Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начальнікаў выганяюць, каб не зьнікла вера ў “добрага цара”


Афіцыйная беларуская статыстыка не публікуе і не камэнтуе зьвесткі пра колькасьць звольненых кіраўнікоў у пэрыяд эканамічнага крызісу. Між тым, паводле паведамленьняў з рэгіёнаў, на тле гаспадарчых праблемаў адбываюцца істотныя кадравыя перастаноўкі.

СЛУЦАК


Аляксандар Драко, які займаў пасаду старшыні Слуцкага райвыканкаму, справакаваў у мінулым верасьні сацыяльны канфлікт і пацярпеў з-за гэтага. Грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошык тлумачыць:

“Пазбавілі наш горад гарачай вады. На пратэст гэтага былі сабраныя 1280 подпісаў і накіраваныя ў адміністрацыю прэзыдэнта. І калі раней у калектыўных лістах была толькі жальба, то цяпер гучалі патрабаваньні пакараць чыноўнікаў”.

І як жа адрэагавалі сталічныя чыноўнікі на калектыўную скаргу?

Зінаіда Цімошык: “У лісьце пэнсіянэру Аляксею Богушу паведамлялася: “Каб зьняць сацыяльную напружанасьць, будзе забясьпечаны графік падачы гарачай вады, а старшыня Слуцкага райвыканкама Аляксандар Драка будзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці”.

Праз колькі дзён слуцкі вэртыкальшчык быў выкрыты ў калектыўнай п’янцы.
Праз колькі дзён слуцкі вэртыкальшчык быў выкрыты ў калектыўнай п’янцы. І толькі пасьля гэтага Лукашэнка адправіў Драко ў адстаўку.

Зінаіда Цімошык: “Гэта зроблена для таго, каб паказаць, што менавіта чыноўнікі на месцах злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі. А адміністрацыя прэзыдэнта і ён сам сочыць за тым, каб у краіне было ўсё добра і служыла інтарэсам людзей.

Ну, вядома — каб у людзей не прападала вера ў добрага цара”.

ВОРША


У час яшчэ не забытай “малочнай вайны” з Расеяй у Беларусі былі звольнены адразу чатыры дырэктары малочных заводаў. Сярод іх — дырэктар Аршанскага малочнага камбінату Уладзімер Грабоўскі. Ці дапамагло звальненьне прадпрыемству?

На прадпрыемстве дагэтуль няма новага кіраўніка, абавязкі дырэктара часова выконвае Алег Кір’янаў. Што да звальненьня былога дырэктара спадара Грабоўскага, то на камбінаце лічаць, што ён стаў закладнікам сыстэмы і выпадковай ахвярай крызісу. Маўляў, уладам трэба было кагосьці паказальна пакараць, і пакаралі дырэктара аршанскага прадпрыемства. На сайце малочнага камбіната нават разьмясьцілі “разьвітальнае слова” да Уладзімера Грабоўскага, пажадаўшы яму новай годнай працы.

На Аршанскім малочным камбінаце згадваюць, што былы кіраўнік імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб разгрузіць склады. У прыватнасьці, за пару тыдняў да ягонага звальненьня на прадпрыемстве распачаўся выпуск прадукцыі пад новымі гандлёвымі маркамі, каб прыцягнуць новых патэнцыйных пакупнікоў.

Так ці інакш, але ні гэтыя, ні іншыя захады не дапамаглі. Толькі тады, калі Расея прыпыніла “малочную вайну”, Аршанскі малочны камбінат пачаў разьбіраць складзкія залежы.

СЛОНІМ


З-за байкоту Расеяй мясной прадукцыі пацярпеў Слонімскі мясакамбінат. Менск адразу абвінаваціў тамтэйшага дырэктара Вячаслава Наруту. Але варта было згаснуць канфлікту, як кіраўнік зноў вярнуўся ў сваё крэсла.

Сярод прычынаў звальненьня спадара Наруты называлі невыкананьне пляну павышэньня рэнтабэльнасьці, а таксама прысутнасьць антыбіётыкаў у прадукцыі. Маўляў, гэта стала адной з прычынаў таго, што расейскія ўлады забаранілі ўвоз мяса ў Расею.

Паколькі Слонімскі мясакамбінат зьяўляецца акцыянэрным таварыствам, на паседжаньні акцыянэраў гэтая прапанова не атрымала падтрымкі. Дарэчы, за дырэктара ўступіўся і калектыў прадпрыемства, былі сабраныя подпісы ў яго падтрымку. Вячаслаў Нарута надалей працуе дырэктарам ААТ “Слонімскі мясакамбінат”.

Даведка “Свабоды”

Паводле дадзеных з розных крыніцаў, у Беларусі падчас эканамічнага крызісу былі замененыя больш як 150 кіраўнікоў розных узроўняў, у тым ліку СПК і перапрацоўчых прадпрыемстваў. У прыватнасьці, толькі ў канцэрне “Беллеспаперабумпрам” сёлета сваіх крэслаў пазбавіліся дырэктары прадпрыемстваў “Рэчыцадрэў”, “Гомельшпалеры”, Добруская папяровая фабрыка “Герой працы”.

Да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнуты кіраўнікі Менскага аўтамабільнага завода, Менскага маторнага завода, БелАЗа, “Амкадора”.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG