Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічныя нататкі мільянэра (будучага).

Візыт Сідорскага ў Маскву прайшоў, па традыцыі апошніх месяцаў, загадкава. Даўшы беларускаму прэм'еру публічную лекцыю аб дабрадзействах, якімі Масква (незаслужана) асыпала і працягвае асыпаць свайго блуднага малодшага брата, кіраўнік расейскага ўраду адвёў свайго "калегу" для размовы па сутнасьці за зачыненыя дзьверы. Тэмай размовы, паводле прэсавага сакратара расейскага прэм'ера, акрамя абмеркаваньня нафта-газавых паставак ды ўзаемадзеяньня ў галіне космасу, стала супраца ў рамках агульнай мытнай прасторы.

Менавіта тэма Мытнага саюзу і яго ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА) зьяўляецца ключавым пытаньнем беларуска-расейскіх адносінаў апошніх месяцаў. Уступленьне тройкай ёсьць на сёньняшні дзень адзіным шляхам для Расеі ва УГА. За шанец завяршыць шаснаццацігадовае блуканьне па пакутах перамоваў аб уступленьні ў арганізацыю Расея гатовая сама даць Беларусі магутны штуршок у заходнім кірунку. Беларусь узамен ужо ніколі, як дагэтуль, не пагуляе на “Дажынках”.
Расея гатовая сама даць Беларусі магутны штуршок у заходнім кірунку.

Чаму Расею не пускалі ва УГА?


Існуе цэлы шэраг канфліктных пытаньняў аб гандлёвых саступках, якіх патрабуюць ад Масквы чальцы рабочай групы па ўступленьні ва УГА. Непераадольным, аднак, зьяўляецца толькі рэбус з дазволенымі субсыдыямі сельскай гаспадарцы.

Паводле правілаў УГА, краіна-кандыдат абавязаная на працягу наступных пяці гадоў пасьля ўступленьня істотна скараціць наўпроставыя бюджэтныя датацыі сваёй сельскай гаспадарцы (так званыя датацыі "жоўтага кошыка") . За пункт адліку бярэцца ўзровень субсыдыяў, які існаваў у краіне за тры гады да яе ўступленьня.

Невырашальны аграрны рэбус


Для Расеі гэты пункт непрымальны, бо тры гады таму ўзровень наўпроставых бюджэтных датацыяў аграрна-прамысловаму комплексу (АПК) фэдэрацыі быў надзвычай нізкі. У 2007 годзе, які цяпер разглядаецца перамоўцамі як базавы, гэтыя датацыі складала каля 4-х мільярдаў даляраў. У Беларусі, для параўнаньня, – у паўтара разу больш.

Сёлета Дзьмітрый Мядзьведзеў агучыў маштабную праграму фінансаваньня аграрнага сэктару. На працягу двух гадоў Крэмль плянуе ператварыць Расею з найбуйнейшага ў сьвеце імпартэра харчовых прадуктаў у найбуйнейшага экспартэра. Патэнцыял для гэтага ёсьць, і праграма ўжо дае свае вынікі.

Скарачэньне датацыяў зь сёньняшніх 10 мільярдаў назад да чатырох і ніжэй ва ўмовах адкрытага рынку азначала б разарэньне расейскага АПК у яго зародкавым стане.
Пры ўступленьні Мытнага саюзу ва УГА Масква атрымае права на дадатковых 5 мільярдаў даляраў датацыяў за кошт беларускай квоты.

Падвойнае дно мытнага саюзу


Уступаючы саюзам, Расея дамагаецца таго, каб атрымаць агульную на тры краіны квоту фінансаваньня “жоўтага кошыка”. У рамках тройкі Расея і Казахстан павялічваюць датацыі свайму АПК за кошт Беларусі, якая, пачынаючы з наступнага году, адмовілася ад іх цалкам.

Пры ўступленьні Мытнага саюзу ва УГА, Масква атрымае права на дадатковых 5 мільярдаў даляраў датацыяў за кошт беларускай квоты. Казахстан жа, у якога ўзровень падтрымкі АПК і 3 гады таму быў не малы, – на крыху болей за мільярд датацыяў.

Адначасова з працай Камісіі мытнага саюзу па гарманізацыі імпартных пошлінаў міністэрствы сельскай гаспадаркі Беларусі і Расеі вядуць інтэнсіўную працу для сынхранізацыі сельскагаспадарчай палітыкі. Выгады Беларусі прапануюцца калясальныя (пра гэта – у другой частцы: “Апошніх дажынак”). Але перш, чым зьесьці гэтую рыбку, Менску прыйдзецца добра памачыць ногі.

Цана пытаньня


Каб зрабіць магчымым супольнае ўступленьне ва УГА, Беларусь павінна цягам некалькіх месяцаў прабегчы той шлях рэформаў на адпаведнасьць нормам арганізацыі, які ў Расеі заняў гады. Ключавых пытаньняў некалькі.
Беларусі прапануюцца калясальныя выгады.

  • Уніфікаваць мытны рэжым і гарманізаваць імпартныя пошліны з Расеяй
  • Яшчэ да ўступленьня ва УГА перайсьці на дамоўленую мадэль фінансаваньня АПК
  • Прывесьці працоўнае заканадаўства ў адпаведнасьць з нормамі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП)
  • Правесьці шэраг рэформаў у галіне падаткаабкладаньня і лібэралізацыі інвэстыцыйнага клімату (большасьць патрабаваньняў УГА адпавядаюць рэкамэндацыям МВФ у рамках праграмы, прывязанай да крэдыту стэнд-бай)

Інтэнсіўная праца па першых двух пунктах цяпер вядзецца ў рамках Мытнай камісіі саюзу. У панядзелак Лукашэнка агучыў і рэформу кантрактнай сыстэмы.

Найбольшую занепакоенасьць як Расеі, так і Эўразьвязу выклікае здольнасьць беларускага кіраўніцтва своечасова зрабіць патрэбныя крокі па апошнім пункце. З абодвух бакоў Менску дасылаецца супольны пасыл: аб двухбаковай фінансавай дапамозе гутарка можа ісьці толькі пры ўмове выкананьня структурных рэформаў паводле рэкамэндацыяў МВФ.


Рабочая сустрэча прэм'ераў


Інтэнсіўная праца для гарманізацыі мытнага рэжыму трох краінаў ды прывядзеньня Беларусі ва "ўступальны" выгляд зьяўляецца абсалютным прыярытэтам беларуска-расейскіх стасункаў. На сустрэчы ў Маскве Пуцін правёў першы наўпроставы рабочы інструктаж беларускага кіраўніцтва аб інтэнсіўным графіку неабходных мерапрыемстваў да канца году.

Як беларускія аграрнікі абыдуцца без датацыяў? Што атрымлівае Беларусь за такую паслугу? Пра што ішла гутарка на таямнічых сустрэчах Лукашэнкі з Геншэрам, Мядзьведзевым ды Фратыні? Якую ролю ў гэтым працэсе адводзіць Эўразьвяз беларускай апазыцыі? Адказы на гэтыя пытаньні чытайце ў другой частцы досьледу “Апошнія дажынкі-2”.

******************************************

Стась Івашкевіч працаваў рэгіянальным аналітыкам рынку і мэнэджарам па разьвіцьці кансалтынгавых прадуктаў у сфэры фінансавых інструмэнтаў для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў найбуйнейшых эўрапейскіх кансалтынгавых агенцтвах Euromonitor International Plc i Marcus Evans Plc.

Напісаць аўтару можна на адрас ekanomik@gmail.com.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG