Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Палата прадстаўнікоў ратыфікавала рамачнае пагадненьне паміж урадам Беларусі і Камісіяй эўрапейскіх супольнасьцяў. За гэта прагаласавалі ўсе 98 дэпутатаў, якія бралі ўдзел у паседжаньні. Такім чынам, ад сёньняшняга дня створана прававая аснова для далейшага супрацоўніцтва ў сфэры тэхнічнай дапамогі з боку Эўракамісіі.

Да 2011 году Эўракамісія плянуе выдзеліць Беларусі 20 мільёнаў эўра. Па ўзаемнай дамоўленасьці вызначаны тры прыярытэты: энэргетыка і прыродаахоўная дзейнасьць (па 5 мільёнаў), а таксама стандартызацыя — 10.

Гэтыя грошы даюцца ў рамках Эўрапейскага інструмэнту добрасуседзтва і партнэрства. Ён прыйшоў на зьмену праграмы TACIS.

Сяргей Алейнік
Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік у сваім выступе перад дэпутатамі гаварыў пра значэньне такой дапамогі:

“Эўрапейскі Зьвяз зьяўляецца найбуйнейшым донарам тэхнічнага садзейнічаньня Беларусі.
больш за 40% ад усёй тэхнічнай дапамогі, якую наша краіна атрымала з 1991 году ...
За час дзеяньня праграмы TACIS у Беларусі рэалізавана 320 праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі на суму звыш 200 мільёнаў эўра. Гэта больш за 40% ад усёй тэхнічнай дапамогі, якую наша краіна атрымала з 1991 году”.

Праект рамачнага пагадненьня Брусэль накіраваў у Менск яшчэ ў лютым 2006 году. Падпісалі яго толькі ў сьнежні 2008-га, пасьля адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы.

Ігар Лялькоў — палітоляг, кіраўнік Беларускага Шуманаўскага таварыства тлумачыць затрымку так:

Ігар Лялькоў
“Дастаткова паглядзець на ўзровень дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам два гады таму, калі прымаўся Эўрапейскі інструмэнт. Тады не было пэўнасьці што да таго, якім чынам, у якім кірунку гэтыя дачыненьні будуць разьвівацца. А цяпер, калі ўжо можна цалкам казаць пра адлігу ў дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу, то зьявілася пэўнасьць, што гэта праграма будзе працаваць. Таму дэпутаты і атрымалі каманду ратыфікаваць пагадненьне”.

Намесьнік міністра замежных спраў засяродзіў увагу дэпутатаў на тым, што беларускі бок дамогся падпісаньня яшчэ і спэцыяльнага пратаколу да рамачнага пагадненьня.

“На практыцы гэта азначае, што сродкі міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЭЗ будуць вылучацца на ажыцьцяўленьне ў нашай краіне менавіта толькі тых праграм і праектаў, якія ўхваліў беларускі ўрад. І якія ён прызнаў адпавядаючыя нацыянальным інтарэсам Беларусі”.

З гэтай нагоды Ігар Лялькоў мяркуе:

“Тут ёсьць два варыянты. І я асабіста схіляюся да другога. Альбо Эўразьвяз цалкам адмаўляецца ад праектаў, зьвязаных з дэмакратыяй, правамі чалавека, лепшым кіраваньнем. Альбо фінансаваньне гэтых праектаў будзе ісьці іншым шляхам”.
XS
SM
MD
LG