Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыстка ў польскім урадзе


З-за карупцыйнага скандалу 3 міністры польскага ўраду пакідаюць свае пасады.

Скандал пачаўся з таго, што Цэнтральная антыкарупцыйная ўправа Польшчы высьветліла, што лідэр парлямэнцкай фракцыіі кіроўнай партыі “Грамадзянская плятформа” Зьбігнеў Хлябоўскі мае дачыненьне да лёбінгу інтарэсаў гульнявога бізнэсу.

Праз некаторы час газэта “Rzeczpospolita” надрукавала запісаную спэцслужбамі стэнаграму размоваў Хлябоўскага з бізнэсоўцамі, якія просяць зьмяніць праект новага закону аб гульнявым бізнэсе на іхную карысьць. Кошт гэтай просьбы для бюджэту – каля паўмільярда злотых у год.

Публікацыя выклікала сапраўдны землятрус у польскай палітыцы. Апазыцыя абвінаваціла ўрад Туска ў адсутнасці прынцыпаў і продажы дзяржаўных інтарэсаў.

Цяпер Хлябоўскі, шэф фракцыі кіроўнай партыі апраўдваецца, кажучы, што вымушаны быў працаваць над прыняцьцем закону сам, што міністар спорту Джэвецкі, нават віцэ-прэм’ер і міністар унутраных справаў Схэтына, не дапамагалі яму. Хлябоўскага пазбавілі пасады.

Але пацярпелі і іншыя. У сувязі са скандалам прэм’ер Туск пайшоў на чыстку свайго кабінэту. Ён ня меў выбару. Бо ў наступным годзе – прэзідэнцкія выбары і Дональд Туск мае шанцы перамагчы на іх. Гэтая справа значна пашкодзіла б ягонай кампаніі. Таму прэм’ер заявіў аб звальненьні з пасадаў віцэ-прэм’ера Гжэгажа Схэтыну, міністра юстыцыі Анджэя Чумы, намесьніка міністра эканомікі Адама Шэйнфэльда. Усе яны, паводле Туска, як і некалькі дзён таму міністар спорту Міраслаў Джэвэцкі, самі зьвярнуліся з заявамі аб адстаўцы.

Адначасова Туск пачаў працэдуру звальненьня і кіраўніка Цэнтральнай антыкарупцыйнай управы Марыюша Каміньскага, блізкага паплечніка лідэра апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць” Яраслава Качыньскага, заявіўшы, што ён выкарыстоўвае гэтую структуру для палітычных мэтаў.

Адметна, што карупцыйны скандал не паўплываў на папулярнасьць партыі Дональда Туска, якую надалей падтрымлівае каля паловы палякаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG