Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З калёніі выйшла на волю Яўгенія Бачурная


Яўгенія Бачурная

Яўгенія Бачурная

Сёньня з Гомельскай жаночай калёніі выйшла на волю прадпрымальніца з Наваполацку Яўгенія Бачурная.

Скончыўся ейны тэрмін пакараньня: 3,5 года пазбаўленьня волі паводле артыкулу 216 — нанясеньне шкоды маёмасьці. Апошнія 39 дзён зьняволеньня жанчына трымала галадоўку на знак пратэсту супраць умоў у калёніі.

Ля турэмнай брамы жаночай калёніі Яўгенію Бачурную сустракалі з кветкамі муж Уладзімер Журба, прадпрымальнікі й
праваабаронцы.

Першае пытаньне -- пра самаадчуваньне пасьля галадоўкі:

“Болі ў страўніку, ваніты. У мяне ў апошнія дні пачаліся ваніты страўнікавым сокам, галавакружэньне, слабасьць. Я спрабавала тры разы пастаяць, але не магу — кружыцца галава й слабасьць. Я сёньня выпіла крыху разбаўленага соку й буду яшчэ два тыдні выходзіць з галадоўкі. Я вымушана была абвясьціць галадоўку, каб прыцягнуць увагу да неправамерных дзеяньняў супрацоўнікаў калёніі. Пасьля мяне галадоўку абвяшчалі яшчэ пяць жанчын. Кіраўніцтва пайшло ім насустрач, і ўсе пытаньні, якія яны ўзьнімалі, вырашылі цягам 2-3 дзён”.

Спадарыня Бачурная паведаміла, што пасьля выхаду з галадоўкі зоймецца праваабарончай дзейнасьцю па сямі накірунках — “сямі франтах”, як яна кажа. Дзеля гэтага скарыстае веды, набытыя ў месцах пазбаўленьня волі, у крымінальным, гаспадарчым, грамадзянскім праве. Але найперш будзе аспрэчваць сваё пакараньне:

“Мае пляны на самы бліжэйшы час — дамагчыся поўнага апраўданьня й рэабілітацыі. У маёй крымінальнай справе карысьлівыя мэты — гэта мае намаганьні, скіраваныя на захаваньне й працяг гаспадарчай дзейнасьці майго прадпрыемства. Уся эканоміка трымаецца на тым, каб кіраўнік захоўваў прадпрыемства й працягваў гаспадарчую дзейнасьць у адпаведнасьці з законам. Мяне ж за гэта каралі — як за крымінальнае дзейства”.

Iгар Леднік, кардынатар праваабарончага руху “Наша Беларусь”, які сустракаў сёньня Яўгенію Бачурную, лічыць яе ўчынкі ўзорам мужнасьці нават для мужчынаў-прадпрымальнікаў.

Кіраўнік кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Беларусі Анатоль Зьмітровіч лічыць, што шматлікімі пакараньнямі бізнэсоўцаў улады імкнуцца ня даць узнікнуць у краіне паўнавартаснай сярэдняй клясе:

“Гэта адмыслова робіцца чыноўнікамі, каб ня даць утварыцца сярэдняй клясе. Сярэдняя кляса — гэта аснова асноў любой эўрапейскай краіны. Натуральна, яна мае сваіх прадстаўнікоў ва ўладзе — усё на падставе закону. Натуральна, лабіруе інтарэсы бізнэсоўцаў. У нас жа зьявіўся такі чыноўнік, як кляса. Ён усім распараджаецца, усе астатнія яму — канкурэнты”.

Грамадзкі актывіст і праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, які таксама сустракаў прадпрымальніцу Бачурную, зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі тысячы прадпрымальнікаў сядзяць у турмах:

“Па афіцыйных лічбах, у нас цяпер сядзіць 12 тысяч прадпрымальнікаў. Такая колькасьць людзей, якія нібыта зьдзейсьнілі эканамічныя злачынствы ў Беларусі, — гэта ненавуковая фантастыка. Абсалютна ненармальна, што жанчыну давялі да таго, што яна вымушаная была галадаваць амаль сорак дзён.

Падаецца, што ў пытаньнях зьнішчэньня беларускага бізнэсу ўлады перагнулі, перайшлі ўсе межы. І сапраўды гэтае пытаньне робіцца ўжо пытаньнем нацыянальнай бясьпекі — наколькі пры цяперашняй уладзе здольны выжываць бізнэс”.

XS
SM
MD
LG