Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кішынёў — “брацкая магіла” прэзыдэнцкага клюбу?


9 кастрычніка ў Кішынёве адбудзецца паседжаньне Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД. У ім плянуе ўзяць удзел і Аляксандар Лукашэнка. Між тым, паводле папярэдніх зьвестак, як мінімум чатыры прэзыдэнты зьбіраюцца праігнараваць заўтрашнюю нараду ў Малдове.

Некаторыя экспэрты ўжо ахрысьцілі маючы адбыцца саміт “пахаваньнем Садружнасьці”. Без тлумачэньня прычынаў прэзыдэнты Казахстану, Таджыкістану, Узбэкістану і Туркмэністану адмовіліся ехаць у Малдову.

Ня выключана, што карэктывы могуць адбыцца і непасрэдна ў дзень саміту. Прэсавая служба прэзыдэнта Расеі паведаміла, што не адбудзецца заплянаваная сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны. А гэта значыць, Віктар Юшчанка таксама можа праігнараваць збор у Кішынёве — ініцыятарам двухбаковых перамоваў была менавіта Ўкраіна. Дарэчы, уласна Малдову з аб’ектыўных прычынаў таксама прадстаўляе не прэзыдэнт, а старшыня парлямэнту Міхай Гімпу — да моманту абраньня прэзыдэнта ён па сумяшчальніцтве выконвае абавязкі першай асобы ў дзяржаве.

Палітоляг Пётар Марцаў выказвае меркаваньне, што СНД ужо шмат гадоў не выконвае іншай функцыі, апроч дэкаратыўнай:

Пётар Марцаў
“СНД ужо даўно называюць прэзыдэнцкім клюбам. Калі казаць пра нейкі эфэктыўны міждзяржаўны мэханізм, то наўрад ці ён вытрымлівае крытыку — там гістарычна многія рашэньні не прымаюцца гадоў па дзесяць. Разам з тым, як прэзыдэнцкі клюб структура можа быць яшчэ досыць эфэктыўнай. Прэзыдэнты могуць сам-насам пакантактаваць, пра нешта дамовіцца. Але, шчыра кажучы, пры жаданьні яны таксама маглі б дамаўляцца безь яго”.

Папярэдні саміт кіраўнікоў СНД адбыўся 10 кастрычніка 2008 году ў Бішкеку. Па выніках сустрэчы, якую тады прапусьцілі прэзыдэнты Грузіі, Ўкраіны і Азэрбайджану, абвешчаная стратэгія эканамічнага разьвіцьця Садружнасьці да 2020 года. Удзельнікі падпісалі Канвэнцыю аб памежным супрацоўніцтве дзяржаваў-удзельніцаў СНД і пагадненьне аб Савеце міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Прыняты рашэньні аб прызнаньні супрацоўніцтва ў сфэры энэргетыкі прыярытэтным кірункам ўзаемадзеяньня, зацьверджаны плян мерапрыемстваў у падрыхтоўцы да сьвяткаваньня 65-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таксама 2009 год быў абвешчаны Годам моладзі СНД.

Наколькі рэалізаваныя тыя пляны, можна меркаваць хоць бы па сытуацыі з намерам аблегчыць візавы рэжым у 50-кілямэтровых памежных зонах. Аднак нават нядаўні візыт Лукашэнкі ў Вільню так і ня зрушыў дэкляраваныя пляны зь месца. Да таго ж, ад таго часу поставецкі тузін панёс істотныя страты: у выніку мінулагодняй расейска-грузінскай вайны пра выхад з СНД заявіла Грузія. Цяпер сябрамі Садружнасьці зьяўляюцца 11 краінаў: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан і Ўкраіна.

Напярэдадні сёлетняга саміту кіраўнік праграмаў СНД у Савеце зьнешняй палітыкі Нямеччыны, экспэрт-русіст Аляксандар Рар заявіў пра няпаўнавартаснасьць СНД у цяперашнім выглядзе. У інтэрвію расейскім СМІ ён, у прыватнасьці, адзначыў: калі на саміт не прыяжджаюць сябры АДКБ, куды ўваходзяць разам зь Беларусьсю, Расеяй і Армэніяй “адказьнікі” — Казахстан, Таджыкістан і Ўзбэкістан, — то можна казаць пра пачатак “пахаваньня” Садружнасьці. Ці падзяляюць такое меркаваньне беларускія аналітыкі? Гаворыць Пётар Марцаў:

“Пахаваньне СНД пачалося ўжо даўно. Проста яно перайшло ў вельмі зацягнутую фазу. То бок, гэткае працяглае пахаваньне. Я б не сказаў, што гэта апошняя сустрэча прэзыдэнтаў на гэтым пахаваньні, бо ня думаю, што ўжо заўтрашняе паседжаньне стане поўным канцом СНД. Але пакуль ня будзе прыдуманая іншая, больш сучасная форма палітыка-эканамічнай інтэграцыі, гэты прэзыдэнцкі клюб застанецца толькі клюбам”.



Сярод асноўных тэмаў кішынёўскага саміту заяўлены беларускі сцэнар выпрацоўкі сумесных захадаў у супрацьдзеяньні ўсясьветнаму крызісу. Таксама адбудзецца “інвэнтарызацыя” прававой базы СНД з улікам афіцыйнага выхаду з Садружнасьці Грузіі сёлета ў жніўні. Увогуле, згодна з рэглямэнтам, плянуецца разгледзець больш за 20 праектаў дакумэнтаў, якія тычацца актывізацыі супрацоўніцтва ў межах СНД. Ёсьць зьвесткі пра трохбаковую сустрэчу прэзыдэнтаў Расеі, Азэрбайджану і Армэніі па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Нагорным Карабаху. З кім будзе весьці перамовы Аляксандар Лукашэнка — не паведамляецца.
XS
SM
MD
LG