Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каровіны праснакі пахнуць ванільлю


Сёньня далі Нобэлеўскую прэмію траім біяхімікам за досьледы структуры рыбасомаў. Як звычайна, я напісаў нататку на наш сайт, укладаючы амаль увесь разумовы высілак у транскрыпцыю прозьвішчаў ляўрэатаў. Мне цьмяна прыгадваецца, што некалі ў школе мне згадвалі пра рыбасомы на ўроках біялёгіі. Але я ня помню дакладна, што гэта такое — чарвякі ці нейкія мухі, здаецца.

Траўма з маладосьці


Хімія і біялёгія — прадметы, якіх я ў школе не цярпеў. Асабліва біялёгію, у якой, як мне здавалася, не было ніякай лёгікі, а твае веды залежалі толькі ад таго, ці здолеў ты вызубрыць папярэдні ўрок, ці не.

Настаўніца біялёгіі ведала пра маю прывязанасьць да арыстоцелеўскай лёгікі і пра мой непачцівы падыход да яе прадмету ды жорстка мне помсьціла — час ад часу клікала мяне да дошкі і ставіла нейкае знарок анты-лягічнае пытаньне ці то пра гарох, ці то пра фасолю Мэндэла. Часам я мог прастаяць каля дошкі ўвесь урок, падчас калі мае калегі ў клясе поўзалі ад сьмеху, гледзячы на зьдзекі настаўніцы над глыбінёй і шырынёй майго біялягічнага невуцтва. Яна, настаўніца, была старая дзеўка, дарэчы. Сёньня я думаю, што там быў нейкі комплекс Эдыпа або Пэнэлёпы зь яе боку. А мне на ўсё астатняе жыцьцё засталася ад тых урокаў псыхічная траўма, магчыма, што і на сэксуальным тле.

Таму я не магу гаварыць пра біялёгію і хімію, так бы мовіць, без эмацыйнай ангажаванасьці. Я наогул маўчу на гэтыя тэмы. Маўчаньне, як сказаў Чэ Гевара, гэта працяг спрэчкі іншымі сродкамі.

Пукайце сьмела, калі ў вас Under-Ease


Згадаць „шнобэлі” па біялёгіі і хіміі пры нагодзе „нобэляў” — гэта для мяне ўсё роўна як правесьці сэанс псыхааналізу над самім сабою. Вось я цяпер магу расказаць пра нешта зь біялёгіі і хіміі, пра што я ніхрана ня ведаю, як і пра рыбасомы, і спрабаваць насьмяшыць людзей. Але траўмы, як на ўроках біялёгіі, няма чаго баяцца. Бо тыя, якія будуць гэта чытаць, таксама ня будуць ведаць, кажу я праўду ці пудру мазгі. Няма паміж намі, так бы мовіць, настаўніцы біялёгіі.

У 2009 годзе мэксыканскім хімікам удалося здабыць дыямэнт (у форме тонкай стужкі) з тэкілы. Бясспрэчны „шнобэль”.

Мімаходам заўважым, што ў гэтым самым годзе быў прызнаны „шнобэль” ў галіне „ахова здароўя” за вынаходства станіка, які імгненна можна перарабіць у два супрацьгазы ў выпадку хімічнай атакі.

У 2008 годзе па хіміі прызналі два „шнобэлі”, паказваючы ўсім пры нагодзе, што гэтая навука не заўсёды сугучная з арыстоцелеўскай лёгікай. Адна група хімікаў даказала, што кока-кола зьяўляецца вельмі эфэктыўным спэрмацыдам, то бок, забойцам жыўчыкаў. А другая група хімікаў даказала якраз адваротнае.

У 2007 годзе японскаму хіміку ўдалося выдзеліць ванільны пах з каровінага праснака па пасьвішчы.

У 2005 былі ўзнагароджаныя высілкі дзьвюх амэрыканскіх хімікаў, якія спрабавалі адказаць на адвечнае пытаньне, дзе чалавек хутчэй плавае — у вадзе ці ў сыропе? Аказалася, на зьдзіў усяго астатняга сьвету, што хуткасьць плаваньня больш-менш аднолькавая ў абодвух гэтых, так сказаць, вадкасных асяродзьдзях.

Хімія зь біялёгіяй, нарэшце! У 2001 годзе „шнобель” дастаўся вынаходніку паветранепранікальнай бялізны (Under-Ease) з фільтрам, які паглынае ўсе нягожа пахучыя газы. Несумненны „шнобэль”!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG