Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Злодзеі скульптуру апаганілі, чыноўнікі так і кінулі


Апаганеная скульптура больш за месяц ляжала пад дрэвам.

Апаганеная скульптура больш за месяц ляжала пад дрэвам.

У Магілёве зьнікла драўляная скульптура “Нясучая крыж”. Да гадавіны чарнобыльскай катастрофы яе вырабіў і падарыў гораду ў 1989 годзе менскі скульптар Аляксандар Фінскі. Тады гарвыканкам праводзіў чарнобыльскі пленэр.

Больш за месяц скульптура ляжала паваленай пад дрэвам у сквэрыку на праспэкце Міру — за дзесяць мэтраў ад месца яе ўсталяваньня. Сёньня аб адзінаццатай яе ўжо не было. На газоне засталіся толькі адбіткі колаў грузавіка і грудок пяску.

Пазаўчора у аддзел ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму зьвярнуўся прафсаюзны актывіст Андрэй Дзьвігун з просьбай паспрыяць у правядзеньні талакі. На ёй моладзь зьбіралася ўсталяваць скульптуру на месца:

Тут стаяла скульптура.
“Мне паведамілі, што навошта праводзіць талаку, калі ёсьць на гэта камунальныя службы і што яны выправяць гэтую сытуацыю. Яны цікавіліся, што гэта за скульптура, казалі, што нічога ня ведаюць пра гэтую праблему. Я так думаю, што ў лепшым выпадку гэтую скульптуру забралі на рэстаўрацыю і потым паставяць на месца, аднак у гэта слаба верыцца. На колькі я ведаю, цяпер трымаюць у тайне, дзе цяпер гэтая скульптура. Немагчыма даведацца, куды яе вывезьлі”.

Моладзь дэлегавала ў гарвыканкам прадстаўніка, каб заручыцца падтрымкай на выпадак непаразуменьняў зь міліцыяй падчас правядзеньня талакі. Міліцыянты ў Магілёве насьцярожана ставіцца да сходак апазыцыйна настроенай моладзі.

24 верасьня ў аддзеле культуры гарвыканкаму і прыёмнай намесьніка старшыні гарвыканкаму Фёдара Міхеенкі абяцалі разабрацца з актам вандалізму ў адносінах да чарнобыльскага падарунка Магілёву. Сытуацыя, аднак, не зьмянілася.

Хто, навошта і куды вывез твор Аляксандра Фінскага высьветліць не ўдалося. Ніводная з камунальных арганізацыяў, якія займаюцца ўпарадкаваньнем гораду, не ўзяла на сябе такой адказнасьці. У ідэалягічным аддзеле гарвыканкаму зноў паабяцалі разабрацца з сытуацыяй.

Аляксандар Фінскі аўтар помнікаў Сімяону Полацкаму і беларускаму алфавіту ў Полацку. Ягоныя працы ўпрыгожваюць Менск ды Нясьвіж. Ёсьць ягоныя скульптуры і ў замежжы: у Пэкіне, Маскве, у шэрагу гарадоў Аўстрыі.
XS
SM
MD
LG