Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Швэдзкай каралеўскай акадэміі навук у Стакгольме аб’явілі ляўрэата Нобэлеўскай прэміі за 2009 год у галіне літаратуры.

Ім стала нямецкая пісьменьніца Герта Мюлер (народжаная ў 1953 годзе ў Румыніі).

У афіцыйным вэрдыкце Швэдзкай акадэміі сказана, што Герта Мюлер „з засяроджанасьцю паэзіі і адкрытасьцю прозы малюе краявід пазбаўленых спадчыны”.

Герта Мюлер. Сэкурытатэ ўсё яшчэ на службе

(пераклад Сяргея Шупы)

Для мяне кожная паездка ў Румынію - гэта таксама падарожжа ў іншы час, у якім я ня ведала, якія падзеі майго жыцьця былі супадзеньнямі, а якія былі некім загадзя сплянаваныя. Вось чаму я ў кожнай сваёй публічнай заяве заўсёды патрабавала доступ да сакрэтных справаў, што вяліся на мяне, аднак з рознымі адгаворкамі мне заўсёды ў гэтым адмаўлялі. Замест гэтага кожны раз я адчувала нейкія знакі, што за мною зноў вялося няспыннае назіраньне.

Сёлета ўвесну я наведала Бухарэст на запрашэньне Новага Эўрапейскага Коледжу (НЭК). У першы дзень. калі я сядзела ў фае гатэлю з журналістам і фатографам, нейкі мускулісты ахоўнік запатрабаваў паказаць дазвол і паспрабаваў вырваць з рук фатографа ягоную фотакамэру. “Тут забаронена здымаць, у тым ліку людзей”, - крычаў ён. Увечары другога дня я дамовілася на вячэру зь сябрам, па тэлефоне мы дамовіліся, што ён заедзе па мяне ў гатэль а шостай гадзіне. Калі ён павярнуў на вуліцу, дзе быў гатэль, ён заўважыў, што за ім нехта сочыць. Калі ён папрасіў у рэгістратуры, каб затэлефанавалі мне ў нумар, сакратарка спачатку папрасіла яго запоўніць адмысловую анкету наведніка. Гэта яго напалохала, бо ён пра такое ніколі ня чуў, нават за часы Чаўшэску.

Мы зь сябрам пайшлі пехатою ў рэстаран. Час ад часу ён прапаноўваў перайсьці на другі бок вуліцы. Я на гэта не зважала. І толькі на другі дзень ён расказаў Андрэю Плэшу, дырэктару НЭК, пра анкету наведніка і пра тое, як нейкі чалавек сачыў за ім па дарозе ў гатэль і за намі дваімі па дарозе ў рэстаран. Разьюшаны Андрэй Плэшу загадаў сваёй сакратарцы скасаваць усе рэзэрвацыі ў тым гатэлі. Мэнэджэр гатэлю схлусіў - нібыта рэгістратарка ў рэгістрацыі працавала першы дзень і таму проста памылілася. Але сакратарка ведала тую жанчыну, яна працавала ў рэгістратуры ўжо дано. Мэнэджэр адказаў, што “патрон”, уласьнік гатэлю - былы супрацоўнік Сэкурытатэ і, на жаль, не зьмяніў сваіх звычак. Пасьля ён усьміхнуўся і сказаў, што, вядома, НЭК можа скасаваць рэзэрвацыі, але тое самае будзе і ва ўсіх іншых гатэлях гэтае клясы. Адзіная розьніца будзе, што, магчыма, мы гэтага не заўважым.

Я выпісалася з гатэлю. Пасьля гэтага я не заўважыла, каб за мной нехта сачыў. Можа сакрэтныя службы пакінулі мяне ў спакоі, а можа працавалі прафэсійна, значыць - незаўважна.

Для таго, каб даведацца, што а шостай за мною трэба прыставіць шпіёна, яны мусілі праслухоўваць тэлефон у маім нумары. Сакрэтная служба Чаўшэску - Сэкурытатэ - не была расфармаваная, яна проста стала называцца інакш - Румынская Інфармацыйная Служба (SRI). Паводле інфармацыі самой SRI, яна прыняла на працу 40% супрацоўнікаў Сэкурытатэ. Сапраўдныя лічбы, магчыма, яшчэ вышэйшыя. Астатнія 60% цяпер або пэнсіянэры (і атрымліваюць утрая вышэйшую пэнсію за ўсіх астатніх грамадзянаў), або ствараюць цяпер румынскую рынкавую эканоміку. За выключэньнем пасады дыплямата былы агент спэцслужбаў у сёньняшняй Румыніі можа атрымаць любую працу...

Урывак з тэксту:

Herta Müller
Die Securitate ist noch im Dienst
Die Zeit, 23 ліпеня 2009

http://www.zeit.de/2009/31/Securitate

*******************************

Мюлер нарадзілася ў заходняй Румыніі, у сялянскай сям’і, продкі якой паходзілі са Швабіі. Яна вывучала германістыку і румынскую літаратуру ва ўнівэрсытэце ў Тымішаары. У 1979 годзе, за адмову супрацоўніцтва з румынскай спэцслужбай „Сэкурытатэ” яна страціла працу перакладчыка ў фірме інжынерна-тэхнічнага профілю і перабівалася прыватнымі ўрокамі нямецкай мовы. Яе першая кніжка па-нямецку, абкарнаная цэнзурай, выйшла ў Румыніі ў 1982 годзе. У 1987 годзе яна з мужам выехала ў Нямеччыну. Герта Мюлер піша раманы, вершы і эсэ, паказваючы найчасьцей жыцьцё ў Румыніі ў эпоху Чаўшэску. Яна апублікавала, між іншым, наступныя кніжкі: „Barfüßiger Februar” („Босы люты”, 1987), „Der Teufel sitzt im Spiegel”(„Д’ябал сядзіць у люстры”, 1991), „Der Wächter nimmt seinen Kamm” („Вартаўнік бярэ свой грэбень”, 1993), „In der Falle” („У пастцы”, 1996), „Heimat ist das, was gesprochen wird” („Айчына гэта тое, што гаворыцца”, 2001), „Der König verneigt sich und tötet” („Кароль кланяецца і забівае”, 2003).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG