Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква запатрабуе прадпрыемствы за танны газ


“Газпром” ня мае намеру адыходзіць ад папярэдніх дамоўленасьцяў наконт цэнаў на газ для Беларусі, што прадугледжваюць іх паэтапнае павышэньне”, — заявіў старшыня праўленьня Газпрому Аляксей Мілер. Ці ўдасца расейскаму газаваму манапалісту навязаць свае погляды на фармаваньне цаны? Ці ёсьць нейкія козыры ў пазыцыі беларускага боку, які патрабуе захоўваць і надалей ільготныя цэны? Які ўплыў на цану на газ маюць Мытны саюз і ваенныя вучэньні?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак і былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч.

Тацяна Манёнак
Валянцін Мацкевіч
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: “Газпром” заяўляе, што ня мае намеру адыходзіць ад папярэдніх дамоўленасьцяў наконт цэнаў на газ для Беларусі, якія прадугледжваюць іх паэтапнае павышэньне. Ці азначае гэтая цьвёрдая заява Аляксея Мілера, што Газпром сапраўды будзе стаяць да апошняга і не адыдзе ад гэтых дамоваў? Ці, як гэта ўжо неаднаразова бывала, беларускаму боку ўдасца адстаяць сваю пазыцыю і зьнізіць цану?

Ці вырашае нешта сам Газпром?


Манёнак: “Газпром як суб’ёкт гаспадараньня зацікаўлены ў максымальна выгаднай для сябе цане на газ, маючы на ўвазе і складанае фінансавае становішча кампаніі, тое, што зьнізіліся пастаўкі прыроднага газу ва Ўкраіну, дзяржавы Заходняй Эўропы. Але ці вырашае нешта сам Газпром? Пытаньне рытарычнае. Дастаткова нагадаць сёлетні чэрвень, калі Газпром прыгразіў Беларусі штрафнымі санкцыямі, зваротам у суд, — калі Беларусь не аплаціць запазычанасьці за прыродны газ. Але гэта не адбылося, бо газавае пытаньне сёньня — найперш палітычнае пытаньне. Таму Газпром можа рабіць любыя заявы, але пытаньне цаны будзе вырашацца на ўзроўні прэзыдэнтаў і прэм’ера”.

Цыганкоў: “Якія аргумэнты беларускага боку могуць прагучаць найбольш пераканаўча?”

Мацкевіч: “У беларускіх уладаў у такіх перамоваў з кожным годам аргумэнтаў усё меней. Улічваючы тое, што Расея стратэгічна будуе абходныя газаправоды — “Паўночную плынь”, “Паўднёвую плынь”, укладваючы туды вялікія грошы. Адзін зь беларускіх тактычных козыраў — назапашваньне мазуту. Мазут зноў будзе назапашвацца ў як мага большай колькасьці, каб перажыць нейкія крызісныя моманты. Ну і вядома, ёсьць аргумэнты палітычныя”.

І Расея моцна залежыць ад Беларусі


Цыганкоў: “Гэтыя газаправоды — справа будучыні, толькі пасьля гэтага Расея здолее гаварыць зь Беларусьсю з пазыцыі сілы. Але пакуль беларускія ўдзельнікі перамоваў могуць карыстацца тым, што ёсьць на сёньняшні момант”.

Мацкевіч: “Так, на сёньня ад Беларусі і Ўкраіны манапольна залежыць транзыт газу. І гэта якраз адзін з аргумэнтаў — магчымыя сумесныя дзеяньні Беларусі і Ўкраіны. Вельмі шкада, што фактычна нічога ня робіцца ў гэтым накірунку”.
Адзін з аргумэнтаў — магчымыя сумесныя дзеяньні Беларусі і Ўкраіны. Вельмі шкада, што фактычна нічога ня робіцца ў гэтым накірунку.


Манёнак: “Пакуль новыя расейскія газаправоды не пабудованыя, яе залежнасьць ад беларускага і ўкраінскага транзыту відавочная і несумненная. Я б зьвярнула ўвагу на тое, што мазут у Беларусі сапраўды выкарыстоўвалі ў сьнежні мінулага году і тры месяцы гэтага. Гэта было вельмі выгадна, бо на экспарт пускаць гэты від нафтапрадуктаў было вельмі неэфэктыўна. І Беларусь атрымала дзякуючы замяшчэньню прыроднага газу мазутам эфэкт 302 мільёнаў даляраў. І, вядома, калі гэта будзе па-ранейшаму выгадна — будуць тапіць мазутам. Але пакуль не вядома, якая будзе кан’юнктура на нафтавым рынку.

Варта адзначыць, што і Расея моцна залежыць ад Беларусі. У Расеі па беларускай тэрыторыі праходзіць газаправод “Ямал-Эўропа”. Гэта яе ўласнасьць, але калі вельмі жорстка пойдуць перамовы, то тут ёсьць рычагі ўзьдзеяньня на Расею — падвышэньне коштаў арэнды, паслугаў, транзыту. Таму я ня думаю, што Расея пойдзе на моцны канфлікт”.

Цыганкоў: “Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў у інтэрвію “Інтэрфаксу” заявіў, што цана на газ для Беларусі на наступны год можа скласьці 165-168 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пра такую цану казаў і віцэ-прэм’ер Сямашка. Чаму расейскі амбасадар агучвае фактычна лічбы, якія выгадныя беларускаму боку?”

Манёнак: “Сурыкаў, відаць, ня бачыў формулы ўтварэньня цаны. Ягоныя разьлікі вельмі прыкладныя — зыходзячы зь якой “эўрапейскай” цаны ён браў гэты кошт? Тое, што ён назваў, гэта вельмі мяккі для Беларусі кошт”.

Я так разумею, што калі б Беларусь зрабіла крокі ў палітычным сэнсе, прызнала б Абхазію і Паўднёвую Асэтыі — тады б зусім па-іншаму ішлі б перамовы і па газе, і па нафце, і па расейскім крэдыце?”

Масква будзе патрабаваць даволі жорстка нейкіх саступак, нейкага ўдзелу ў прыватызацыі.


Цыганкоў: “Ваш прагноз — ці ўдасца Беларусі зноў дабіцца пераносу павышэньня коштаў на газ?”

Мацкевіч: “Я думаю, не. Па-першае, гэтая формула зафіксаваная ў дамове. 31 сьнежня 2006 году на Новы год, пасьля вялікага скандалу, Сідорскім была падпісаная гэтая дамова пра пастаўкі газу на 5 гадоў. А цяпер яны раптам хочуць адтэрмінаваць. Як гэта? Мне здаецца, пры ўсіх аргумэнтах гэта немагчыма”.

Манёнак: “Трэба заўважыць, што афіцыйна аб’яўлена, што каэфіцыэнт ужо скарэктаваны сёлета на карысьць Беларусі і ўжо Беларусь атрымлівала ільготны кошт. Я думаю, аднак, што перамовы будуць цяжкімі і без палітычнага пацяпленьня атрымаць пажаданы кошт будзе даволі складана.

Я ведаю, што Расеяй прапанавана праграма “пашыранага супрацоўніцтва” ў палічнай сфэры. Там будзе ісьці размова пра ўдзел альбо самога “Газпрома” альбо ягоных “дачок” у магчымай прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Я ведаю, што ў гэтую праграму ўнесеныя “Нафтан”, Палімір”, Гомельскі хімічны завод, “Азот”. Вельмі складана будзе атрымаць Менску эканамічныя дывідэнды, калі ён не прапануе ўзамен Расеі штосьці прывабнае. Масква будзе патрабаваць даволі жорстка нейкіх саступак, нейкага ўдзелу ў прыватызацыі.

Зь іншага боку, Мытны саюз — гэта добры фон для спрыяльнага для Беларусі фіналу. Ня думаю, што Расея захоча зараз канфліктаваць з адным з галоўных сваіх саюзьнікаў напярэдадні стварэньня і рэалізацыі дадзенага праекту. Расеі б хацелася, каб гэта было і публічна аформлена вельмі пазытыўна. Таму будуць шукаць кампраміс у гэтым пытаньні”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG