Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЭС: улада раіцца з грамадзкасьцю?


Belarus - Chornobyl march, Minsk, 26Apr2009
Belarus - Chornobyl march, Minsk, 26Apr2009

9 кастрычніка ў Астраўцы Гарадзенскай вобласьці адбудуцца грамадзкія слуханьні па ацэнцы ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе.

Мэта слуханьняў у Астраўцы, як дэкляруюць беларускія ўлады – максымальна ўлічыць меркаваньні шырокіх колаў грамадзкасьці, навукоўцаў, экспэртаў па мінімізацыі нэгатыўнага ўплыву будаўніцтва і эксплюатацыі АЭС на навакольнае асяродзьдзе. Да таго ж, гэта патрабаваньне Орхускай канвэнцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, зьвязаных з навакольным асяродзьдзем. Ці прыслухаюцца ўлады да голасу грамадзкасьці?

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя падрыхтавала сваю ацэнку: «У цэлым АЭС – экалягічна бясьпечная. У пэрыяд інжынэрнай падрыхтоўкі тэрыторыі і будаўніцтва магчымае нязначнае ўзьдзеяньне на глебу, расьліннасьць і жывёльны сьвет... Але пазначаныя зьмены не акажуць шкоднага ўплыву на экасыстэмы, што прылягаюць да межаў пляцоўкі станцыі».

Але ня ўся грамадзкасьць перакананая ў бясьпечнасьці АЭС. Увесну 2009 года арганізаваны грамадзкі рух «Навукоўцы – за без'ядзерную Беларусь», у складзе якога -- усясьветна вядомы адмыслоўца па вывучэньні тэктанічных разломаў прафэсар Павал Атрушкевіч; ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін; ліквідатар, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Іван Нікітчанка, фізык-ядзершчык Ягор Фядзюшын. Яны падрыхтавалі сур'ёзныя навуковыя абгрунтаваньні. Прафэсар Георгій Лепін прывёў толькі адзін аргумэнт:

“Як падбіраецца пляцоўка пад адказнае будаўніцтва? Ёсьць цэлая тэхналёгія гэтага падбору. Дык у нас ня выкананы не адзін пункт з гэтых патрабаваньняў. Дык пра якое адказнае будаўніцтва можа ісьці гаворка?”

Былы народны дэпутат СССР Юры Варонежцаў, фізык, кандыдат тэхнічных навук вывучаў, як падобныя слуханьні праводзяцца ў іншых краінах. Што да сёньняшніх слуханьняў, ён кажа:

“Слуханьні ладзяцца ў Астраўцы. Там заля будзе ўмяшчаць усяго 250 чалавек. Мяне гэта насьцярожвае, бо грамадзкія слуханьні – гэта ня проста разавае мерапрыемства ў райцэнтры. Павінна быць некалькі паседжаньняў з прыцягненьнем экспэртаў, грамадзкасьці, палітычных структур. Таму ў мяне ёсьць вялікія апасеньні, што ня ўсё пачуюць”.

Дарэчы, перад пачаткам будаўніцтва газаправоду Nord Stream у Балтыйскім моры (а тут закраналіся інтарэсы Расеі, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі і Нямеччыны) – было праведзена больш за 30 грамадзкіх слуханьняў у розных краінах. І слушныя заўвагі і меркаваньні экспэртаў былі ўлічаныя, першапачатковы праект быў істотна зьменены.

Экс-старшыня Савету Рэспублікі, акадэмік Аляксандар Вайтовіч выказаў такое меркаваньне:

“Усё будзе так фармалізавана і так абстаўлена, што вынік загадзя вядомы. І наагул, абмеркаваньня такога шырокага і ўсеабдымнага, такога, каб усе бакі ўдзельнічалі, не адбудзецца. З-за таго, што ў нас такая сыстэма, што да грамадзкасьці не прыслухоўваюцца. Хаця калі трэба, арганізуюць як трэба. Вось так усё адбудзецца, на маю думку”.

Ці абавязаныя ўлады прыслухацца да голасу грамадзкасьці? Дацэнт юрыдычнага факультэта БДУ, юрыст-кансультант Беларускага Орхускага цэнтру Алена Лаеўская кажа:

“Ёсьць заканадаўчая аснова для гэтага. А наконт таго, паслухаюць ці не паслухаюць – тут вам нават гасподзь Бог нічога ня скажа. Ёсьць дакладнае патрабаваньне арганізаваць, правесьці абмеркаваньне, паслухаць людзей, х заўвагі. Але ні ў адной краіне сьвету няма такога, каб любая заўвага грамадзкасьці была ўлічаная”.

Юрыст Алена Лаеўская раіць грамадзкасьці выкарыстоўваць і іншыя мэханізмы:

“Грамадзяне пасьля грамадзкіх слуханьняў могуць зьвяртацца ў суд і ставіць пытаньне пра тое, каб рашэньне было адмененае, паколькі яно не адпавядае ў дадзеным выпадку патрабаваньням экалягічнага заканадаўства. Бо грамадзкія слуханьні зьяўляюцца адным з многіх дэмакратычных інструмэнтаў, але не адзіным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG