Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гледзячы на Брусэль


Тое, што многія польскія страхі ад ўступленьня ў ЭЗ ня спраўдзіліся, імклівы рост дабрабыту знайшлі адлюстраваньне ў зьмене стаўленьня палякаў да сяброўства ў Эўразьвязе, зафіксаваным у сацыялягічных апытаньнях.

Стаўленьне грамадзства да сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе

2004

2007

2008

За

49%

80%

73%

Супраць

30%

10%

10%


Калі ў год уступленьня Польшчы ў Зьвяз за яго была толькі адносная, хаця і пераканаўчая большасьць, зараз станоўча ацэньвае сяброўства краіны ў Зьвязе большасьць абсалютная і пераважная. Большая, дарэчы, чым у Эўразьвязе ў сярэднім — па ўсіх 27 краінах сваім сяброўствам у Зьвязе задаволеныя 60% насельніцтва.

Пяцігадовае сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе мяняе ня толькі польскую эканоміку, а але палітыку, а дакладней палітычную філязофію палякаў. Слухаючы сваіх польскіх суразмоўцаў, я ўвесь час зьвяртаў увагу на дзіўны і ў чымсьці нават камічны кантраст паміж Польшчай і Беларусьсю. Гаворачы наконт амаль любога пытаньня зьнешняй палітыкі, суразмоўцы абавязкова ўзгадвалі Брусэль. Прычым Брусэль не як нейкі цэнтар, адкуль паступаюць загады, а як пляцоўку, дзе трэба ўзгадняць важныя рашэньні. Справа ў тым, што зараз Брусэль — гэта і Варшава таксама, але ня толькі Варшава.

Пры гэтым, як шчыра прызнаваліся суразмоўцы, польскі інтарэс, польскі гарызонт зьнешняй палітыкі - гэта ўсё ж збольшага Эўропа. Што
Польскі гарызонт зьнешняй палітыкі - гэта ўсё ж збольшага Эўропа.
тычыцца глябальнай палітыкі, то тут Польшча глядзіць на сьвет у значнай ступені нямецкімі і францускімі, а таксама амэрыканскімі вачыма.

Ня тое, што “шматвэктарная” Беларусь — Расея, Вэнэсуэла, Кітай, Індыя, Судан, Лібія, Італія, Літва, Азэрбайджан, дзяржава глябальнага мысьленьня і глябальнай палітыкі. Гэткі Савецкі Саюз у мініятуры. Ці ў карыкатуры.

Што лепш - адказ залежыць, відаць, ад густу. Якія такія выйгрышы атрымлівае Беларусь ад гойсаньня яе няўрымсьлівага кіраўніка па ўсёй зямной кулі і ад яго бліскучага зьнешнепалітычнага блефу — пытаньне спрэчнае. Але размовы з польскімі калегамі даюць уяўленьне пра кансэнсусную культуру прыняцьця рашэньняў у Эўразьвязе.

Напрыклад, зараз польская дыпляматыя даволі шчыльна працуе з краінамі Магрыбу — Алжірам, Марокка, Тунісам. Чаму і навошта? Таму што менавіта на іх накіраваная француская ініцыятыва рэгіянальнага супрацоўніцтва. І каб атрымаць згоду Парыжу на польскую ініцыятыву Ўсходняга партнэрства, даводзіцца дагаджаць Францыі ў Паўночнай Афрыцы.

У гэтым, дарэчы, часткова палягае і тлумачэньне, чаму Эўропа з такім энтузіязмам падтрымала новую палітыку адносна Беларусі - калі мэханізм выпрацоўкі палітыкі настолькі складаны і патрабуе вялікай колькасьці «абменаў інтарэсаў», выразная палітыка, якая прадугледжвае рашучасьць і гатоўнасьць ахвяраваць эканамічнымі інтарэсамі, выглядае проста малаімавернай.

Але нечаканасьці бываюць ня толькі прыемнымі.

“Польшча — рэгіянальны, а не стратэгічны партнэр ЗША”


Цяпер польская палітычная кляса адзіная ў крыўдзе на ЗША за рашэньне прэзыдэнта Абамы скасаваць разьмяшчэньне ў Польшчы і Чэхіі элемэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Рэдактар польскай вэрсіі часопісу Newsweek Міхал Кацэвіч пракамэнтаваў сытуацыю афарызмам у стылі Віктара Чарнамырдзіна “Ад адміністрацыі Абамы невядома чаго чакаць. А калі робіцца вядома, то высьвятляецца, што гэта ня тое, чаго мы чакалі”.

Некаторыя радыкальныя аглядальнікі ўжо параўналі рашэньне амэрыканскай адміністрацыі з Мюнхэнскай дамовай 1938 году. Былы польскі пасол у Вашынгтоне і Бэрліне Януш Рэйтэр быў больш стрыманы. Паводле яго ідэя разьмясьціць на польскай тэрыторыі супрацьракеты была ў Польшчы непапулярнай (дарэчы, радар у Чэхіі быў яшчэ больш непапулярным), але рашэньне Абамы было ўспрынята не з палёгкай, а з крыўдай на тое высакамерые, зь якім яно было зробленае.

Ветэран дыпляматыі ставіцца да гэтага па-філязоўску. Паводле яго насамрэч амэрыканцы заўсёды былі цяжкімі партнэрамі, гэта даўно
Амэрыканцы заўсёды былі цяжкімі партнэрамі.
ведалі краіны Заходняй Эўропы, зараз гэта пачынаюць разумець і палякі.

Рэакцыяй на скасаваньне супрацьракетнага праекту стала заява міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага, што “Польшча – не стратэгічны, а рэгіянальны партнэр ЗША”.

Мне гэта чамусьці нагадала знакамітую фразу Лукашэнкі пра тое, як беларусы будуць кідацца пад натаўскія танкі, калі тыя пойдуць праз Беларусь на Маскву. У падтэксьце гэтага вобразу — зразумелы працяг, а вось калі нейкія талібы ці ісламісты прыйдуць у Казахстан, Кіргістан ці Таджыкістан, то аб гэтым хай галава баліць у гэтых краінаў і у Расеі, Беларусь — рэгіянальны партнэр.


Польскія салдаты ваююць і гінуць у Іраку і ў Аўганістане, абедзьве вайны ў краіне непапулярныя, так што сэнс словаў міністра Сікорскага можа палягаць у тым, што гэтыя кантынгэнты будуць адтуль выведзеныя. Хаця наўрад ці. Нягледзячы на ўсе крыўды на ЗША , ў Польшчы ўсе разумеюць, што толькі яны — канчатковая гарантыя польскай бясьпекі, гарантыя ў тым ліку і ядзерная.

“Нас у Эўропе ніхто не чакае”


Вяртаючыся з Варшавы, ў цягніку думаў пра тое, якія непадобныя, але пры гэтым і падобныя суседнія краіны — Беларусь і Польшча. Узяць хаця б беларускае звыклае “нас у Эўропе ніхто не чакае”. Дык у пэўным сэнсе нікога не чакаюць.

Дарадца польскага прэзыдэнта ў міжнародных справах Марыюш Хандзьлік распавёў беларускім журналістам, што напачатку 90-х гадоў Эўразьвяз не хацеў нават весьці размову пра далучэньне да яго Польшчы, маўляў, ну там Мальту ці Эстонію мы яшчэ прыняць можам, а Польшчу — пра што вы гаворыце? Але ж пераканалі, давялі, прайшлі цяжкі і балючы шлях рэформаў і занялі “свой пачэсны пасад між народамі”, кажучы словамі беларускага клясіка.

Праўда, калі глядзець на вынікі апытаньняў, то Беларусь чакаюць і сапраўды ня надта.

Стаўленьне да пашырэньня Эўразьвязу

За

Супраць

Польшча

72

11

Нямеччына

31

54

ЭЗ у цэлым

42

38


Але так выглядае, што галоўнае – не чаканьне тых, хто прымае, а жаданьне тых, хто хоча быць прынятым. “Грукайце і адчыняць вам” – сказана ў Пісаньні.

У свой час архітэктар польскіх рэфармаў Лешак Бальцаровіч прыгадваў нямецкі выраз “польская праца”, які азначаў працу, мякка кажучы, ня самую лепшую. Бальцаровіч ня скардзіўся, не патрабаваў, каб немцы зьмянілі свае выслоўе, а казаў – мы павінны гэта зьмяніць і мы гэта зьменім. І зараз у Нямеччыне тое вызначэньне адмерла само сабой, бо польская праца стала добрай працай.

Наўрад ці Беларусь паўторыць шлях Польшчы крок у крок, па меншай меры паводле прагнозаў польскіх экспэртаў у палітыцы і эканоміцы ён будзе істотна іншым.

Але як і польскі шлях, ён можа быць толькі шляхам з царства мрояў і казак у царства рэальнасьці.

Польскі дзёньнік. Частка 1
Польскі дзёньнік. Частка 2
Польскі дзёньнік. Частка 3
Польскі дзёньнік. Частка 4
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG