Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі судзяць верніка, які хоча альтэрнатыўнай службы


Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля распачата слуханьне крымінальнай справы ў дачыненьні да верніка пратэстанцкай царквы «Сьведкі Яговы» 23-гадовага Дзьмітра Смыка. З падачы гарадзкога ваенкамату пракуратура абвінавачвае спадара Смыка ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу.

Смык: “Я ні ў якім разе не адмаўляюся выканаць свой абавязак перад дзяржавай. Але я хацеў бы гэта зрабіць альтэрнатыўным спосабам. У мяне такія перакананьні, выхаваныя на аснове Бібліі. Калі я буду служыць у войску, я парушу клятву, дадзеную Богу. Я згодны на альтэрнатыву. Разумею, што гэта будзе большы тэрмін, чым служба ў войску і праца будзе ня зь лёгкіх. Але я гатовы на такі крок, каб застацца пры сваіх перакананьнях і не парушаць свабоду свайго сумленьня”.

Вернікам пратэстанцкай абшчыны Сьведкі Яговы спадар Дзьмітры стаў у 2004 годзе пасьля нараджэньня дачкі. Тады ж ён атрымаў адтэрміноўку ад службы на тры гады. Яшчэ паўтара года яго не чапалі, прызнаўшы абмежавана годным да войска.

Сёлета ўлетку Дзьмітра зноў выклікалі на мэдычную камісію ў ваенкамат і чарговы раз прызналі абмежавана годным да войска. Гэта засьведчыў у судзе лекар аддзяленьня прызыву гарадзкога ваенкамату Мікалай Борыс. Ён, аднак, ня змог уцямна патлумачыць, ці існуе цяпер у Беларусі альтэрнатыўная служба. Прынамсі, такой службай лекар лічыць службу ў рэзэрве.

Сам вернік патлумачыў, што не зьявіўся 23 ліпеня па позьве на прызыў, бо тлумачыў камісіі, што, паводле Канстытуцыі й закону аб вайсковай павіннасьці, мае права на альтэрнатыўную службу. Аднак да ягоных слоў прызыўная камісія ня стала прыслухоўвацца. Служы — і ўсё тут.

Дзяржаўны абвінаваўца й судзьдзя Дзьмітрэнка, які разглядае справу, намагаліся высьветліць у верніка Смыка й ягоных сьведкаў, маральна гэта ці не — адным служыць, іншым — не. І што б было, калі б усе па прыкладзе Дзьмітра ня бралі ў рукі зброю. І чулі адказ: не было б войнаў.

Суд над вернікам Смыкам будзе працягнуты 19 кастрычніка. Вырашана заслухаць прадстаўніка ваенкамату падпалкоўніка Бурсевіча, які сёньня ў суд не прыйшоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG