Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Той, хто не глядзіць у рот, заўжды за бортам”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — як пачаць гаварыць па-беларуску; чаму не спрацоўвае лёзунг “Купляйце беларускае!”; ці спраўдзіцца прагноз Станіслава Багданкевіча адносна курсу беларускага рубля.

На нашым аўтаадказьніку рэгулярна зьяўляюцца развагі людзей, якія ня могуць ці саромеюцца размаўляць па-беларуску…

Спадар: “Добры дзень, я выбачаюся, што гавару па-расейску, і вы маеце рацыю, калі ў сваіх перадачах гаворыце наконт таго, што на кухні не гавораць па-расейску. Слухаў гэта… А мой бацька — беларус, маці — беларуска. Чаму ж я “нямы”? Ну, прыехаў калгасьнік у горад, як яму адаптавацца? Паўсюль чырвоны і чырвоныя!”

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — жыхар Іркуцку, лідэр беларусаў Прыбайкальля Алег Рудакоў:

Алег Рудакоў
“Людзі кажуць: на жаль, не магу, не прызвычаіўся, не атрымліваецца, дык што — буду каверкаць. Добра — тады не атрымаецца ні па-руску, ні па-беларуску…” Ведаеце, калі чалавек жадае зь нейкіх прычынаў вывучыць ангельскую мову, то ён бярэцца і вучыць! Спачатку атрымліваецца вельмі дрэнна, але ён стараецца. Дарэчы, аднойчы я троху больш за тыдзень быў у Фінляндыі. Было вельмі цікава з мовай: прыслухоўваўся да яе, лавіў словы, не саромеўся падыходзіць да фінаў, пытацца… І ўжо мог урэшце прывітацца, даведацца, як куды прайсьці… Таму любому беларусу навучыцца размаўляць па-беларуску — можна. Хоць у 70 гадоў… Тут няма пытаньняў! Проста трэба адпаведна настроіцца — і ўсё пойдзе, як трэба. У нас у Іркуцку, дарэчы, шмат хто з маладых пачынае размаўляць і ў іх тое добра атрымліваецца”.

На гэтым тыдні адзін з нашых слухачоў “прарэвізаваў” эканамічны прагноз былога кіраўніка Нацбанку Беларусі Станіслава Багданкевіча адносна курсу беларускага рубля. Вось рэакцыя на тую крытыку:

Спадар: “Пачуў званок слухача, маўляў, ваш Багданкевіч памыліўся ў прагнозах, што наш рубель упадзе да чатырох тысячаў за даляр. Па-першае, Станіслаў Багданкевіч не сьцьвярджаў, што яно так і будзе. Па-другое, роўна год таму ў гэты самы час хто мог падумаць, што ў навагоднюю ноч наш рубель абваліцца адразу аж на 20 адсоткаў?! Ніхто ня ведае, што нас чакае, таму, як той казаў, пачакаем, пажывём, пабачым”.

На працяг эканамічнай тэматыкі — наступныя тэлефанаваньні

Ларыса, Менск: “Такі лёзунг, як “Купляйце беларускае!”, не працуе. Думаю вось: пайду ў краму і куплю чаравікі. А там асартымэнт такі ж, як быў 10 гадоў таму. Тэхналёгія не зьмянілася, а каштуе на ўзроўні імпартных. Такі тавар ня пойдзе за мяжу. Хачу параіць: зьніжайце кошт і вызваляйце склады”.

Спадар: “Вось у Мінсельгаспродзе Беларусі прэтэнзіі да якасьці расейскага соку… Ды пакладзіце, шаноўныя, на прылаўкі Беларусі гішпанскі сок — пакупнікі самі адмовяцца ад няякаснай расейскай прадукцыі”.

Традыцыйна мы просім слухачоў выказвацца пра матэрыялы журналістаў Свабоды. Дзякуем тым, хто адгукаецца. Ім слова.

Спадар: “Я наконт вашых перадач. Вось “Беларускае замежжа”. Там мне не падабаецца, што гэтыя маладыя — усё “ой, як нам добра, як мы вучымся, якія мы добрыя!” Дык што добрага ў тым, што яны застануцца ў гэтай Эўропе!”

Спадар: “Пра кантракт. Гэта горш за прыгоннае права! Гэта прыніжэньне, гэтая абыякавасьць спараджае абібокаў, падлізаў. А той, хто па-сапраўднаму працуе, не глядзіць у рот, гэты заўжды за бортам. Ён стварыў гэткую сыстэму, каб маніпуляваць, зьдзеквацца. Малайцы свабодаўцы, вельмі добрае пытаньне паднялі”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё.

XS
SM
MD
LG