Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі даступныя і адкрытыя архівы ў Беларусі?


6 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень архівіста — 15 гадоў таму ў гэты дзень быў прыняты закон “Аб Нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь”. Наколькі даступныя архіўныя ўстановы ў Беларусі?

У сучасных беларускіх архівах захоўваецца больш за 12 мільёнаў дакумэнтаў. У Беларусі існуе Дзяржаўная архіўная служба, куды ўваходзіць 169 структурных падразьдзяленьняў, Навукова-дасьледчы інстытут дакумэнтазнаўства і архіўнай справы, Цэнтар электроннай дакумэнтацыі. Прафэсар Адам Мальдзіс сьведчыць, што архіўная справа зарадзілася ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў 16 стагодзьдзі:

Адам Мальдзіс
“Адкуль Літоўская мэтрыка? Зь Нясьвіжу. Яшчэ пры Радзівілах, з 16 стагодзьдзя”.

Дарэчы, зараз вядзецца вялікая праца па рэканструкцыі дакумэнтальнай спадчыны і кніжных збораў Радзівілаў, у якой бяруць удзел архівісты, дасьледчыкі многіх краінаў сьвету. Прафэсар Адам Мальдзіс на пытаньне, ці будзе гэты збор поўным, адказаў так:

“Ніколі ніякі збор не бывае поўным. Але робіцца ўсё салідна, грунтоўна. Тое, што вядома ў Вільні, Хэльсынкі, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Украіне будзе ў віртуальным стане ў адным архіве. Тут архівісты бягуць уперадзе ўсіх”.

Наколькі даступныя архіўныя ўстановы ў Беларусі для дасьледчыкаў-гісторыкаў, для простых грамадзянаў? Гісторык Алег Трусаў, які быў адным з ініцыятараў і распрацоўшчыкаў у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Закону аб архіўнай дзейнасьці, кажа, што ў параўнаньні з савецкім часам доступ да архіваў стаў прасьцейшым:

Алег Трусаў
“Напрыклад, кожны з жыхароў краіны можа даведацца пра свой радавод: альбо заплаціць грошы, і яму знойдуць архівісты, альбо заплаціць невялікія грошы, і самому шукаць. У савецкі час гэта было немагчыма, асабліва для выхадцаў са шляхты, якія хавалі свой радавод. Па-другое, нашы архіўныя фонды сталі больш багацейшыя, знойдзеныя новыя матэрыялы. Нацыянальны архіў пераехаў у новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі — пра што ў савецкі час нават і не марылі, бо архівы былі ў занядбаным стане, у разбураных цэрквах і касьцёлах”.

Літаратуразнаўца Лідзія Савік усё жыцьцё займалася вывучэньнем лёсаў рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў і ня раз ў 1970-80-я гады зьвярталася ў архіў КДБ:

Лідзія Савік
“Мне тады сказалі: “Што вы! Ніякіх архіваў пісьменьніцкіх наагул не захавалася, была вайна, Менск палаў, усё згарэла”. А тады яшчэ жывая была дачка Цішкі Гартнага, ёй таксама тады ўбілі ў галаву, што архівы НКВД усе згарэлі. А ўжо ў 1990-я гады, калі нам дазволілі працаваць у гэтых архівах афіцыйна, нам сталі прыносіць папкі, дзе напісана “Хранить вечно” і “Совершенно секретно”. І мы такога там начыталіся…”

У пачатку 1990-х у архіў КДБ сапраўды дапусьцілі гісторыкаў, журналістаў. Праўда, і тады былі абмежаваньні. Гісторык Ігар Кузьняцоў распавёў, што дасьледчыкам давалі толькі асобныя матэрыялы, і то пад наглядам супрацоўнікаў КДБ:

Ігар Кузьняцоў
“Гісторык мог прыйсьці ў архіў і паглядзець якую-небудзь канкрэтную архіўна-сьледчую справу па пэрсаналіях. Але ніколі ў нас гісторыкаў не дапускалі да нейкіх сыстэмных матэрыялаў: да перапіскі, нарматыўнай базы, справаў супрацоўнікаў НКВД, з усім, што зьвязана з масавымі рэпрэсіямі, месцамі пахаваньняў — ніколі ў гісторыі сучаснай Беларусі такога доступу не было”.

Але пэрыяд адноснай адкрытасьці і публічнасьці быў нядоўгім, — кажа літаратуразнаўца Лідзія Савік:

“Мы своечасова схамянуліся, пералапацілі гэтыя архівы.
Мы своечасова схамянуліся, пералапацілі гэтыя архівы.
Крыху пазьней, у 1993 годзе, калі я зьвярталася, пра нейкіх пісьменьнікаў яшчэ давалі пачытаць. А цяпер я ведаю, што тое-сёе яны перадалі ў Архіў літаратуры і мастацтва, да Ганны Запартыкі. А ўсё астатняе зноў засакрэчана, нічога не даюць цяпер глядзець. Туды доступу няма”.

Што да матэрыялаў па рэпрэсаваных, супрацоўнік КДБ Валеры Надтачаеў сьцьвярджае, што ўсе яны яшчэ ў 1990-я цалкам былі адкрытыя:

“Увесь масіў, які ў нас быў, быў адпрацаваны, і дадзеныя апублікаваныя. Больш матэрыялаў, якія б мы не адпрацавалі і на суд галоснасьці не прадставілі, у нас няма”.

Гісторык Ігар Кузьняцоў, які дасьледуе менавіта пэрыяды рэпрэсій, выказаў наступнае меркаваньне:

“Гэта ўсё няпраўда. З 1996 года па цяперашні час архіў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі наагул закрыты для дасьледчыкаў. Таму што ёсьць дакумэнты закрытыя, якія дасьледчыкам не выдаюцца, іх няма ў пераліку, і мы проста ня ведаем, якія наагул дакумэнты ёсьць у нетрах Нацыянальнага архіва. Таму сёньня дасьледчыкі, якія спрабуюць выйсьці на прычынна-выніковыя сувязі, выйсьці на абагульненьне статыстыкі па рэпрэсаваных, такой магчымасьці на сёньня ня маюць. Ні ў Нацыянальным архіве, ні ў архіве КДБ, які на сёньня зьяўляецца закрытым архівам”.

Ніна Стужынская
Але ня толькі пэрыяд рэпрэсій, дзейнасьць спэцслужб застаюцца па-ранейшаму засакрэчанымі. Гісторык Ніна Стужынская вывучала партызанскі рух, гісторыю Слуцкага паўстаньня. І пераканалася, што нават гэтыя дакумэнты даволі цяжка атрымаць:

“Я, напрыклад, прыйшла ў Менскі абласны архіў і папрасіла партыйныя дакумэнты па Слуцкім акруговым камітэце ў міжваенны час. І мая просьба паставіла супрацоўніцу ў нейкі тупік, яна кажа: “Я ня ведаю, ці адкрытыя яны…”
Прызвычаіліся “быць пільнымі, не даваць, не пушчаць”.
Я пытаюся дакумэнты, якім больш за 80 гадоў. Яны па законе павінны быць адкрытыя! А яна ў такой роспачы, у такім роздуме: ці можна выдаць дакумэнты? Я з гэтым сутыкалася і ў Гомельскім архіве: лепш ня даць, нават калі па законе можна, чым даць гэтыя дакумэнты. Гэта такую насьцярогу ў работнікаў архіваў выклікае! Прызвычаіліся “быць пільнымі, не даваць, не пушчаць”.

6 кастрычніка ВВС паведаміла сэнсацыйную навіну: “Служба бясьпекі Вялікай Брытаніі МІ-5 упершыню ў сваёй гісторыі адкрывае архівы, каб даць гісторыкам магчымасьць разабрацца, чым яна займалася на працягу 100 гадоў існаваньня“. Так, МІ-5 рассакрэціла дасье на лідэра лейбарыстаў, прэм’ер-міністра Гаральда Вільсана, за якім сачылі на працягу 30 гадоў.

Кіраўнік аддзелу па сувязях з грамадзкасьцю КДБ Беларусі Валеры Надтачаеў да гэтай інфармацыі паставіўся зь недаверам:

“Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Што тычыцца гібелі Геса, яны нічога не рассакрэцілі. Так што інфармацыя няпоўная. Тут, мне падаецца, яны выдалі пажаданае за сапраўднае. Дзяржсакрэты ні адна краіна не выдае. Пасьля заканчэньня тэрміну даўніны, які можа доўжыцца нават ня ведаю колькі гадоў (у залежнасьці ад таго, якая інфармацыя там была закладзена), прымаецца рашэньне калегіяльна, на камісіі: захацелі — адкрылі, не захацелі — засакрэцілі далей. Усё, што можна было, мы адкрылі. Наколькі гэта магчыма, мы адкрытыя”.

А вось якія гэтыя тэрміны даўніны, і калі архівы сапраўды, а не наколькі магчыма, будуць адкрытыя, супрацоўнік КДБ не ўдакладніў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG