Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены дырэктар мэталюргічнага завода ў Магілёве


Магілёўскі мэталюргічны завод
Магілёўскі мэталюргічны завод
У Магілёве звольнены дырэктар мясцовага мэталюргічнага завода Леанід Маркаў. Паводле старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка, ён не спраўляўся са сваімі службовымі абавязкамі. Звальненьне Маркава — першае ў вобласьці за час эканамічнага крызісу.

Апошні год праца мэталюргічнага завода афіцыйнымі крыніцамі падавалася выключна ў нэгатыўным сьвятле. Абласная вэртыкаль крытыкавала кіраўніцтва прадпрыемства за няўменьне прадаваць вырабленае. У жніўні на заводзкім складзе быў назапашаны чатырохмесячны запас прадукцыі.

“Маркаў сёньня не дырэктар Магілёўскага мэталюргічнага завода, бо і мінулым годам не выконваў прагнозных паказьнікаў, і гэтым годам не выконвае”, — заявіў на нарадзе чыноўнікаў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік.

Леанід Маркаў,
фота — infobaza.by.
У прыёмнай дырэктара паведамілі, што звольніўся Маркаў нібыта па ўласным жаданьні і што ўжо прызначаны новы дырэктар, аднак, пагаварыць зь ім не далі — спаслаліся на ягоную занятасьць. Ягонае імя таксама адмовіліся называць.

Раней “Свабода” паведамляла пра сытуацыю на магілёўскім мэталюргічным заводзе. У лютым намесьнік дырэктара Андрэй Варламаў зьвязваў цяжкасьці на прадпрыемстве з сытуацыяй на вонкавых рынках, куды пастаўлялася да 70 працэнтаў вырабленага. Тады на складзе было 52 працэнты незапатрабаванай прадукцыі — стальныя трубы й чыгуннае ліцьцё.

Пётар Мігурскі
Магілёўскі эканаміст Пётар Мігурскі лічыць звальненьне Маркава лягічным вынікам дзейнасьці прадпрыемства, якое працавала на давальніцкай сыравіне. Кіраўніцтва заводу ня здолела дывэрсыфікаваць вытворчасьць й рынкаў збыту, сьцьвярджае эканаміст, аднак, ці яно адно:

“Сытуацыя такая, што цяпер трэба звальняць кожнага другога кіраўніка, аднак, ці дапаможа гэта нашай эканоміцы. Калі ўлада пойдзе на неабгрунтаваныя звальненьні кіраўнікоў, гэта самым нэгатыўным чынам адаб’ецца на выніках працы цэлага рэгіёну, а то і ўсёй Рэспублікі Беларусь”.

Не выключае эканаміст, што звальненьне Маркава стане навукай для іншых прамыслоўцаў. Паводле афіцыйных крыніцаў, аб’ём незапатрабаванай прадукцыі ў рэгіёне вымяраецца сотнямі мільярд рублёў.

Усяго ж на прадпрыемствах Беларусі аб’ём незапатрабаванай прадукцыі складае больш як 6 трыльёнаў рублёў. Найбольш яе на прадпрыемствах машынабудаваньня і мэталяапрацоўкі — больш за тры трыльлёны.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG