Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі-Пуцін: пра Лукашэнку ні слова


Сяргей Сідорскі, Уладзімер Пуцін, архіўнае фота.

Сяргей Сідорскі, Уладзімер Пуцін, архіўнае фота.

У Маскве завяршыліся перамовы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Сяргея Сідорскага і Ўладзімера Пуціна.

Спачатку сустрэча адбывалася з удзелам сяброў дэлегацый, а потым “адзін на адзін”. Сяргей Сідорскі падзякаваў Уладзімеру Пуціну за тое, што ён “знайшоў час у шчыльным графіку правесьці сёньня рабочую сустрэчу”. І нагадаў, што дамоўленасьць пра яе была дасягнутая на мерапрыемствах з нагоды пачатку ІІ Усясьветнай вайны ў Польшчы.

Паводле Сідорскага, важна было правесьці гэтую сустрэчу напярэдадні Саўміну саюзнай дзяржавы, які пройдзе 28 кастрычніка. Маўляў, ёсьць шэраг пытаньняў, якія трэба дадаць у будучы парадак дня. Сідорскі прапанаваў Пуціну як старшыні Саюзнага савету міністраў “разгледзець пытаньні, даць даручэньні”. Паводле Сідорскага, галоўнае пытаньне — гэта падпісаны раней плян сумесных дзеяньняў у пераадоленьні ўсясьветнага фінансавага крызісу. Сяргей Сідорскі сказаў, што хацеў бы ўдакладніць шэраг пытаньняў, каб на саюзным Саўміне прыняць канкрэтныя, узважаныя рашэньні.

Адносна таваразвароту з Расеяй Сяргей Сідорскі адзначыў, што гэтая тэма ёсьць сярод 22 пытаньняў, якія трэба разгледзець. Ён адзначыў, што таваразварот упаў больш чым на 40%. Фактычна сёньня за 8 месяцаў “мы ўпалі да ўзроўню 2005 года”. Сідорскі папрасіў абмеркаваць шэраг пытаньняў, каб павялічыць таваразварот цягам астатніх 3 месяцаў.

Таксама ён папрасіў акцэнтавацца на пытаньнях паставак нафты ў Беларусь і яе перапрацоўкі на беларускіх заводах. Ён нагадаў, што беларускі бок накіраваў у расейскае Міністэрства энэргетыкі праграму сумесных дзеяньняў па разьвіцьці паліўна-энэргетычных рэсурсаў. Беларускі прэм’ер папрасіў, каб у парадак дня наступнага паседжаньня была ўключана праграма космасу.

Са свайго боку Ўладзімер Пуцін нагадаў, што ў сьнежні пройдзе пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. А сёньняшняя сустрэча — толькі нагода для абмену інфармацыяй пра тое, “як складваюцца двухбаковыя стасункі і разьвіваюцца кантакты ў сфэры эканомікі”. Ён заявіў, што аб’ём таваразвароту аднаўляецца, а беларускі імпарт у Расею нават павялічыўся. У.Пуцін нагадаў, што Расея прыраўняла беларускіх пастаўшчыкоў да расейскіх пры ажыцьцяўленьні дзяржзакупак. Расейскія тэлеканалы працытавалі свайго прэм'ера:

“Беларусь працягвае карыстацца самымі льготнымі ў СНД, ды і ва ўсім сьвеце, без усялякага перабольшваньня, цэнамі на энэрганосьбіты. Гэта тычыцца і газу. Самыя танныя тарыфы і самыя танныя цэны на газ — у Беларусі. І па нафце — паніжанае мыта, якое дае магчымасьць беларускім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам быць загружанымі поўнасьцю і ажыцьцяўляць дастаткова вялікі аб’ём экспарту, які прыносіць значныя прыбыткі ў цьвёрдай валюце ў беларускі бюджэт”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG