Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі дагэтуль ў Беларусі


Беларуска-расейскія вучэньні "Захад-2009"

Беларуска-расейскія вучэньні "Захад-2009"

Некалькі тысячаў расейскіх салдат і афіцэраў, якія бралі ўдзел у манэўрах “Захад-2009” на тэрыторыі Беларусі, пакуль ня выехалі ў Расею.

Усяго, паводле беларускага абароннага ведамства, у вайсковых манэўрах былі задзейнічаныя 6 тысяч вайскоўцаў расейскіх Узброеных сілаў.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што расейскія войскі -- прынамсі мотастралкі, танкісты ды артылерысты -- яшчэ застаюцца ў Беларусі: “Але паступова яны выводзяцца”, -- сказаў кіраўнік прэсавай службы палкоўнік Вячаслаў Раменьчык:

“Адбываецца плянавы ад’езд удзельнікаў манэўраў. Паветраны эшалён ужо адбыў, а цяпер праз чыгунку ад’язжаюць сухапутныя часткі. Грузяцца на цягнікі і зьяжджаюць. Дакладна куды яны выпраўляюцца, месца іх дыслякацыі ў Расеі, назваць без узгадненьня з расіянамі не магу. Па месцах дысьлякацыі рэгіянальнай групоўкі.”

Паводле Вячаслава Раменьчыка разьвітаньні з расейскімі вайскоўцамі праходзяць гэтак жа урачыста, як і сустрэчы: прадстаўнікі мясцовай ўлады дораць вайскоўцам кветкі, у прамовах запэўніваюць пра дружбу і удзячнасьць. Зь якіх дакладна чыгуначных станцый зьяжджаюць расейцы, без узгадненьня з расейскім бокам палкоўнік паведаміць адмовіўся.

Паводле вайсковай пракуратуры Беларусі, манэўры “Захад 2009” удалося правесьці без чалавечых ахвяраў і сур’ёзных інцыдэнтаў з удзелам вайскоўцаў. Вячаслаў Раменьчык удакладніў, што гэтыя высновы тычацца толькі беларускіх вайскоўцаў, а што да расейцаў, тут ён статыстыкай не валодае.

Яшчэ да манэўраў і падчас іх у Менску ды некаторых гарадах Беларусі прайшлі акцыі пратэсту супроць уводу ў Беларусь расейскіх войскаў. Падчас акцыі былі зьбітыя амапаўцамі, затрыманыя і потым асуджаныя да буйных грашовых штрафаў болей за 20 актывістаў розных грамадзкіх арганізацый. Сярод тых, хто выходзіў на плошчу з пратэстам, быў актывіст апазыцыі Зьміцер Бандарэнка. Ён мяркуе, што затрымка расейскіх салдат ў Беларусі болей як на тыдзень пасьля манэўраў невыпадковая:

“Лукашэнка з Мядзьведзевым дамовіліся, што такія манэўры будуць праводзіць раз на два гады. А гэта сьведчыць пра тое, што ўрэшце тут застануцца сталыя расейская часткі і тэхніка. Бо людзі ня могуць бясконца перасоўвацца туды-сюды, з усходу на захад і наадварот. А гэта азначае фактычна “паўзучую” акупацыю. Відаць, Лукашэнка вельмі сур’ёзна забуксаваў з эканомікай і таму пайшоў на такія саступкі”.

Нагадаем, на тэрыторыі Беларусі сумесныя беларуска-расейскія манэўры “Захад-2009” пачаліся 18 верасьня і завяршыліся 29 верасьня. На заканчэньне манэўраў у Беларусь прыяжджаў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG