Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Асіпенка: “Тату сказалі, што выставяць яму яшчэ нейкі артыкул”


Людміла Асіпенка

Людміла Асіпенка

Яшчэ на месяц працягнута папярэдняе расьсьледаваньне справы ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, у якой фігуруюць, паводле зьвестак, чатыры чалавекі. Сярод іх зьявіўся новы фігурант з Гародні.

8 месяцаў таму ў Ваўкавыску арыштавалі мясцовага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенку, якіх з таго часу трымаюць у менскім сьледчым ізалятары. Дачка Асіпенкі Людміла сёньня бачылася з бацькам і ад яго даведалася пра падаўжэньне расьсьледаваньня яшчэ на месяц — нібыта для азнаямленьня з матэрыяламі сьледства, якое з большага завершанае.

“Ён сказаў, што ўчора яму ўручылі пастанову аб падаўжэньні ўтрыманьня пад вартай у сувязі з працягам расьсьледаваньня яшчэ на месяц для азнаямленьня з матэрыяламі сьледзтва напярэдадні суду. А сёньня мусяць ўручыць пастанову аб абвінавачаньні. Альбо папярэдняе, альбо нешта іншае дададуць. Кажа, што нібыта папярэдзілі, што будзе нешта іншае”.

Паводле дачкі Людмілы, Уладзімер Асіпенка не прызнае сябе вінаватым.

Людміла Асіпенка: “Зь Мікалаем Аўтуховічам ён даўно ня бачыўся. Сумесных сьледчых дзеяньняў апошнім часам не праводзілі”.

Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра падаўжэньне расьсьледаваньня, спаслаўшыся на забарону сьледчых. Як юрыст, Павал Сапелка патлумачыў, што азнаямленьне з матэрыяламі сьледзтва ўваходзіць у агульны тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня.

Кіраўнік сьледчай групы Віктар Клачко ўвогуле адмаўляецца ад кантактаў з прэсай.

Праваабаронца Алег Воўчак, спасылаючыся на свае крыніцы, пацьвердзіў, што расьсьледаваньне справы Аўтуховіча працягнутае яшчэ на месяц. Паводле Алега Воўчака, гэта тлумачыцца тым, што адносна Аўтуховіча і Асіпенкі цяпер на першы плян выйшла справа пра падрыхтоўку да тэрарызму. Нібыта у гэтай сувязі ў справе цяпер фігуруе яшчэ адзін абвінавачаны — нейкі Міхаіл Казлоў з Горадні.

Алег Воўчак
“Вось толькі што стала вядома пра зьяўленьне чацьвёртага абвінавачанага ў справе. Былі Ларын, Асіпенка і Аўтуховіч, зараз зьявіўся нейкі Міхаіл Казлоў з Гародні”.

Паводле Алега Воўчака, Міхаіл Казлоў быў датычны да гранатамёта, які ў кастрычніку 2005 году знайшлі ў Горадні. Ранейшыя зьвесткі пра гранатамёт, знойдзены ў Ваўкавыску, Алег Воўчак зараз называе несапраўднымі. Паводле праваабаронцы, менавіта падчас праверкі знойдзенага ў Гародні гранатамёту ўзьнікла імя Міхаіла Казлова, але тады справу нібыта спынілі. Чаму яе аднавілі цяпер, праваабаронцу Алегу Воўчаку невядома.

Нагадаем, ад пачатку разам зь Мікалаем Аўтуховічам і Ўладізмерам Асіпенкам быў арыштаваны Юрый Лявонаў. Усіх трох абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. У жніўні Юрыя Лявонава вызвалілі пад падпіску пра нявыезд, а ў верасьні цалкам зьнялі з яго усе абвінавачаньні. Юрый Лявонаў дамагаецца адкрытага працэсу па справе Аўтуховіча. “Калі працэс будзе адкрыты, ёсьць шанец, што Аўтуховіча і Асіпенку апраўдаюць”, — кажа Юрый Лявонаў.

Праваабаронцы і шмат хто ў апазыцыі ў Беларусі мяркуюць, што Аўтуховіча і Асіпенку перасьледуюць за іх барацьбу з карупцыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG