Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоным касьцёле прайшла жалобная служба па Альгерду Невяроўскім


Альгерд Невяроўскі
Сёньня ўвечары ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены сабраліся дзясяткі людзей, якія хацелі аддаць даніну памяці Альгерду Невяроўскаму — вядомаму ў краіне журналісту, чый лёс шмат гадоў быў зьвязаны з Радыё Свабода. 25 верасьня ў Альгерда здарыўся інфаркт, а 1 кастрычніка, не выходзячы з комы, ён памёр у Беластоку, дзе апошнім часам працаваў на Радыё Рацыя. Незадоўга да гэтага, 19 жніўня, Альгерду споўнілася 40 гадоў.

Папрысутнічаць на службе і яшчэ раз успомніць Альгерда сабралася шмат людзей — пераважна тых, хто сутыкаўся зь ім у часе яго прафэсійнай дзейнасьці.

Альгерд супрацоўнічаў са Свабодай больш за 10 гадоў, таму сюды прыйшлі практычна ўсе цяперашнія карэспандэнты Радыё Свабода, а таксама тыя, хто працаваў побач з Альгердам у мінулыя гады. Гэтаксама было шмат журналістаў іншых недзяржаўных выданьняў, кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой зьяўляўся Альгерд Невяроўскі. Сярод прысутных — палітыкі, вядомыя грамадзкія дзеячы, героі шматлікіх ягоных рэпартажаў. І, канечне ж, былі тут бацькі Альгерда, ягоныя дзеці — у яго засталіся двое дзяцей, хлопчык і дзяўчынка. Прысутнічалі на імшы і іншыя ягоныя сваякі.

Служба прайшла ва ўрачыста-жалобнай атмасфэры: гучэлі малітвы ў памяць пра Альгерда, выказваліся цёплыя словы; кожны, незалежна ад веравызнаньня, мог памаліцца за ягоную душу. А пасьля імшы маці Альгерда запрасіла тых, хто сабраўся з гэтай сумнай нагоды ў касьцёле, у адмысловае памяшканьне, каб асабіста падзякаваць усім, хто разам працаваў зь яе сынам, хто яго памятае яго добрым чалавекам і прафэсійным журналістам, і хто аказаўся побач зь ім, зь ягонымі роднымі і ў гэтую хвіліну.

Калі адбудзецца пахаваньне Альгерда Невяроўскага — яшчэ невядома, таму што застаюцца пэўныя тэхнічныя моманты, зьвязаныя з транспартаваньнем урны з прахам сюды ў Беларусь. Крэмацыя, як паведаміла маці Альгерда, адбылася ў Варшаве толькі сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG