Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы цяпер, нібыта пасынкі”


Аўталаўка ў вёсцы Двор Савічы

Аўталаўка ў вёсцы Двор Савічы

У заражаных радыяцыяй вёсках Гомельшчыны зачыняюць стацыянарныя крамы ды іншыя сацыяльныя ўстановы. Самасёлам й тым, хто застаўся ў адселеных вёсках са згоды ўладаў, застаецца спадзявацца толькі на ўласныя сілы. Пра гэта расповед у чарговым фотарэпартажы з цыклу “Прэс-тур у чарнобыльскую зону”, арганізаваным Беларускай асацыяцыяй журналістаў.


Сёлета ў вёсцы Двор Савічы Брагінскага раёну зачынілі стацыянарную краму. Вяскоўцы нудзяцца з гэтай прычыны — надыходзяць халады і чакаць аўталаўку побач з зачыненай крамай цяжка:

“Наш магазын не працуе. Зрабілі рэвізію — і закрылі. Калі была свая крама, было лепей”.

крама ў вёсцы Савічы Брагінскага раёну
Вясковыя кабеты згадваюць, што даўно зачынілі краму і ў суседняй вёсцы Савічы, на адкрыцьці якой ў 95-м годзе прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка. Не карыстаюцца даўно ўжо вяскоўцы трактарам і камбайнам, якія прэзэнтаваў кіраўнік дзяржавы савіцкім самасёлам.

Пэнсыянерка спадарыня Марыя:

“Ой, дык яго, камбайн гэты, даўно разьбілі — і калгас ужо разышоўся ў Хракавічах. І трактара таго тут няма. Гэта толькі ў каго свой трактарэц, хто купіў, дык плацім яму, калі бульбачку трэба пасадзіць. Альбо канём садзім”.

72-гадовы Аляксей Ярмоленка, найбольш жвавы й моцны мужчына ў вёсцы, кажа, што на людзей у пакінутых чарнобыльскіх паселішчах ужо мала хто зьвяртае ўвагу:

“Ніхто на нас увагі ўжо не зьвяртае. Прадавачка кінула краму — гэта адна праблема. Другая праблема — хутка сьнегам занясе вуліцы. У
Аляксей Ярмоленка
нас ўсе пэнсіянэры, усе старыя — выйсьці нікуды нельга. Ніхто ж ня чысьціць вуліцы. У нас ёсьць побач радыяцыйны запаведнік — ну абслужыце вы вёску! У прынцыпе, яны ж могуць. Калгас у Чамярысах — я ня ведаю назвы яго — мы ўжо для яго цяпер, нібыта пасынкі, бо мы не працуем. Але ж раней мы працавалі!”

Не на шмат лепшая сытуацыя й з мэдычным абслугоўваньнем у чарнобыльскіх паселішчах. Пасьля паўторнага засяленьня ў вёсцы Гдзень таго ж Брагінскага раёну адкрылі так званы сацыяльны дом. Меркавалася, што тут колькі разоў на месяц будзе весьціся прыём вяскоўцаў прыязным лекарам. Цяпер у лепшым выпадку ў вёску заедзе мэдсястра.

У вёсцы Губарэвічы Хойніцкага раёну апошнія тутэйшыя жыхары распавядалі, што таксама ня маюць паўнавартаснай мэдычнай дапамогі.

Апавядае 79-гадовая мясцовая жыхарка Марыя Дашук:

“У нас у Стралічаве лякарня. Скажу вам, што ў той лякарні я ўжо ня ведаю, калі была. Яшчэ калі працавала, тады й была — мэдагляд праходзіла. Сьпіна зараз во баліць — стаяць нельга, хадзіць нельга, і я нікуды не іду. У Хойнікі мне ісьці, дык я ж ня прапісаная — у Хойніках могуць не прыняць. У Стралічаве рамантавалі лякарню, лекара не было. Дык я ўжо й не іду”.

Другая губарэвіцкая пэнсіянэрка Надзея распавяла пра свой досьвед лекаваньня:

“У мяне было кепска са шчытападобнай залозай. Я ў Хойнікі — там лекара няма. Я ў Гомель —накіраваньне далі. Там штосьці мацалі-мацалі, пробу бралі, у Менск паслалі. Далі таблетак, я іх піла-піла — і стала кепска з сэрцам. Так у нас усё… Лекарам жа таксама трэба заробак”.

Паштовая скрыня ў вёсцы Двор Савічы Брагінскага раёну

асартымэнт тавараў у аўталаўцы
XS
SM
MD
LG