Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана на золата на Нью-Ёркскай таварнай біржы дасягнула ў аўторак самага высокага ўзроўню за гісторыю ($1 045 за унцыю), а курс даляру моцна ўпаў і склаў $1.47 за адзін Эўра.

Гэта адбылося пасьля таго, як у брытанскай газэце The Independent была апублікаваная справаздача, у якой сьцьвярджалася што арабскія краіны, разам з Кітаем, Расеяй, Японіяй і Францыяй распачалі перамовы аб пераходзе пры разьліках за нафту ад даляра да іншых валютаў. Прадстаўнік краінаў АПЭК , аднак, зьняпраўдзіў гэтыя чуткі.

Адначасова з золатам, падняліся і цэны на алюміній ды іншыя тавары. Гэта, паводле эксьпертаў сьведчыць аб аднаўленьні эканамічнай актыўнасьці ў сьвеце.

У падцьверджаньне гэтага выступае і крок Аўтралійскага Нацыянальнага банку, які першы сярод краінаў Вялікай дваццаткі з пачатку сусьветнага крызісу - павысіў стаўку рэфінансаваньня. Гэты крок быў прадыктаваны меркаваньнем ураду пра тое, што эканамічная актыўнасьць у краіне дасягнула такога ўзроўню, што яе ўжо варта прытрымаць. Трэба аднак адзначыць, што Аўстралія адзіная зь ліку разьвітых эканомікаў сьвету змагла пазьбегчы істотных наступстваў глябальнай рэцэсіі.
XS
SM
MD
LG