Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўвесь сьвет адзначае Дзень годнай працы. Гэтая дата зь ініцыятывы Міжнароднай фэдэрацыі прафсаюзаў сьвяткуецца другі раз. Прыхільнікі беларускіх незалежных прафсаюзаў адзначаць яе ўпершыню.

Сёньня а 16.30 у менскім парку 50-годзьдзя Кастрычніка пад лёзунгам “За годную працу” незалежныя прафсаюзы правядуць дазволены сталічнымі ўладамі мітынг. Імпрэза прымеркаваная да ўсясьветнага Дня годнай працы, абвешчанага зь ініцыятывы Міжнароднай фэдэрацыі прафсаюзаў. Падчас мітынгу яго ўдзельнікі вымушаныя канстатаваць: няма ніякай падставы казаць, што ў Беларусі ёсьць месца годнай працы -- у тым ліку і таму, што дагэтуль існуе заганная кантрактная сыстэма.

Кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, зь якім я размаўляў у аўторак увечары, гаворыць, што менскія ўлады далі дазвол на сьвяткаваньне:

“Дазволілі нам ладзіць акцыю у парку імя 50-годьдзья Кастрычніка. Менавіта годная праца будзе ў нас заўтра галоўным лёзунгам. Акцыя гэтая праводзіцца на заклік Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў. А мы ўваходзім у яе склад.

Мы лічым, што калі размова ідзе пра годную працу, то няма ніякіх падставаў казаць пра тое, што ў Беларусі ёсьць для яе месца. У тым ліку і таму, што існуе заганная сыстэма кароткатэрміновых кантрактаў”.

Кіраўнік прафсаюзаў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў кажа, што галоўным патрабаваньнем сёньня стане адмена прэзыдэнцкага дэкрэту пра кантрактную сыстэму працы ў Беларусі:

“Наша пазыцыя будзе адназначна абазначаная на мітынгу. Мы стаім на тым, што трэба адмяніць прэзыдэнцкі дэкрэт №29. А працоўныя дамовы трэба заключаць толькі адпаведна з Працоўным Кодэксам Рэспублікі Беларусь. Гэта – наша асноўнае патрабаваньне: адмяніць дэкрэт цалкам!”.

Аляксандар Бухвостаў працягвае:

“Дарэчы, гэта ўпісваецца ў агульны кантэкст барацьбы ўсяго міжнароднага рабочага руху супраць нестандартнай занятасьці. Таму што кантрактная сыстэма. гэтаксама як і аўтасорфінг у працоўных дачыненьнях, як няпоўны працоўны тыдзень, як хатняя праца ды іншае – усё гэта не дае магчымасьці забясьпечыць сацыяльную абарону працоўных. І мы разам з міжнародным прафсаюзным рухам катэгарычна выступаем супраць такіх форм найму”.

Учора ўвечары стала вядома, што мітынг дазволілі прафсаюзам Ярашука, а прафсаюзам Бухвостава – забаранілі, хаця абодва прафсаюзы падавалі заяўку на адно і тое ж месца і на адзін і той жа час. Міліцыя папярэдзіла Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў пра недапушчальнасьць прысутнасьці на мітынгу сымболікі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG