Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міжнародная амністыя” заклікае памілаваць Юзэпчука

  • БелаПАН

Васіль Юзэпчук

Васіль Юзэпчук

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заклікае прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку памілаваць прыгаворанага да сьмерці 30-гадовага Васіля Юзэпчука. Адпаведная заява арганізацыі была распаўсюджана 7 кастрычніка.

29 чэрвеня Берасьцейскі абласны суд прыгаварыў жыхара Драгічынскага раёна Васіля Юзэпчука да сьмяротнай кары за ўчыненьне сэрыі забойстваў пажылых жанчын, яго 28-гадовага саўдзельніка Сяргея Гучэнкі — да пажыцьцёвага зьняволеньня з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі асаблівага рэжыму. Сам Юзэпчук сваёй віны не прызнаў.

2 кастрычніка калегія Вярхоўнага суда па выніках разгляду касацыйнай скаргі па справе Юзэпчука пакінула прыгавор у сіле.

Памілаваўшы Юзэпчука, прэзыдэнт Лукашэнка прадэманструе, што Беларусь гатова ўвесьці мараторый на сьмяротную кару і далучыцца да “свабоднай ад сьмяротнай кары зоны Эўропы”, гаворыцца ў заяве “Міжнароднай амністыі”.

“Беларускія ўлады павінны таксама неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротную кару і на прывядзеньне ў выкананьне ўсіх ужо вынесеных прыгавораў. Яны таксама павінны ўсім зьняволеным, якія знаходзяцца ў камэрах сьмяротнікаў, замяніць вынесеныя прысуды на пажыцьцёвае зьняволеньне”, — заявіла экспэрт “Міжнароднай амністыі” па Беларусі Хізэр Макгіл.

У чэрвені гэтага года адсутнасьць мараторыя на сьмяротную кару стала прычынай адмовы ў вяртаньні беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.


XS
SM
MD
LG