Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня бабруйскі гарадзкі суд не задаволіў скаргі старшыні суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу, працаўніка “Белшыны” Міхаіла Ўсьціновіча. Праз суд актывіст намагаўся адмяніць спагнаньні за нібыта дапушчаныя ім парушэньні працоўнай дысцыпліны. Адміністрацыя прадпрыемства лічыць, што пакараньні правамерныя.

Міхаіл Усьціновіч на судовым працэсе сваёй віны не прызнаў і працягне шукаць праўды ў іншых судовых інстанцыях. Актывіст заяўляе, што яго пакаралі за прафсаюзную дзейнасьць — абарону звольненай наймальнікам працаўніцы:

“Яна цяпер судзіцца. Яны прадставілі несапраўдны пратакол паседжаньня цэхавага пратаколу, і я ім пра гэта сказаў у вочы сказаў. Інжынэр-тэхноляг, старшыня цэхкаму, стала пісаць на мяне скаргі. Мне інкрымінуюць невыкананьне пунктаў тэхналягічнай інструкцыі, хаця дакумэнтальна зафіксавана, што я выканаў усе пункты інструкцыі”

Міхаіл Усьціновіч свае довады выклаў судзьдзі Тамары Карпоўскай, аднак тая, паводле актывіста, прыняла пазыцыі адміністрацыі.
Што кажа наш прэзыдэнт. Трэба эканоміць сыравіну, матэрыялы й гэтак далей. Мы павінныя адказваць за гэта

У прафкаме каляндравага цэху заводу масавых шын, дзе працуе брыгадзірам Усьціновіч паведамілі, што працаўніца, якую ён бароніць, звольненая за парушэньне працоўнай дысцыпліны й сам ён таксама яе парушае:

“Ім выгадна вось гэта разьвіваць і бударажыць усіх. Усім даваць працу. Ён жа судзіўся за гэтую жанчыну. Трэба ўмець прызнаваць сваю віну. Зараз іншы час. Што кажа наш прэзыдэнт. Трэба эканоміць сыравіну, матэрыялы й гэтак далей. Мы павінныя адказваць за гэта”, — зазначылі ў прафкаме.

Паводле працоўнага заканадаўства, калі Усьціновіч атрымае яшчэ адно спагнаньне, то яго могуць звольніць за сыстэматычнае парушэньне тэхналягічнага працэсу. За два спагнаньні актывіста пазбавілі прэміі й на два месяцы даплаты за прафэсійнае майстэрства.

Міхаіл Усьціновіч працуе на “Белшыне” з 1974 году. Два гады кіруе суполкай Беларускага незалежнага прафсаюзу. Яна аб’ядноўвае дваццаць чалавек. Падтрымаць Усьціновіча ў спрэчцы з адміністрацыяй на два судовыя паседжаньні прыйшлі дзясятак яго падначаленых і актывістаў суполкі.
XS
SM
MD
LG