Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горацкія дэлегаты Эўрапейскага форуму супраць Беларускай АЭС


Подпісы супраць будаўніцтва АЭС

Подпісы супраць будаўніцтва АЭС

Сёньня ў Горках абіралі дэлегатаў на Беларускі Эўрапейскі форум. Два дзясяткі актывістаў правялі сход на прыватнай кватэры, бо ўлады адмовілі арганізатарам выдзеліць памяшканьне ў публічным месцы. Удзельнікі сходу зьвярнуліся да ўраду не будаваць АЭС у Беларусі.

Паводле арганізатараў, улады спачатку зацягвалі з адказам, а потым паведамілі, што ў райцэнтры ўсе памяшканьні занятыя плянавымі мерапрыемствамі. Пасьля гэтага й вырашана было правесьці сход на прыватнай кватэры.

На Эўрапейскі сход паедуць пяцёра сяброў партыі БНФ, трое беспартыйных і адна прадстаўніца незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.

Акрамя абраньня дэлегатаў на форум, удзельнікі сходу зьвярнуліся да ўраду з заклікам адмовіцца ад будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі:

Эдуард Брокараў
“Мы не давяраем іхным высновам адносна бясьпекі гэтай станцыі, бо ніводнага незалежнага спэцыяліста не было прыцягнута да распрацоўкі гэтых абгрунтаваньняў. У пятніцу будуць у Астраўцы грамадзкія слуханьні па магчымым узьдзеяньні атамнай станцыі на навакольле. Вось туды мы сваю заяву й накіруем”, — паведаміў адзін з арганізатараў сходу Эдуард Брокараў.

Днямі горацкія актывісты зьвярнуліся да кіраўнікоў Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Ўладзімера Пуціна, а таксама да прэзыдэнта дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энэргіі “Росатам” Сяргея Кірыенкі з заклікам спыніць перамовы з кіраўніцтвам Беларусі пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Разам са зваротам актывісты даслалі фотакопіі 5 тысяч подпісаў жыхароў Магілёўшычыны, якія выказаліся супраць АЭС.

Што да Беларускага эўрапейскага форуму, то на Магілёўшчыне, акрамя сёньняшняга сходу ў Горках, падобныя мерапрыемствы адбыліся ў Асіповічах, Клічаве, Касьцюковічах і Бабруйску. Там абралі на форум 37 дэлегатаў.



Беларускі Эўрапейскі Форум мае адбыцца сёлета 24 лістапада. Яго правядзеньне, лічаць арганізатары, павінна паспрыяць дыялёгу Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам і ўзмацніць эўрапейскі вэктар разьвіцьця краіны. Старшынём арганізацыйнага камітэта абраны Аляксандр Мілінкевіч. Правядзеньне форуму падтрымалі шэраг палітычных і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG