Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Танны газ у абмен на Мытны саюз?


Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Беларусь хацела б захаваць ільготы ў цане на расейскі газ да 2014 году замест плянаванага 2011-га, — паведаміла Прайм-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў Газпроме. Як вядома, паводле беларуска-расейскага пагадненьня, пераход на эўрапейскія цэны на расейскі газ павінен быў паступова адбыцца да 2011 году, але цяпер беларускія ўдзельнікі перамоваў хочуць перанесьці гэтую дату яшчэ на 3 гады. Наколькі моцныя аргумэнты беларускага боку, на чыім баку зараз палітычная перавага ў перамовах? Колькі можа каштаваць газ для Беларусі ў наступным годзе? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Тацяна Манёнак.

Цыганкоў: На якім палітычным і эканамічным фоне пачынаюцца перамовы наконт цаны на газ? Ці мае нейкія падставы пажаданьне беларускага боку і надалей захаваць ільготную цану?

Манёнак: Зрабіць гэта будзе даволі складана, улічваючы эканамічную сытуацыю, улічваючы становішча “Газпрому”. Рэч у тым, што ягоная фінансавая сытуацыя вельмі пагоршылася ў сувязі з рэзкім падзеньнем экспарту ў эўрапейскія краіны, праблемамі з сярэднеазіяцкімі дзяржавамі і гэтак далей.

Стратэгічная задача Газпрому — мець кантрольны пакет у сумесным прадпрыемстве “Белтрансгаз”, дзе Газпром мае пакуль толькі 37,5 працэнтаў. Я так разумею, што расейскі бок так і вядзе перамовы — калі вы хочаце таньнейшы газ, то рабіце саступкі нам. Ці, магчыма, аддавайце кантрольны пакет акцыяў, ці зьмяншайце цану за транзыт.

Стратэгічная задача Газпрому — мець кантрольны пакет у сумесным прадпрыемстве “Белтрансгаз”, дзе Газпром мае пакуль толькі 37,5 працэнтаў.
Што да палітычных стасункаў, то яны заўсёды былі складанымі. Я ня думаю, што яны моцна пагоршыліся цяпер. Больш на хаду перамоваў будзе ўплываць крызіс

Цыганкоў: Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў у інтэрвію “Інтэрфаксу” заявіў, што цана на газ для Беларусі на наступны год можа скласьці 165-168 даляраў за тысячу кубамэтраў. Каму такія лічбы больш выгадныя?

Манёнак: Было б цудоўна, калі б Беларусь атрымала б такі кошт. Рэч у тым, што ў праект бюджэту закладзена менавіта лічба 166 даляраў. Але яшчэ ж не зусім вядомыя ўсе складальнікі гэтага кошту, які разьлічваецца па адмысловай формуле. Сёлета Масква пайшла насустрач Беларусі, і каэфіцыент цаны газу для Беларусі склаў 0,7 ад эўрапейскага кошту, а не 0,8, як павінна было быць паводле дамовы.

Я так разумею, што тут бакі будуць моцна гандлявацца, і Масква будзе спадзявацца на пэўныя саступкі. Для расейскага боку вельмі важна захаваць прывабныя ўмовы для транспартаваньня газу па сваёй трубе “Ямал-Эўропа” праз тэрыторыю Беларусі. Ці будзе Масква паводзіць сабе даволі жорстка? Я ня думаю. Калі яшчэ ўзьнікнуць нейкія праблемы з Украінай, то тут хутчэй будзе ісьці пошук кампрамісаў.

Цыганкоў: То бок ваш прагноз у тым, што сёлета ня дойдзе да таго, што цана на газ будзе вырашацца праз канфлікт, 31-га сьнежня, а сытуацыя спрыяе больш кампраміснаму варыянту?

Манёнак: Нагадаю, што 2010 год — гэта стварэньне вельмі важнага для Расеі праекту, Мытнага саюзу. На гэтым фоне кіраўніцтва Расеі хацела б мець вельмі пазытыўны фон. Таму Беларусь мяркуе, што ў рамках рэалізацыі гэтага праекту, які, чамусьці, вельмі патрэбы для Расеі, можна выгандлеваць пэўныя дывідэнды для сябе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG