Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: польскія страхі і бонусы







Як пачуваецца Польшча ў Эўразьвязе? Чаго баяліся найбольш перад уступленьнем і як яно выйшла?


Быў вялікі страх, што адкрыцьцё рынку, скасаваньне мытнай мяжы прывядзе да катастрофы польскай сельскай гаспадаркі, краіну захлынуць танныя заходнеэўрапейскія прадукты, немцы скупяць зямлю і польскаму фэрмерству прыйдзе канец. І гэтыя перасьцярогі мелі выразнае палітычнае вымярэньне. Адзін з лідэраў Сялянскай партыі Яраслаў Камінскі распавёў, як шмат згубіла тады партыя, адстойваючы далучэньне да Эўразьвязу, ідучы насуперак агульным настроям свайго электарату.

Магчыма, палякі былі б гатовыя пайсьці на такія ахвяры, бо для іх далучэньне да Эўразьвязу было цывілізацыйным выбарам, які даражэй за грошы. У рэшце рэшт ня ўся ж Польшча ў вёсцы жыве.

Але замест ахвяры атрымаўся прыз – даволі рэдкая зьява ў польскай гісторыі.

Хто ў выніку выйграў ад далучэньня да Эўразьвязу найбольш – дык гэта менавіта польскія фэрмеры. Іх даходы ня зьменшыліся , а ўзрасьлі, прычым палову гэтых даходаў складаюць выплаты ў агульнаэўрапейскіх фондаў.

Выйграла ад Эўразьвязу і польская сельская гаспадарка як галіна: калі да 2004 году сальда гандлю сельгаспрадуктамі з краінамі Эўразьвязу было ў Польшчы адмоўным, дык пасьля ўступленьня стала станоўчым. Фігуральна кажучы, не Зьвяз заваліў Польшчу прадуктамі, а Польшча – Зьвяз.

Чаму так атрымалася? Ну, адно з тлумачэньняў палягае ў тым, што сельская гаспадарка - самая зарэгуляваная галіна эўрапейскай
Не Зьвяз заваліў Польшчу прадуктамі, а Польшча – Зьвяз.
гаспадаркі, палова ўсяго супольнага бюджэту Зьвязу ідзе на яе падтрымку. У гэтым сэнсе добрыя паказьнікі сельскай гаспадаркі той ці іншай краіны - вынік ня толькі (а можа і ня столькі) эфэктыўнасьці працы фэрмэраў, колькі эфэктыўнасьці працы яе чыноўнікаў па выбіваньні з Брусэлю аграрных датацыяў. Ну, у гэтым сэнсе польскія чыноўнікі як мінімум паказалі сябе даволі эфэктыўнымі.

Але, зразумела, ня толькі яны. Усё ж польская сельская гаспадарка ўжывае менш хіміі, прадукты смачнейшыя, па меншай меры для саміх палякаў, так што выцісканьня з рынку айчыннай прадукцыі не адбылося.

Яшчэ адна перасьцярога таксама мела палітычную подбіўку. Як распавёў рэдактар часопісу Politika Марэк Астроўскі перад уступленьнем у Эўразьвяз быў страх, што калі адкрыюцца межы, немцы з памежжа пачнуць купляць нерухомасьць у заходняй Польшчы, нямецкі капітал возьме рэгіён пад кантроль. Ну а паколькі абставіны, пры якіх Польшча атрымала свае заходнія землі, агульнавядомыя, то ўяўленьне малявала ня самыя прыгожыя карціны.

І што ж атрымалася ў выніку? З дакладнасьцю да наадварот – польская экспансія на ўсход Нямеччыны. Справа ў тым, што гэты рэгіён Нямеччыны – даволі дэпрэсіўны, шмат людзей, асабліва моладзі, даўно з'ехалі адтуль у заходнія рэгіёны краіны. І зараз на іх месца
Эўразьвяз – гэта ня так страшна.
прыяжджаюць палякі. Дом у нямецкім горадзе на мяжы з Польшчай каштуе столькі ж, колькі аднапакаёўка ў Шчэцыне. У выніку шмат палякаў, у тым ліку і моладзі, жывуць у Нямеччыне і ездзяць на працу ў Польшчу.

Гэтыя эпізоды сьведчаць пра тое, што, так бы мовіць, Эўразьвяз – гэта ня так страшна, што многія страхі і забабоны аказваюцца цалкам марнымі, што краіна, якая далучаецца да Зьвязу, атрымлівае цалкам нечаканыя бонусы.

Але калі паглядзець у цэлым – гэта былі адзінкавыя прарывы ці агульная тэндэнцыя, які агульны вынік?

Што дало Польшчы сяброўства ў Эўразьвязе?


На макраўзроўні бонусы ад эўраінтэграцыі аказваюцца таксама даволі пераканаўчымі. Супрацоўнік урадавага камітэту эўраінтэграцыі Ігнацій Немчыцкі азнаёміў беларускіх журналістаў з некаторымі лічбамі.

Тэмпы росту ВУП у Польшчы і ў краінах ЭЗ сярэднім

2002

2003

2004

2005

2006

2007

2008

Польшча

1.4

3.9

5.3

3.6

6.2

6.6

4.5

Эўразьвя

1.2

1.2

2.3

1.8

2.9

2.7

0.7


Як бачым, польская эканоміка дэманструе добрую дынаміку, тэмпы яе росту пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз ня зьнізіліся, польская эканоміка разьвіваецца хутчэй, чым Зьвяз у сярэднім.

Лічба ў апошнім слупку, а таксама дадзеныя па 2009 году сьведчаць пра ўнікальную з’яву – Польша пацярпела ад крызысу хіба не найменш за ўсе краіны Эўразьвязу, яе эканоміка пачувае сябе лепш за эканомікі як краінаў Заходняй Эўропы, гэтак і такіх краінаў, як Літва і Латвія.

Паводле польскіх экспэртаў польская эканоміка была менш з’арыентаваная на экспарт, а больш на ўнутраны попыт. Калі экспартныя
Польша пацярпела ад крызысу хіба не найменш за ўсе краіны Эўразьвязу.
магчымасьці ва ўсім сьвеце драматычна скараціліся, Польшчу страсло менш, чым арыентаваных на экспарт усходняэўрапейскіх “драконаў”.

З 2003 году па 2008 год удвая ( з 20% да 10%) у Польшчы скарацілася беспарацоўе. Прычым размова ідзе пра людзей, якія маюць і знайшлі працу ў самой Польшчы. Шмат народу – каля двух мільёнаў – працуюць за мяжой, пераважна ў Велікабрытаніі, Нямеччыне і Ірляндыі. Гэта з аднаго боку з'ява неабавязкова кепская, а з другога боку, з улікам колькасьці насельніцтва паказчык сувымерны з беларускай працоўнай эміграцыяй.

Пра тое, як сяброўства ў Эўразьвязе мяняе грамадзкую думку і палітычную філязофію палякаў – заўтра.

Польскі дзёньнік. Частка 1
Польскі дзёньнік. Частка 2
Польскі дзёньнік. Частка 3
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG