Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А што калі на саміт СНД ніхто не прыедзе?


Прэзыдэнты Казахстану, Узбэкістану, Таджыкістану і Туркмэністану ігнаруюць заўтрашні саміт СНД.

На саміт СНД у Кішынёў былі запрошаныя кіраўнікі 11 краін Садружнасьці. Грузія пасьля юрыдычнага выхаду са складу СНД на сустрэчы ня будзе прадстаўленая зусім. Большасьць лідэраў краін Цэнтральнай Азіі ўхілілася ад прыезду ў сталіцу Малдовы, паслаўшы замест сябе кагосьці ніжэй рангам.

Застаецца пад сумневам, ці прыедзе на саміт прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, пакрыўджаны жнівеньскім лістом кіраўніка Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева з абвінавачваньнямі на адрас Кіева ў антырасейскай палітыцы. Юшчанка хацеў пагаварыць з Мядзьведзевым у Кішынёве сам-насам, накіраваў адпаведны запыт, але апошні праігнараваў яго просьбу.

Не чакаецца ў часе саміту і двухбаковай сустрэчы Мядзьведзева з Аляксандрам Лукашэнкам, які плянуе паехаць у Кішынёў.

Напярэдадні саміту скептыцызму дадала фармальная гаспадыня саміту Малдова, новы ўрад якой пачаў актыўна праводзіць празаходнюю палітыку. З заявай выступіў прэм’ер Улад Філат:

"Мы ведаем, што гэтая структура – СНД – няжыцьцяздольная, яна мусіць мяняцца. Але яна дае нам прынамсі магчымасьць абмяркоўваць пытаньні, у якіх мы зацікаўленыя”.

Парадак дня сустрэчы прэзыдэнтаў у Кішынёве ўключае каля 20 пунктаў эканамічнага і гуманітарнага характару. Само сабой, будзе і бясконцая дыскусія аб тым, як рэфармаваць саму арганізацыю.

Чакаецца, што ў часе саміту ў Кішынёве асобна сустрэнуцца прэзыдэнты Армэніі і Азэрбайджану, што будзе спрыяць пацяпленьню адносін паміж дзьвюма краінамі, а Віктар Юшчанка выкажа падтрымку новых праэўрапейскім памкненьням Малдовы.

Малдова, дарэчы, пакуль не мае свайго прэзыдэнта, ягоныя абавязкі выконвае сьпікер парлямэнту Міхай Гімпу.

Падрыхтоўка да саміту:







XS
SM
MD
LG