Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Без Беларусі ў Эўразьвязе ня мае будучыні”


У мінулых сваіх нататках я распавядаў пра пэўнае адзінадушша польскай палітычнай клясы наконт новай палітыкі адносна Беларусі.
Дзеля аб'ектыўнасьці трэба сказаць, што поўнай згоды ў гэтым пытаньне ў падітычнай эліце Польшчы няма. Напрыклад, прэзыдэнт Лех Качыньскі ставіцца да кантактаў з беларускай уладай на высокім і вышэйшым узроўні са значна большай насьцярогай, чым урад Дональда Туска і МЗС Радаслава Сікорскага. Візыт Сікорскага ў Беларусь у верасьні 2008 году выклікаў рэзкую крытыку з боку прэзыдэнта, паводле ягонага дарадцы ў міжнародных справах Марыюша Хандзьліка прэзыдэнт мяркуе, што ў Беларусі «ня ўсё так добра, як апісвае адміністрацыя беларускага прэзыдэнта, беларускія ўмовы не адпавядаюць польскім і эўрапейскім стандартам«. На думку кіраўніка польскай дзяржавы дадатковы момант, паводле якого ад кантактаў на вышэйшым узроўні варта пакуль устрымлівацца - гэта становішча непрызнаванага ўладамі Саюзу Палякаў Беларусі, кіраванага Анжалікай Борыс.

Але па шчырасьці за такім падыходам я не ўбачыў менавіта палітыкі, дакладней, убачыў захаваньне той лініі, якую Эўропа праводзіла,
Пэрспэктыва далучэньня да аб'янанай Эўропы была моцным “магнітам” польскай палітыкі.
пачынаючы з 1996 году. Ніякіх кантактаў на афіцыйным узроўні з беларускім рэжымам, пакуль ён ня зробіць істотных крокаў у бок дэмакратызацыі. Ну а ён не рабіў і ня робіць.

Важным пунктам пазыцыі прэзыдэнта Качыньскага з'яўляецца адстойваньне неабходнасьці пашырэньня Эўразьвязу на краіны былога СССР, бяз іх, мяркуе кіраўнік Польшчы, Эўропа ня будзе мець будучыні, ня будзе па-сапраўднаму вольнай, ня зможа адыгрываць глябальнай ролі. Можа, спадар прэзыдэнт абсалютна мае рацыю, але, па-першае, ягоныя думкі на гэты конт падзяляюць у Эўропе, мякка кажучы, далёка ня ўсе, а па-другое, і раней Беларусі не казалі, што ёй назаўжды зачынены шлях у ЭЗ. Пэрспэктыва далучэньня да аб'янанай Эўропы была моцным “магнітам” польскай палітыкі, таму што палякі сапраўды гэтага вельмі хацелі і гатовыя былі дзеля гэтага ісьці на сурьёзныя ахвяры. Вялікае пытаньне, ці хочуць гэтага беларусы, ня кажучы ўжо пра гатоўнасьць прыносіць дзеля гэтага ахвяры.


Ці дасьць плён новая палітыка Эўропы?


Зразумела, абсалютных гарантыяў посьпеху не дае ніякая палітыка. І я, і мае калегі задавалі нашым суразмоўцам пытаньне - ну а якія крытэрыі пасьпяховасьці, плёну новай палітыкі Эўропы і Польшчы? Лукашэнка праз 5 гады правядзе татальную прыватызацыю, праз 3 гады правядзе свабодныя выбары? Калі, ў якім выпадку можна будзе сказаць, што палітыка прынесла плён?

“Калі Лукашэнка ня зробіць горшага” - адказаў Эўгеніюш Смоляр. «Дык Вы самі бярэце на сябе ролю ягонага адваката, горш можа быць заўсёды» - спытаў я. Суразмоўца ўсьміхнуўся.

Спадару Білу з Фонду Квасьнеўскага я сказаў, што ён і ягоныя аднадумцы ў чымсьці падобныя на іх апанэнтаў. Прыхільнікі жорсткай лініі адносна Беларусі, палітыкі санкцыяў, ізаляцыі яе кіраўніцтва ў пакараньне за парушэньні правоў чалавека, калі ім закідаюць, што ніякага плёну гэты ціск не дае, адказваюць - пачакайце, раней ці пазьней плён будзе. Прыхільнікі дыялёгу, ўцягваньня беларускай улады ў эўрапейскія справы, размываньня яе маналітнасьці, на пытаньне, калі ж і якія вынікі дадуць гэтыя выдатныя намеры, адказваюць - у пэрспэктыве. Дык чым адны адрозьніваюцца ад іншых?

На гэта мой суразмоўца адказаў гістарычнай аналёгіяй. Пасьля Другой Усясьветнай вайны, калі паўстала Заходняя Нямеччына, а СССР стварыў ГДР, Бон шмат гадоў праводзіў «дактрыну Хальштэйна» (па імені дзяржсакратара МЗС ФРГ, які яе прапанаваў) - ФРГ не прызнавала ГДР і разрывала дыпляматычныя адносіны зь любой краінай (акрамя СССР), якая прызнавала камуністычную Нямеччыну. Пазыцыя была надзвычай прынцыповая і пасьлядоўная. Але гэта не прадухіліла прызнаньня ГДР усімі краінамі сацлягеру і некаторымі
Палітыка - гэта не геамэтрыя, там няма дакладных доказаў і абвяржэньняў.
краінамі “трэцяга сьвету».

Дактрына не давала плёну і стварала пэўныя праблемы самой ФРГ. Можа, яна спрацавала б пазьней, пры пасьлядоўным яе правядзеньні? Можа быць. Толькі гісторыя гэтага не дачакалася. Да ўлады ў Нямеччыне прыйшоў канцлер Віллі Брандт, які павёў новую Ostpolitik - прызнаў ГДР і краіны сацлягеру. Ці дасягнуў ён сваіх мэтам гэтым крокам - сказаць цяжка, але варта зазначыць, што ягоныя апанэнты, калі вярнуліся да ўлады, не зьмянілі гэтую палітыку Брандта.

Так і ў падыходах да Беларусі. Палітыка - гэта не геамэтрыя, там няма дакладных доказаў і абвяржэньняў. Ранейшая палітыка дыскрэдытавала сябе ў вачах многіх (хаця і ня ўсіх), да ўлады ў розных краінах прыйшлі людзі, якія падзяляюць іншыя падыходы, зьмянілася сытуацыя ў сьвеце, на першые месцы ў ацэнках плёну палітыкі адносна Беларусі выйшлі іншыя фактары.

Дарэчы, наконт санкцыяў цікавую гістоыю распавёў Эўгеніюш Смоляр. Пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе ён выступаў у кангрэсе ЗША і заклікаў ня ўвадзіць санкцыі адносна рэжыму Ярузэльскага. І зусім не з сымпатыяў да гэтага рэжыму. Паводле Смоляра санкцыю маюць плён тады, калі яны брутальныя, ўсеабдымныя і …кароткатэрміновыя, калі такім чынам можна хутка паставіць рэжым на калені. Калі гэта не атрымліваецца, калі мэта санкцыяў - доўгатэрміновая ізаляцыя, то яны не набліжаюць, а аддаляюць дасягненьне мэтаў, дзеля якіх яны ўводзяцца. Між іншым, амэрыканцы тады гандлёвыя санкцыі супраць рэжыму ваеннага становішча ўсё ж увялі і трымалі ажно да падзеньня камуністычнай улады. Але ж у Польшчы была «Салідарнасьць»…

Пра стаўленьне польскай палітычнай эліты да Саюзу Палякаў Беларусі, да санкцыяў адносна кіраўніцтва Беларусі і пра тое, чаму ж палякі цалуюць руку жанчынам – у заўтрашняй нататцы.

Таксама чытайце:
Польскі дзёньнік. Частка 1
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG