Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць гатэль “Сямашка”. Будзе замак “Сямашка”?


Станіслаў Сямашка, фота з газэты

Станіслаў Сямашка, фота з газэты

Старшыня праўладнага Саюзу палякаў Станіслаў Сямашка мае прыватны гатэль, займаецца бізнэсам, асабліва будаўніцтвам. Некаторыя СМІ зьмясьцілі інфармацыю пра тое, што ягонай фірме “Эўрапрэстыж” улады нібыта даюць магчымасьць займацца праектамі рэстаўрацыі двух каралеўскіх замкаў у Горадні. Маўляў, гэта можа быць платай за тое, што ў верасьні Сямашка, які ня ўдзельнічаў раней у польскім руху, пагадзіўся на безальтэрнатыўнай аснове стаць кіраўніком Саюзу палякаў. Наколькі зьвесткі наконт замкаў і фірмы “Эўрапрэстыж” адпавядаюць рэчаіснасьці?

Гатэль «Сямашка» на вуліцы Генэрала Антонава ў Горадні

Найперш я вырашыў зьвярнуцца да самога Станіслава Сямашкі. Аднак у праўладным Саюзе палякаў сказалі, што ён праводзіць прыём толькі па панядзелках.

У праектным бюро “Эўрапрэстыж” на пытаньне, ці сапраўды яму перададзены праекты рэстаўрацыі замкаў, адказалі:

Спадарыня: “Я ведаю, што размовы гэтыя ідуць, што, па-мойму, яны нават дамовіліся, я не магу гэта вам дакладна сказаць на сёньняшні момант, таму што пытаньне вырашаецца, можа быць ужо і вырашылася…”

Наступны званок — да начальніка упраўленьня культуры аблвыканкаму Аляксандра Лойкі.

Лойка: “Не, я такой інфармацыі ня маю на самой справе. Чаму менавіта “Эўрапрэстыж”, гэтая фірма? Займаецца ж замкам “Гроднаграмадзянпраект”, нікому яны яшчэ не перадавалі”.

Кіруе праектам рэканструкцыі Старога каралеўскага замка Уладзімір Бачкоў. Што ён можа сказаць наконт фірмы “Эўрапрэстыж”?

Бачкоў: “Што гэта за “Эўрапрэстыж”, што за фірма такая? Ня ведаю. Пакуль мы топчамся на месцы з праектам, пакуль грошыкаў няма на праект. Хаця падрадчык вызначаны летась быў, гэта — “Гроднапрамбуд”.

У незарэгістраваным Саюзе палякаў чулі зьвесткі наконт магчымай перадачы фірме Станіслава Сямашкі праектнай дакумэнтацыі на рэстаўрацыю гарадзенскіх замкаў. Камэнтар аднаго з кіраўнікоў Саюзу Андрэя Пачобута:

“Каралеўскія замкі — гэта тое, чым мы, жыхары Горадні, ганарымся. І тое, што праект перадаюць новай фірме без вялікага пасьведчаньня, выклікае нэгатыўны водгук. Увогуле павінен адбывацца конкурс, каб удзельнічалі розныя фірмы, гэта зьяўляецца гарантам таго, што ня будзе карупцыі, калі гэта адбываецца адкрыта”.

Стары замак у Горадні.

Што датычыць сытуацыі ў Саюзе палякаў на чале з Анжалікай Борыс, спадар Пачобут зазначыў: непаразуменьні з уладай працягваюцца. Асабліва напружанае становішча склалася ў Івянцы.

Пачобут: “Улады распачалі вельмі моцны ціск на сяброў Саюзу палякаў, у прыватнасьці камітэт дзяржкантролю правярае дзейнасьць Польскага дому, падаткавая інспэкцыя і міліцыя — Валожынскі РАУС. Ходзяць па людзях, аказваюць ціск на тых, хто даваў добраахвотныя ахвяраваньні на ўтрыманьне Польскага дому, на пакрыцьцё камунальных паслугаў. Мэта гэтых дзеяньняў — прымусіць людзей, кіраўніцтва Івянецкага аддзелу Саюзу палякаў, каб яны перайшлі ў праўладную арганізацыю, старшынём якой зьяўляецца Станіслаў Сямашка”.

Між іншым, у праўладным СПБ мне сказалі, што сам спадар Сямашка меўся наведаць гэтымі днямі Івянец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG