Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салдаты будуць пакараныя за партыйную прыналежнасьць


Салдаты абавязаныя прыпыніць сяброўства ў палітычных партыях ад моманту прызыву і да заканчэньня службы ў войску.

Пра гэта заявіў журналістам міністар абароны Леанід Мальцаў, перадае Інтэрфакс.

"Без сумневу, жаўнер павінен прыпыніць сваю дзейнасьць у палітычнай партыі ад моманту прызыву на службу і да яе заканчэньня. За неспыненьне палітычнай дзейнасьці падчас праходжаньня тэрміновай службы ваеннаабавязаны будзе прыцягвацца да адказнасьці адпаведна законам Беларусі", — адзначыў Л.Мальцаў.

Міністар выступіў на сэсіі Палаты прадстаўнікоў з дакладам аб законапраекце "Пра статус ваенаслужачых" і агучыў прапанаваныя нормы. Дэпутаты прынялі законапраект у першым чытаньні.

Паводле спадара Мальцава, сяброўства з палітычнай партыяй падчас праходжаньня службы агаворвалася беларускімі законамі і раней. Аднак ад 1992 года ў законапраект "Пра статус ваенаслужачых" ня ўносіліся зьмены, якія "адпавядаюць рэаліям сучаснага жыцьця".

Адносна таго, што ў войску цяпер служаць некалькі апазыцыянэраў, Л.Мальцаў адзначыў, што палітычная дзейнасьць гэтых прызыўнікоў павінна быць прыпынена згодна з заканадаўствам.
XS
SM
MD
LG