Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маратон Беларускай Атлянтыды: Homo soveticus


Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску – “Homo soveticus”. Удзельнічае філёзаф Алесь Анціпенка.


Паўтор ад 9 студзеня 2009 году.


Homo soveticus (чалавек савецкі) – прадукт камуністычнай таталітарнай сыстэмы. Гэта чалавек, пазбаўлены ўнутранай свабоды. Замбаваны камуністычнай ідэалёгіяй, ён вырозьніваўся ірацыянальнай верай у сьвятасьць камуністычных правадыроў, перамогу камунізму ва ўсім сьвеце, а таксама нянавісьцю да ворагаў народу і сацыялізму.

Homo soveticus – новы чалавек, пазьней -- будаўнік сьветлай будучыні для ўсяго чалавецтва. Сфармаваўся ў СССР да сярэдзіны 1930-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Генэтычна і эвалюцыйна зьвязаны з расейскай патрыярхальнай сьвядомасьцю, саборнасьцю і абшчынным уладкаваньнем расейскага грамадзтва. На нерасейскіх тэрыторыях былога СССР “савок” найбольш яскрава выявіўся там, дзе нацыянальныя адметнасьці карэнных народаў былі найбольш нівеляваныя.
***


Вячаслаў Ракіцкі
Ракіцкі:
А ці няма супярэчнасьці паміж такімі вызначэньнямі? Вы лічыце, што ў аснове “саўка” ляжыць расейская мэнтальнасьць?

Анціпенка: Прататыпам савецкага чалавека зьяўляецца абшчынны чалавек. У аснове савецкай мэнтальнасьці ляжаць некаторыя вельмі істотныя для расейскай гісторыі падмуркі. А менавіта: гаворка ідзе пра патрыярхальную абшчынную сьвядомасьць і пра веру ў справядлівага цара. За савецкім часам бальшавікі аднавілі тую самую мадэль уладкаваньня грамадзтва, якая фактычна існавала ў ХІХ стагодзьдзі ў Расеі.

Ракіцкі: Што такое расейская мэнтальнасьць, зразумець няцяжка. Кожная нацыя мае ўласьцівую ёй мэнтальнасьць. У аснове савецкасьці, паводле вызначэньня, не магла ляжаць нацыянальная прыкмета, хоць камуністы і гаварылі пра савецкую супольнасьць, якая ў пэрспэктыве мусіла замяніць нацыянальнасьць. Што ўласьціва савецкай мэнтальнасьці, якая прыходзіла на зьмену нацыянальнай?

Алесь Анціпенка
Анціпенка:
Гэта мэнтальнасьць чалавека, уштукаванага ў савецкую сыстэму, падпарадкаванага ўладзе. Узгадайма “Сабачае сэрца” Міхаіла Булгакава. Вобразы Швондэра і Шарыкава – гэта вобразы ўласна савецкіх людзей. Савецкі чалавек – гэта перадусім хам, які зьявіўся на палітычнай авансцэне. Гэта чалавек, які пазбаўлены нават самага малога пачуцьця адказнасьці. Гэта чалавек, які прэтэндуе на тое, каб усё паставіць пад свой кантроль.

Ракіцкі: На якім падмурку фармавалася савецкая мэнтальнасьць? Як хутка сфармаваўся савецкі чалавек?

Анціпенка:
Савецкі чалавек адбыўся ўжо да сярэдзіны 1930-х гадоў. І сярод інструмэнтаў, якія фармавалі савецкага чалавека, у першую чаргу былі страх і сыстэма пакараньня, якую мы ведаем у выглядзе ГУЛАГу. Камуністы імкнуліся кантраляваць сям’ю, рэлігію, мову – усе тыя сфэры, дзе магла выявіцца чалавечая індывідуальнасьць. Падмуркам быў і радыкальны разрыў з культурнай традыцыяй. На загад Леніна былі пагружаныя на баржу і выпраўленыя ў эміграцыю расейскія інтэлектуалы. Савецкі чалавек – гэта чалавек без традыцыяў, без апірышча. Гэта чалавек, якім лёгка маніпуляваць.

Цалкам чытаць перадачу ТУТ.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG