Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіна ня будзе! Электрычнасьць скончылася!


Адміністрацыя Беларускай акадэміі мастацтваў адмовіла рэжысэрам-кінадакумэнталістам зь Беларусі і Польшчы наладзіць сёньня ўвечары прагляд фільмаў у студэнцкім тэатры гэтай навучальнай установы. Фармальнай прычынай названая няспраўнасьць электраправодкі. Аднак самі аўтары ведаюць, што напярэдадні кінапрацы праглядаў прарэктар па ідэалёгіі згаданай ВНУ.

Ініцыятарам прагляду фільмаў Юрыя Гарулёва “Край сьветлых мрояў” і Веслава Раманоўскага “Фэлікс — значыць, шчасьлівы” зьяўляецца Інстытут польскі ў Менску. Дагэтуль, падчас аналягічных праглядаў, праблемаў у арганізатараў не ўзьнікала. Аднак, як паведаміў рэжысэр Юрый Гарулёў, напярэдадні сёньняшняга паказу здарыўся форс-мажор:
Мы за гады Савецкага Саюзу даўным-даўно вывучылі гэтыя прыёмы і схемы ...

“Іхны кінаклюб ладзіцца ў студэнцкім тэатры Акадэміі мастацтваў, то бок — загадзя ўсё расплянавана. Але раптам патэлефанавалі і сказалі: на жаль, там сапсавалася праводка, і гэтую няспраўнасьць трэба рамантаваць. У дзень, на які прызначаны паказ, гэта адназначна не адбудзецца, але і далей не атрымліваецца, таму што там студэнцкія праграмы, ўсё забіта і г.д. Калі толькі на наступны год можна будзе паказаць. Але Інстытут даведаўся: кіраўніцтва акадэміі ці, асобна, тэатра глядзела гэтае кіно яшчэ да таго, як сапсавалася праводка. Нібыта дырэктар тэатра паказаў кіно прарэктару па ідэалёгіі, а ўжо той сказаў, што на ўсялякі выпадак лепш прытрымаць. Старая схема, чаму тут зьдзіўляцца? Мы за гады жыцьця ў рэаліях Савецкага Саюзу, заідэалягізаванай дзяржавы, даўным-даўно вывучылі гэтыя прыёмы і схемы”.

Спробы высьветліць прычыны згаданага форс-мажору ў Акадэміі мастацтваў плёну не далі: у прыёмнай сказалі, што адказныя за ідэалёгію асобы — у адпачынку. У сваю чаргу, дырэктар акадэмічнага тэатра Андрэй Васілеўскі запэўнівае, што ў памяшканьні здарылася аварыя, зь якой рамонтнікі справяцца ў лепшым выпадку ў чацьвер увечары. Аднак Юрый Гарулёў лічыць, што асноўнай прычынай — зьмест і ягонай стужкі, і фільма Веслава Раманоўскага, дарадцы амбасадара Польшчы ў Беларусі:
У 1943 годзе нашы партызаны спалілі маёнтак, перастраляўшы ўвогуле ўсіх людзей, якія там былі...

“Ён і супрацоўнік самога Інстытуту, і саветнік па культуры амбасадара Польшчы. Але ён сам па сабе рэжысэр дакумэнтальнага кіно. І яго стужка — пра Фэлікса Дзяржынскага. Яна называецца “Фэлікс — значыць, шчасьлівы”. “Букет” падабраўся вельмі своеасаблівы, бо тое кіно, якое я рабіў, таксама ня вельмі зручнае. Там ня вельмі добра выглядаюць нашы партызаны ў гісторыі, якая ўзятая за аснову гэтага фільма. Заходняя Беларусь, вельмі вядомы маёнтак Варонча. У 1943 годзе нашы партызаны спалілі маёнтак, перастраляўшы ўвогуле ўсіх людзей, якія там былі. Маёнтак вельмі даўні, з глыбокімі каранямі, гадоў на 300. Яшчэ Адам Міцкевіч яго ўзгадваў у “Пане Тадэвушы”… То бок, я думаю, што проста людзі ў акадэміі перапалохаліся за свае месцы, за свае крэслы і ўсё астатняе”.

Паказальна, што напачатку году стужку Гарулёва “Край сьветлых мрояў” ужо “аналізавала” ўладная вэртыкаль Карэліцкага раёну, на тэрыторыі якога і месьціцца згаданая вёска Варонча. Перад паказам стужкі мясцовым жыхарам, якія, дарэчы, стопрацэнтна ведаюць гісторыю з партызанскім падпалам панскага маёнтка, у вёску прыехаў салідны дэсант. Выніковае рашэньне чыноўнікаў была нечаканым нават для аўтара фільма:

“Перад тым, як паказаць кіно, яго паглядзела ўсё раённае начальства, карэліцкае. Там і кэдэбэшнік быў, і старшыня райвыканкаму, і загадчык аддзелу культуры. І ўбачылі, што там ніякіх высноваў няма, а толькі дакумэнты, знойдзеныя ў архіве. Я ўсё аддаю на суд гледачоў, няхай людзі самі думаюць, што ж насамрэч адбылося. Дык вось яны паглядзелі і сказалі: трэба паказаць. І паказалі гэтае кіно там, у Карэлічах. А тут народ паглядзеў і, як я разумею, сказаў: ну яго нафіг, ня будзем паказваць. І не паказалі”.

Практычна не было шанцаў і ў стужкі Веслава Раманоўскага “Фэлікс — значыць, шчасьлівы”. Аднойчы Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што ягоны галоўны герой зь ліку палякаў — Фэлікс Дзяржынскі. Відаць, нездарма ў радавы фальварак Дзяржынскіх у Налібоцкай пушчы ўкладзена столькі сродкаў на аднаўленьне сядзібы, а ў дзень супрацоўніка КДБ тут прымаюць прысягу маладыя чэкісты. У фільме ж паказана, кім насамрэч быў Фэлікс Дзяржынскі.

XS
SM
MD
LG