Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Балыкін: Цэны будуць больш свабоднымі, але ж яны ня будуць зусім свабоднымі


У міністэрстве эканомікі паведамілі, што пастанова нумар 141, якая ўводзіць рынкавае фармаваньне цэнаў на большасьць тавараў, мае ўступіць у сілу з 28–29 кастрычніка. Пастанова скасоўвае абмежаваньні на гандлёвыя надбаўкі амаль на ўсе віды тавараў. Рэгуляванымі застануцца цэны толькі на 50 відаў сацыяльна значных тавараў: хлеб, мяса, дзіцячае харчаваньне, лекі... Гэта пятая частка асартымэнту беларускіх харчовых крамаў. Госьць “Начной Свабоды” — кіраўнік асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, эканаміст Сяргей Балыкін.


СЛУХАЦЬ:


Соўсь: Спадар Сяргей, пастанова мінэканомікі выглядае крокам ў бок рыначнай эканомікі, як гавораць прадстаўнікі мінэканомікі, гэта
адна з умоваў праграмы эканамічных рэформаў, узгодненых з МВФ, пад якія Беларусь атрымлівае крэдыты. Што, у Беларусі сапраўды будуць свабодныя цэны?

Балыкін: Цэны будуць больш свабоднымі, але ж яны ня будуць зусім свабоднымі. Гэтая пастанова дазваляе рабіць цэны больш высокімі ці больш нізкімі, не рэгулюе гандлёвай надбаўкі, але ўсё адно застаецца неабходнасьць складаць розныя калькуляцыі, розныя паперы, гэтыя цэны абгрунтоўваць. Такія паперы трэба захоўваць, і калі прыйдзе праверка, іх давядзецца паказаць. Але ж каб не парушыць ніякай інструкцыі ў вядзеньні папераў фірма мусіць трымаць нейкага чалавека, які толькі тым і будзе займацца, што складаць калькуляцыі на цэны. Калі будуць нейкія парушэньні — будуць штрафы.

Соўсь: Давайце нашым слухачам на нейкім канкрэтным прыкладзе патлумачым, што будзе пасьля 28 кастрычніка з цэнамі?

Балыкін
: Ня думаю, што будзе істотны рост цэнаў з-за таго, што адмяняецца абмежаваньне па гандлёвых надбаўках. Рост цэнаў можа быць, але ж ён можа быць зь нейкіх іншых прычынаў. Невядома, што будзе з курсам беларускага рубля, таксама невядома, што будзе з эканамічным станам увогуле. А магчыма, што цэны на некаторыя тавары нават і зьнізяцца. Бо зараз і так дастаткова высокія цэны, і ў пакупнікоў няма грошай.

Соўсь: Адпусьціць цэны — гэта толькі адзін з крокаў, рэкамэндаваных МФВ, і многія зь іх непапулярныя сярод насельніцтва, напрыклад, дэвальвацыя беларускага рубля, як вы мяркуеце, наколькі непапулярнай гэтая пастанова мінэканомікі пра ўвядзеньне свабодных цэнаў?

Балыкін: Я лічу, што насельніцтва гэтага нават не заўважыць. Бо насельніцтва не глядзіць на пастановы мінэканомікі ці іншых міністэрстваў, а на цэны ў крамах. А цэны ў крамах залежаць ад агульных умоваў для бізнэсу. Чым прасьцей весьці бізнэс у нейкай краіне, тым ніжэйшыя там цэны. Таму што бізнэс павінен плаціць за адміністратыўныя перашкоды. Напрыклад, рэгуляваньне цэнаў — адна з такіх адміністрацыйных перашкодаў, за якія бізнэс павінен плаціць, і за якія ў выніку плаціць пакупнік.

Соўсь: Пры свабодных цэнах каму будзе цяжэй – дзяржаўным ці прыватным прадпрыемствам?
Каб цэны былі рэальна свабоднымі, трэба, каб нашы чыноўнікі кінулі працаваць.


Балыкін: Цяжка сказаць. Прыватныя прадпрыемствы могуць больш гнутка рэагаваць на рынак, а дзяржаўныя прадпрыемствы маюць падтрымку дзяржавы.

Соўсь: Рэгуляванымі застануцца цэны толькі на 50 відаў тавараў, якія выпускаюць як раз дзяржаўныя прадпрыемствы.

Балыкін: Рэгуляцыя цэнаў зусім не вядзе да іх зьніжэньня. Наадварот, чым больш дзяржава рэгулюе гэтыя цэны, тым больш вытворцы ці гандляры зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя цэны падцяць. Бо як у нас рэгулююца цэны: бярэцца сабекошт, да яго дадаецца пэўны прыбытак, плюс падаткі. Таму вытворцы і гандляры зацікаўленыя ў тым, каб быў больш высокі сабекошт, ка б на яго "накруціць" больш высокі прыбытак. Напрыклад, нельга накруціць прыбытак больш за 30%.

Соўсь: Што трэба зрабіць, каб былі рэальна свабодныя цэны?

Балыкін: Каб было рэальна свабоднае цэнаўтварэньне, трэба ўвогуле адмяніць усе падзаконныя нарматыўныя акты, інструкцыі, указы, пастановы. Нідзе ў рынкавых краінах гэтага няма. Дастаткова аднаго Грамадзянскага кодэксу, які рэгулюе адносіны паміж прадаўцамі і пакупнікамі, ды яшчэ шмат чаго. Ужо гэтага дастаткова, каб эканоміка ў нас была свабодная. Але для гэтага патрэбна, каб нашы чыноўнікі кінулі працаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG