Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь патрэбна Расеі толькі як магчымасьць зарабіць грошы”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007
Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Агляд тэлефанаваньняў за сераду 7 кастрычніка

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” : чаму Расея адмовілася дапамагчы Беларусі з крэдытам у 500 мільёнаў даляраў; ці спраўджваюцца прагнозы эканамічных экспэртаў; што разьядноўвае дэмакратаў”

Вось як зрэагавалі нашыя слухачы на адмову расейскага кіраўніцтва выдзеліць Беларусі раней абяцаны 500-мільённы крэдыт

Валер Курневіч: “Чаму Беларусь ад Расеі крэдытаў болей ня мае? Бо Беларусь наконт незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі адмаўчалася... Расея лічыць, што Беларусь паводзіць сябе, як саюзьніца, па-сьвінску. Трымайся, Беларусь, у даўгі не залазь!”

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня – жыхар Іркуцка, лідэр беларускай дыяспары ў Прыбайкальлі Алег Рудакоў:

Алег Рудакоў
“Працягваецца гульня палітыкаў: хто мацнейшы, хто хітрэйшы ў нейкіх там пытаньнях. У Расеі зьмяніўся падыход да Беларусі. Цяпер яна патрэбная толькі як магчымасьць зарабіць грошы – прадаць нафту з газам, нешта прыбраць да сваіх рук… Напрыклад – нафтаправод, каб ужо больш не заставалася аніякіх пытаньняў. То бок матывацыя адна — эканамічная выгада. Крэмль паказвае беларускаму прэзыдэнту: давай, ідзі нам насустрач, прадавай Беларусь! Тады мы нешта дамо… А як не прадасі, тады й не атрымаеш нічога. Безумоўна, у гэтым гандлі ў Расеі больш эканамічных магчымасьцяў, ёй прасьцей, чым Беларусі, дыктаваць сваё. Тым больш, сёньня асноўная частка беларускіх тавараў ідзе толькі ў Расею. Аднак калі раней нават у нас у Іркуцку была крама абутку “Белвеста”, то цяпер яна зачыненая – усё…”

Няма ладу ня толькі паміж дзяржаўнымі кіраўнікамі. Ідзе палеміка і паміж слухачамі Свабоды. Нават тымі, якія, здавалася б, стаяць поруч, на дэмакратычных пазыцыях.

Спадарыня: “На мой погляд, каманда Баршчэўскага павінна вярнуць Беларускі Народны Фронт пад свой кантроль. А той Беларускі Народны Фронт, які захапіў Мілінкевіч зь Янукевічам, лічыць ілжэ-БНФам!”

Спадарыня, чый голас толькі прагучаў, не ўпершыню крытыкуе прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча. І гэта не засталося не заўважаным іншымі…

Спадарыня: “Чаму такая амаль нянавісьць да Аляксандра Мілінкевіча, адкрытая, у процівагу ўхваленьню Баршчэўскага і зьнявазе новых маладых кіраўнікоў БНФ? Ну, напэўна, зноў праз Мілінкевіча. Прабачце, але непрыемна так гаварыць наогул, не ў маіх правілах. Толькі, відаць, грамадзянская вайна ў Беларусі цяпер прымае часам незразумелыя праявы. А што яна ідзе – факт”.

Сярод “крытычных”, так бы мовіць, званкоў, ёсьць і адрасаваныя непасрэдна Радыё Свабода. Вось адзін з такіх водгукаў

Спадар:
“Як можна па 10 разоў адно і тое ж перадаваць? Вечарам перадаяце, раніцай перадаяце. Вечарам зноў перадаяце адно і тое ж. Няўжо няма больш пра што гаварыць па вашым радыё?”

Праца радыё немагчымая без дапамогі экспэртаў у розных галінах. Слухачы канстатуюць: памыляюцца і яны, асабліва калі размова заходзіць пра эканамічныя прагнозы.

Спадарыня: “Напачатку году эканамісты Багданкевіч і Раманчук прагназавалі далейшае падзеньне беларускага рубля і называлі лічбу ў 4 тысячы беларускіх рублёў за 1 даляр да канца году. Сёньня па ўсім бачна, што гэтага не адбудзецца. Пытаньне да спадароў: што яны цяпер думаюць і ці згодзяцца, што шляхі эканомікі невытлумачальныя і для такіх мэтраў, як яны?”.

Шаноўныя сябры, крыху пазьней – бліжэй да калядаў, мы адмыслова прааналізуем, ці спраўдзіліся выказаныя напачатку году прагнозы свабодаўскіх экспэртаў. Тады й дамо слова спадарам Багданкевічу й Раманчуку.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску - 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG