Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Рудакоў: Ня варта чакаць распаду Расеі


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — роздум пра тое, ці варта чакаць распаду Расеі, водгук на сьвяткаваньне 600-годзьдзя Белавескай пушчы, гіпотэза адносна таго, адкуль у чынавенства бяруцца грошы на шыкоўныя катэджы.

Слухачы працягваюць рэагаваць на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы з расейскімі журналістамі.

Спадар: “Дзякуючы вайне, Расея дала незалежнасьць грузінскім рэгіёнам — Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. А як Расеі быць, калі пачнуць здабываць незалежнасьць Камчатка, Прымор’е, Далёкі Ўсход, Татарстан і так далей? Незалежнасьць рэгіёнаў грузінскіх, а потым, мабыць, расейскіх — кепскі прыклад”.

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — жыхар Іркуцку, лідэр беларускай дыяспары ў Прыбайкальлі Алег Рудакоў:

Алег Рудакоў
Алег Рудакоў: “Недзе ў далёкіх 1990-х маглі спрабаваць аддзяліцца тыя самыя Камчатка ці Татарстан. Ды нават тут, у Іркуцку. Кажуць, Сыбір мусіць быць асобная ад Масквы! Але цяпер усё тое — балбатня. Бо зьмяніліся палітычныя дэкарацыі: у нас зноў адна партыя — “Адзіная Расея”, зноў дамінуюць дзяржаўнасьць, патрыятызм. Што да апошняга — дык ёсьць і здаровы патрыятызм, і “ўра-патрыятызм”: маўляў, Расея мусіць быць вялікай краінай! Не выпадкова ў асноўным усё зробленае ў Грузіі падтрымліваецца расейскай большасьцю: “Нарэшце мы паказалі гэтай Грузіі! Нарэшце НАТО нос уцёрлі…” Цяпер тут зноў дамінуе ў асноўным зноў-такі імпэрскі падыход. І выказваюць іншую думку — гэта хіба ці не дзяржаўная здрада: “Ты хто? Адкуль узяўся? Чаму так выказваесься?” Зноў пачынае, паўтаруся,. дамінаваць імпэрскі падыход. Безумоўна — не савецкі. Тут іншае: небясьпечная сумесь дэмакратызацыі й імпэрыялістычнага падыходу”.

Свабоду слухаюць як тыя, хто за дэмакратычныя перамены ў краіне, так і прыхільнікі дзейнай улады.

Спадар: “У Беларусі крызісу няма і ня будзе, бо ў нас ёсьць Лукашэнка!”

А вось фактычна контр-меркаваньне:

Спадар: “Польскія пэнсіянэры, так бы мовіць, плакалі, калі ўваходзілі ў Эўразьвяз, што ня бэндзе ўчорашніх булачак за палову кошту. А нашы старыя ў вёсках атрымліваюць хлеб 2-3 разы на тыдзень, хлеб выпечаны на старых белкаапсаюзаўскіх пякарнях, зімою часта перамерзлы”.

Гэтымі днямі сьвяткуецца 600-годзьдзе запаведнага рэжыму ў Белавескай пушчы. На выходныя там адбыліся афіцыйныя ўрачыстасьці, гучалі абяцаньні берагчы беларускую прыроду…

Спадар: “Лукашэнка заклікае ўсіх туды ехаць па здароўе, але ж чаму куточкі прыроды не захаваць каля кожнай вёскі, пад якімі-небудзь гарадамі. Каля нашай вёскі быў таксама векавы бор. Дык чаму ж пусьцілі ўсё гэта пад корань? Цяпер там такая, кажучы па-расейску, “безжизненная” пляма. І ўвогуле, такое ўражаньне, што гэтых бароў у Беларусі не застаецца”.

Восень — традыцыйна гарачая пара для будаўнікоў: сьпяшаюцца здаць аб’екты да зімы. Аднак у наступным тэлефанаваньні заўвага ня менш істотная, чым пра звыклыя якасьць ці тэрміны будаўніцтва…

Спадар: “Мясцовы начальнік раённы паведаміў, што на рамонт толькі аднаго сельскага Дома культуры заплянавана больш за 4 мільярды рублёў. Задумайцеся, гэта больш за мільён эўра! Мая фірма магла б зрабіць неблагі рамонт за суму, разоў у сто меншую. Можна ўявіць, куды ўцякае рэшта грошай. І гэта толькі адзін сельскі клюб. А ўявіце, лядовыя палацы, якія будуюцца ледзь ня ў кожным раёне. А мы зьдзіўляемся, адкуль гэта катэджы растуць!”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG