр Фратыні паабяцаў, што для далейшых і перамоваў у справе новага фармату беларуска-эўрапейскіх стасункаў у Менск у хуткім часе прыбудзе яго шэф – італьянскі прэм'ер Бэрлюсконі.


А як жа правы чалавека?


Пакуль яшчэ засталося крыху часу для аказаньня нейкага ціску, Эўразьвяз ад імя Швэцыі, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе актывізавала сваю працу з апазыцыяй. Дэмакратычныя лідэры Беларусі былі адначасова з лукашэнкаўскім візытам у Вільню запрошаныя ў Стакгольм. Нядаўна зь імі была праведзена канфідэнцыйная сустрэча ў Менску, на якой швэцкі амбасадар адразу ж адрынуў размовы пра маніторынг сытуацыі ў краіне, а заклікаў да мазгавога штурму аб тым – "Што канкрэтна Эўразьвяз можа зрабіць зараз".

Ці здолеюць лідэры беларускай дэмакратычнай супольнасьці адказаць эўрапейцам на гэтае пытаньне і выкарыстаць гэтую паваротную ды ўнікальную сытуацыю – залежыць ад яе самой...

“Апошнія дажынкі-1” чытаць ТУТ.


Стась Івашкевіч працаваў рэгіянальным аналітыкам рынку і мэнэджарам па разьвіцьці кансалтынгавых прадуктаў у сфэры фінансавых інструмэнтаў для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў найбуйнейшых эўрапейскіх кансалтынгавых агенцтвах Euromonitor International Plc i Marcus Evans Plc.

Напісаць аўтару можна на адрас
ekanomik@gmail.com.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG